Выхоўваюць на праваслаўных традыцыях

24.10.2019
У гімназіі № 2 Пінска лічаць, што ў выхаванні моладзі на традыцыйных духоўных і маральных каштоўнасцях беларускага народа неабходна аб’яднаць намаганні ўстаноў адукацыі і культуры, грамадскіх і рэлігійных арганізацый, сям’і. Педагогі назапасілі цікавы вопыт ўзаемадзеяння з Пінскай епархіяй у рамках Праграмы супрацоўніцтва паміж Міністэрствам адукацыі Беларусі і Беларускай Праваслаўнай Царквой.

Другі год у гімназіі рэалізоўваецца інавацыйны праект па ўкараненні мадэлі маральнага развіцця вучняў у сучаснай адукацыйнай прасторы на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа з улікам рэгіянальнага сацыякультурнага кластара. Гэты праект стаў лагічным працягам праекта па ўкараненні праграмы факультатыўных заняткаў “Праваслаўныя святыні Беларусі”.

- Праект прадугледжвае аб’яднанне ўсіх выхаваўчых рэсурсаў у адзіны выхаваўчы кластар, які з’яўляецца вынікам работы ўстановы адукацыі з рознымі сацыяльнымі партнёрамі, - расказвае педагог-псіхолаг Г.А.Свірыдзенка. – Так, сумесныя мерапрыемствы з Пінскім каледжам БрДУ імя А.С.Пушкіна накіраваны на выхаванне ў вучняў талерантнасці, паважлівых і добразычлівых адносін да людзей, фарміраванне здольнасці цаніць у сабе і іншых індывідуальнасць. У духоўна-асветніцкім цэнтры “Вытокі”, які дзейнічае ў цэнтральнай бібліятэцы Пінска, на працягу года праводзяцца тэматычныя мерапрыемствы, асветніцкія гутаркі, сустрэчы і канферэнцыі. Інфармацыя пра рэалізацыю праекта размяшчаецца на сайтах гімназіі (gymn2.pinsk.edu.by) і Пінскай епархіі (pinskeparh.by), а таксама ў мясцовых СМІ.

Бацькі вучняў актыўна ўдзельнічаюць у тэматычных вечарах, святах, экскурсійных паездках, выставах матэрыялаў з сямейных архіваў, фотасесіях і рабоце сямейнага клуба “Школа любові”, якія дапамагаюць у маральным развіцці дзяцей, фарміруюць сістэму сямейных каштоўнасцей, талерантнасць, пачуццё ўласнага гонару, уменне разумець сябе і іншых.

Наладжана ўзаемадзеянне з выкладчыкамі і студэнтамі Мінскай духоўнай семінарыі і Інстытутам тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла БДУ, якія аказваюць педагогам метадычную і інфармацыйную падтрымку. Гімназісты ўдзельнічаюць у штогадовым Троіцкім балі праваслаўнай моладзі, што праводзіцца на тэрыторыі храма ў гонар святых благаверных князёў Пятра і Фяўроніі Мурамскіх.

Ва ўстанове адукацыі дзейнічае валанцёрскі атрад “Адкрытыя сэрцы”, члены якога ўдзельнічалі ў сёлетнім маладзёжным злёце “Праваслаўе і сучасная моладзь”. Выхаванцы гімназічнага ўзорнага хору “Пралескі” – пастаянныя ўдзельнікі канцэртаў міжнароднага праваслаўнага фестывалю “Радасць” і абласнога свята “Пасхальныя сустрэчы”.

У рамках работы па маральным развіцці вучняў на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа дзейнічае аб’яднанне па інтарэсах “Праваслаўнае краязнаўства”. Педагогі разглядаюць яго як форму патрыятычнага выхавання, а хрысціянскія прынцыпы як духоўныя арыенціры на жыццёвым шляху моладзі.

Творчая група настаўнікаў распрацавала гісторыка-краязнаўчы праект “Пінск праваслаўны” і падрыхтавала буклет з распрацаванымі і апрабаванымі экскурсійнымі маршрутамі па родным горадзе.

З 2017 года ў гімназіі рэалізоўваецца яшчэ адзін гісторыка-краязнаўчы праект – “Айчыны зямной хараство”, у рамках якога вададзена карта, куды нанесены 8 благачынняў Беларусі.

Педагогі ўпэўнены, што праектная дзейнасць стварае аснову для фарміравання не толькі пазітыўнага ўспрымання духоўна-маральных і гісторыка-культурных каштоўнасцей беларускага народа, але і станоўчага вобраза культуры іншых народаў.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.