З уласным падыходам

24.10.2019
Установы адукацыі шукаюць і прапаноўваюць уласныя спосабы грамадзянска-патрыятычнага выхавання вучняў, зыходзячы з назапашанага вопыту, традыцый і прыярытэтаў. У гімназіі № 2 Баранавіч адной з эфектыўных форм работы ў гэтым напрамку дзейнасці стаў праект шостага школьнага дня “Мы набіраем вышыню”, актуальнасць якога абумоўлена неабходнасцю павысіць цікавасць дзяцей да суботніх мерапрыемстваў і далучыць да іх бацькоў.

- Сацыяльныя партнёры, педагогі і бацькі з’яўляюцца саюзнікамі ў арганізацыі змястоўнага адпачынку вучняў, - расказвае настаўніца англійскай мовы кіраўнік вучэбна-метадычнага аб’яднання класных кіраўнікоў В.А.Каховіч. – Такое супрацоўніцтва дазваляе далучыць падлеткаў да сацыяльна значнай дзейнасці, забяспечыць іх паспяховую адаптацыю ў соцыуме.

Праект рэалізоўваецца ў форме “AIR-квеста” па 5 тэматычных модулях, звязаных паміж сабой: “Верныя небу назаўсёды” (грамадзянска-патрыятычны), “Памятае неба – памятаем і мы” (духоўна-маральны), “Неба выбрала нас” (прафарыентацыйны), “Легендарныя сыны неба” (краязнаўчы) і “Не толькі неба звязала нас” (сямейны). Падлеткі мэтавай групы падзелены на экіпажы “Беларускія віцязі” і “Крылы Беларусі”, кожны з якіх мае сваю маршрутную карту з пунктамі назначэння паводле тэматычных модулей праекта. Маршруты паміж сабой не перасякаюцца.

- На кожны з тэматычных модулей выхаваўчай работы прыходзіцца па 3 суботы, - гаворыць В.А.Каховіч. – У першую суботу экіпажы ўдзельнічаюць у агульным мерапрыемстве, якое аб’ядноўвае 2 розныя тэматычныя модулі. Мерапрыемствы першай суботы кожнага модуля праводзяць педагогі-псіхолагі, сацыяльныя педагогі і рабочая група падлеткаў, якія рыхтуюць вучняў да сустрэчы з сацыяльнымі партнёрамі ў другую суботу. Мерапрыемствы другой суботы ўсіх тэматычных модулей арганізоўваюцца толькі сацыяльнымі партнёрамі. Пасля сустрэчы з імі экіпажы, нягледзячы на розныя маршруты на карце, атрымліваюць аднолькавае заданне, якое неабходна выканаць падчас агульнага конкурснага мерапрыемства ў трэцюю суботу. Сацыяльныя партнёры, запрошаныя на яго, вызначаюць, як экіпажы справіліся з прапанаваным заданнем і прысвойваюць ці не прысвойваюць ім зорку. Пасля мерапрыемства вучні фіксуюць яе на сваёй маршрутнай карце і рухаюцца далей, дзелячыся ўражаннямі ў бартавым журнале экіпажу.

Форма рэалізацыі праекта і яго тэматычная сувязь з авіяцыяй выбраны невыпадкова. Па-першае, гімназія размешчана побач з 61-й знішчальнай авіяцыйнай базай і 558-м авіяцыйным рамонтным заводам, што дазваляе наладзіць з імі цеснае тэрытарыяльнае ўзаемадзеянне. Па-другое, ва ўстанове вучацца дзеці з сем’яў лётчыкаў, інжынераў-канструктараў, авіямеханікаў, бортінжынераў і штурманаў, у якіх захоўваюцца працоўныя традыцыі і працягваюцца сямейныя дынастыі. Мікрараён Авіягарадок, дзе пражывае большасць вучняў, з’яўляецца ўнікальным кутком авіяцыі. Тут кожная вуліца захоўвае сваю гісторыю. Але многія дзеці не ведаюць знакамітых людзей, чыё жыццё звязана з гэтымі мясцінамі, і не заўсёды цікавяцца гісторыяй і традыцыямі малой радзімы. Праект закліканы вырашыць гэтую праблему.

У рамках праекта падлеткі наведваюць музей імя Героя Беларусі У.Карвата, удзельнічаюць у конкурсах інсцэніраванай патрыятычнай песні “Рыцарам пятага акіяна прысвячаецца…” і сямейных калажаў “Шляхі бацькоў – дарогі сыноў”, анлайн-віктарыне “Уклад авіяцыі ў Вялікую Перамогу”, прафесійных спробах “Профі” на 61-й авіяцыйнай знішчальнай базе, акцыі “Ад сэрца да сэрца” па аказанні дапамогі пажылым лётчыкам-афіцэрам, ландшафт-арыентаванні па гарадскіх вуліцах, названых у гонар лётчыкаў, тэатры-экспромце “Калі б я стаў лётчыкам…”, інтэрактыўнай гульні “Сачыні свой лёс у лёсе малой радзімы”, сямейнай гасцёўні “Працоўная дынастыя нашай сям’і”, фотаконкурсе “Гісторыя мікрараёна ў фотаздымках” і інш.

На думку падлеткаў, адной з самых яркіх і незабыўных старонак праекта з’яўляецца цыкл мерапрыемстваў грамадзянска-патрыятычнага модуля “Верныя небу назаўсёды”, прысвечаных подзвігу сыноў баранавіцкай зямлі – лётчыкаў-снайпераў А.Э.Марфіцкага і А.А.Жураўлевіча. Прагляд відэафільма “Хроніка загінуўшага знішчальніка” заўсёды пакідае ў вучняў незабыўныя ўражанні. Падчас гутаркі “Подзвіг бессмяротны” хлопчыкі і дзяўчынкі разважаюць над тым, з чаго складаецца сапраўдная мужнасць (з гатоўнасці да самаахвяравання ў імя радзімы і народа).

Правёўшы пошукавую работу, гімназісты звязаліся па Skype з Багушэўскай сярэдняй школай імя А.Э.Марфіцкага Сенненскага раёна Віцебскай вобласці для абмену інфармацыяй па біяграфіі аднаго з загінуўшых герояў. Падчас асабістай сустрэчы з дачкой лётчыка-снайпера вучні цікавіліся асабістымі і прафесійнымі якасцямі яе бацькі, яго захапленнях, прафесійнай дзейнасці. Вынікам праведзеных мерапрыемстваў стала публікацыя матэрыялу “Улюбёныя ў неба” ў рэгіянальнай газеце.

- Прыкладам плённага супрацоўніцтва з сям’ёй па фарміраванні актыўнай грамадзянскай пазіцыі падлеткаў з’яўляецца рэалізацыя модуля “Не толькі неба звязала нас”, - расказвае В.А.Каховіч. – Так, сям’я Трацьяковых з пакалення ў пакаленне працягвае працоўныя традыцыі сямейнай дынастыі, шануе і ганарыцца імі. У сямейнай гасцёўні “Сувязь праз пакаленні” лётчыкі расказваюць пра сваю прафесію, першы палёт, асаблівасці абароны паветраных межаў краіны.

Па словах В.А.Каховіч, паспяховасць праекта вызначаецца высокай зацікаўленасцю сацыяльных партнёраў, жыхароў Авіягарадка і былых лётчыкаў.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.