Прафарыентацыйныя суботы

28.10.2019
- Апошнім часам на Драгічыншчыне адчуваецца дэфіцыт высокакваліфікаваных кадраў, - гаворыць дырэктар гімназіі Драгічына Л.І.Філанюк. – Выпускнікі ўстаноў адукацыі, у тым ліку нашай, пасля атрымання вышэйшай адукацыі неахвотна вяртаюцца на малую радзіму. Акрамя таго, некаторыя выпускнікі працягваюць адукацыю не па профілі, на якім вучыліся ў старшых класах. Улічваючы гэта, у 2016 годзе ў гімназіі пачалася рэалізацыя рэспубліканскага інавацыйнага праекта па ўкараненні мадэлі дапрофільнай падрыхтоўкі вучняў ва ўмовах узаемадзеяння ўстаноў агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыі, сям’і і соцыуму. Адным са складнікаў праекта стаў праект па арганізацыі шостага школьнага дня “Прафарыентацыйная субота”, які ўключае дзейнасць аб’яднанняў па інтарэсах, спартыўных секцый і клубаў, пазакласныя і агульнагімназічныя мерапрыемствы прафарыентацыйнага характару, кансультацыі педагога-псіхолага, настаўнікаў-прадметнікаў і інш.

Работа з бацькамі вучняў па суботах будуецца на аснове анкетавання і з улікам іх запытаў, выяўленых падчас індывідуальных кансультацый з педагогам-псіхолагам і класнымі кіраўнікамі. Мамам і татам прапаноўваюцца зручныя фарматы ўзаемадзеяння з педагогамі. Так, бацькі могуць наведваць па суботах лекторыі, удзельнічаць у пазакласных мерапрыемствах разам з дзецьмі, гутарыць з класнымі кіраўнікамі і настаўнікамі-прадметнікамі па актуальных праблемах, праводзіць майстар-класы па сваіх прафесіях.

- Асаблівую цікавасць выклікаюць майстар-класы, якія ладзяць бацькі малодшых школьнікаў, - заўважае Л.І.Філанюк. – Так, адзін з татаў, пчаляр-аматар, вучыў дзяцей правілам паводзін з пчоламі, вызначаць натуральнасць мёду і яго раслінны склад. Падчас мерапрыемства яго ўдзельнікі дэгуставалі некалькі сартоў мёду і вызначалі, з чаго ён атрыманы. А вось адна з мам на сваім майстар-класе расказвала, чым займаюцца кухары і кандытары, і вучыла дзяцей прыгожа і нязвыкла афармляць бутэрброды-канапэ.

Шасцікласнікі разам з бацькамі складалі задачы па матэматыцы, якія сустракаюцца ў прафесійнай дзейнасці мам і татаў. Так, адзін з татаў працуе вадзіцелем і вельмі часта ездзіць у камандзіроўкі ў Маскву. Разам з дачкой ён прыдумаў задачу, звязаную са сваёй работай: “Вадзіцелю неабходна пераадолець шлях ад Драгічына да Масквы, працягласць якога складае 990,5 км. Машына расходуе 10 л бензіну на 100 км. Колькі спатрэбіцца бензіну для пераадолення шляху ў Маскву і назад? Чаму роўны кошт паездкі, калі 1 л бензіну каштуе 1,45 рублі?” Мама-кухар з дачкой склалі задачу на працэнты: “Кухару неабходна прыгатаваць 15 порцый біфштэкса па 200 г у кожнай. Колькі неабходна ўзяць мяса, калі вядома, што яно пры варцы губляе 35% сваёй масы. Адказ акругліць да дзясятых”. Задачы былі аформлены ў даследчую работу “Матэматыка ў прафесіях нашых бацькоў”, матэрыялы якой выкарыстоўваюцца на матэматычных віктарынах.

- Пры рэалізацыі праекта мы заўважылі, што бацькі вучняў больш ахвотна ўдзельнічаюць у прафарыентацыйных гутарках, расказваючы пра сваю прафесійную дзейнасць, яе плюсы і мінусы, патрабаванні, якія прад’яўляюцца да спецыялістаў, - расказвае Л.І.Філанюк. – Адной з эфектыўных форм прафарыентацыйнай работы з’яўляецца правядзенне дзелавых гульняў. Так, з васьмікласнікамі адбылася дзелавая гульня, якая раскрывала спецыфіку банкаўскай дзейнасці. Мамы некалькіх вучняў не проста расказвалі пра сваю работу, але і прапаноўвалі дзецям паспрабаваць сябе ў ролі банкаўскіх работнікаў: кантралёра-касіра, аператара кантакт-цэнтра, кансультанта банкаўскага аддзялення, інкасатара.

З бацькамі вучняў 9 – 11 класаў па суботах праводзяцца індывідуальныя кансультацыі з педагогам-псіхолагам, класнымі кіраўнікамі і настаўнікамі-прадметнікамі, падчас якіх педагогі расказваюць пра поспехі дзяцей, іх схільнасці да пэўнай дзейнасці, здольнасці і інтарэсы, рэкамендуюць шляхі далейшага развіцця і працягу адукацыі.

- Бацькі гімназістаў прыцягваюцца да работы ў якасці кіраўнікоў аб’яднанняў па інтарэсах, дзе вучаць іх сталярнай справе, правілам дарожнага руху, рукадзеллю, розным відам спорту, - адзначае Л.І.Філанюк. – Цеснае супрацоўніцтва з мамамі і татамі дазваляе далучыць іх да адукацыйнага працэсу, паказаць значнасць прафесій, якімі яны валодаюць, павысіць іх статус у вачах дзяцей і аднакласнікаў, стварыць для сям’і сітуацыю поспеху.

Павысіць якасць прафарыентацыйнай работы дапамагае таксама цеснае ўзаемадзеянне з арганізацыямі, прадпрыемствамі і ўстановамі Драгічына: цэнтральнай раённай бальніцай, РАУС, раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях, лясгасам, дзіцячай харэаграфічнай школай і дзіцячай школай мастацтваў, ААТ “Экзон”, ААТ “АСБ Беларусбанк”, ААТ “АСБ Белаграпрамбанк”, Абласным аграрна-вытворчым прафесійным ліцэем, ваенна-гістарычным музеем імя К.Д.Удовікава і інш. За 3 гады рэалізацыі праекта пашырыліся адрасы супрацоўніцтва, а яго формы сталі больш актыўнымі. Так, калі спачатку на сустрэчах з прадстаўнікамі прадпрыемстваў і ўстаноў вучні былі пасіўнымі слухачамі, то цяпер госці ладзяць дзелавыя гульні, конкурсы і віктарыны, прапаноўваюць дзецям прымерыць спецадзенне і выканаць заданні. Змяніўся і фармат правядзення экскурсій на прадпрыемствы і ў арганізацыі горада. Падчас іх вучні спрабуюць сябе ў ролі розных спецыялістаў, знаёмяцца з запатрабаванымі прафесіямі, умовамі іх атрымання і неабходнымі прафесійнымі якасцямі.

- Вынікі праекта відавочныя. Так, павысілася роля сям’і ў дапрофільнай і дапрафесійнай падрыхтоўцы вучняў, дзевяцікласнікі больш усвядомлена выбіраюць прадметы для вывучэння на павышаным узроўні ў старшых класах. 90% сёлетніх выпускнікоў працягнулі адукацыю па гімназічным профілі (раней гэты паказчык складаў 75% - 83%). Два выпускнікі ўзялі мэтавыя накіраванні і плануюць пасля заканчэння ўніверсітэтаў вярнуцца на малую радзіму. І няхай гэта невялікія поспехі, але мы разумеем, што ідзём у правільным напрамку. Будзем і надалей пашыраць і паглыбляць сацыяльнае партнёрства па прафарыентацыі вучняў, - падагульняе Л.І.Філанюк.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.