Усвядомлена выбіраюць педагагічную прафесію

06.07.2018
У сярэдняй школе № 16 Пінска дзейнічаюць профільныя класы педагагічнай накіраванасці. Іх задача – прыцягнуць найбольш матываваных вучняў да атрымання педагагічнай адукацыі ва УВА.

- Першая профільная група педагагічнай накіраванасці з вывучэннем рускай і англійскай мовы на павышаным узроўні была створана ў 2015 годзе, - расказвае дырэктар сярэдняй школы № 16 Пінска Генадзь Васільевіч Тарэлкін. – За час існавання педагагічных класаў назапашаны карысны вопыт іх дзейнасці: распрацаваны тэматычныя школьныя мерапрыемствы, арганізавана даследчая работа з вучнямі, праведзены спробныя ўрокі па прадметах, наладжана ўзаемадзеянне з Пінскім педагагічным каледжам, філіялам БрДУ імя А.С.Пушкіна, і БДПУ імя Максіма Танка. Вельмі важна, што ў асобе бацькоў мы знайшлі аднадумцаў, якія падтрымліваюць выбар дзяцей і работу кіраўніцтва школы. Дзейнасць педагагічных груп курыруюць намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Марыя Кандратаўна Жук, педагог-псіхолаг Святлана Васільеўна Гаўрук, настаўніца рускай мовы і літаратуры Інга Васільеўна Дубоўская і настаўніца англійскай мовы Іна Мікалаеўна Лявоцкая. Педагогі школы маюць паспяховы вопыт у арганізацыі груп фізіка-матэматычнага, хіміка-біялагічнага і філалагічнага профіляў.

Па словах Г.В.Тарэлкіна, эфектыўнай формай работы са старшакласнікамі сталі факультатыўныя заняткі “Уводзіны ў педагагічную прафесію”, накіраваныя на развіццё ў вучняў матывацыі да педагагічнай дзейнасці, педагагічных здольнасцей, сацыяльнай кампетэнтнасці і псіхалагічнай культуры. Акрамя таго, гэтыя заняткі закліканы фарміраваць у школьнікаў уменні і навыкі па саманавучанні, самавыхаванні і самаўдасканаленні. Мэта заняткаў – стварыць умовы для прафесійнага самавызначэння старшакласнікаў і сфарміраваць у іх пазітыўную ўстаноўку на выбар педагагічнай прафесіі.

- Факультатыў складаецца з 4 модулей: “У свеце педагагічнай прафесіі” (10 клас), “Чалавек, які пазнае: практычная псіхалогія пазнання” (10 клас), “Я ў педагагічнай прафесіі” (11 клас) і “Пазнай самога сябе” (11 клас), - гаворыць Г.В.Тарэлкін. – Праграма дазваляе педагогам творча падысці да планавання заняткаў у залежнасці ад псіхалагічных асаблівасцей вучняў, арганізацыйных і кадравых рэсурсаў школы.

Выхаванцы педагагічных груп актыўна ўдзельнічаюць у школьным жыцці, дзеляцца разважаннямі на старонках школьнай газеты, вынікова выступаюць на гарадскіх, абласных і рэспубліканскіх конкурсах і канферэнцыях.

- Дзякуючы сістэмнаму і адказнаму падыходу да арганізацыі профільных класаў педагагічнай накіраванасці, палова іх выпускнікоў усвядомлена выбірае педагагічныя спецыяльнасці і працягвае адукацыю ў БДУ, БДПУ імя Максіма Танка і БрДУ імя А.С.Пушкіна, - адзначае Г.В.Тарэлкін. – Прыемна, што, дзякуючы эфектыўнай прафарыентацыі, педагагічныя прафесіі выбіраюць не толькі вучні педагагічных класаў. Так, 8 мінулагодніх выпускнікоў паступілі ва УВА педагагічнага профілю. У 2017/2018 навучальным годзе ў школе працавалі дзве групы педагагічнай накіраванасці ў 10 і 11 класах.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.