Школа здароўя і развіцця

12.07.2018
- Праблема пагаршэння здароўя дзяцей пры атрыманні адукацыі хвалюе не толькі медыкаў, але і педагогаў, - гаворыць дырэктар гімназіі № 6 імя Маршала Савецкага Саюза Г.К.Жукава Брэста К.К.Калейчык. – Паводле статыстыкі, 30% - 35% дзяцей маюць сур’ёзныя захворванні ўжо пры паступленні ў школу. Інтэнсіфікацыя вучэбнага працэсу і высокія псіхаэмацыянальныя нагрузкі патрабуюць ад дзіцячага арганізма дадатковых адаптацыйных рэсурсаў, пры адсутнасці якіх парушаецца фізічнае і псіхічнае здароўе, фарміруюцца неадэкватныя мадэлі паводзін, зніжаюцца кагнітыўныя і крэатыўныя здольнасці. За час вучобы павялічваецца колькасць дзяцей з парушэннямі зроку і паставы. Пры гэтым назіраецца дакладная залежнасць колькасці і характару парушэнняў у здароўі вучняў ад аб’ёму і інтэнсіўнасці вучэбных нагрузак.

У пачатку мінулага навучальнага года сярод 114 першакласнікаў гімназіі не было дзяцей з хранічнымі захворваннямі, акрамя двух дзяцей-інвалідаў. 98% вучняў мелі 1 і 2 групы здароўя. У першакласнікаў адзначаюцца захворванні сэрца (29%) і ЛОР-органаў (амаль 24%), а таксама захворванні, звязаныя з парушэннямі апорна-рухальнага апарату (калі 55%), маўлення (амаль 16%), зроку (8%) і інш.

- Сённяшнія бацькі прад’яўляюць высокія запыты па фарміраванні бяспечнага адукацыйнага асяроддзя, - адзначае К.К.Калейчык. – Сярод іх: падтрыманне ў бяспечным стане пад’язных шляхоў да гімназіі, выкананне санітарных патрабаванняў, забеспячэнне належнай якасці прыгатаваных страў у сталовай, высокага ўзроўню вучэбнай матывацыі і станоўчага псіхалагічнага клімату ў класах, наяўнасць мер па недапушчэнні ва ўстанову чужых асоб, арганізацыя фіззарадкі і прагулак на свежым паветры і інш. Улічваючы важнасць захавання і ўмацавання здароўя дзяцей, 15 гадоў назад была распрацавана гімназічная праграма “Школа здароўя і развіцця”, якая прайшла рэцэнзаванне на кафедры педагогікі БрДУ імя А.С.Пушкіна. Асноўная мэта праграмы – захаванне і ўмацаванне вучнёўскага здароўя праз эфектыўнае выкарыстанне здароўезберагальных тэхналогій у адукацыйным працэсе. Задачы праграмы: весці прапаганду здаровага ладу жыцця на ўроках і ў пазаўрочнай дзейнасці, арганізаваць работу па прафілактыцы шкодных звычак, ажыццяўляць адрасную сацыяльна-педагагічную і псіхалагічную дапамогу вучням, ствараць сістэму ўліку і кантролю стану дзіцячага здароўя, арганізаваць работу па прафілактыцы прастудных захворванняў і грыпу. У рамках праграмы вывучаюцца запыты бацькоў па фарміраванні бяспечнага адукацыйнага асяроддзя, вучэбныя кабінеты афармляюцца ў адпаведнасці з патрабаваннямі санітарных норм і правіл, выкарыстоўваюцца афтальмалагічныя трэнажоры ў пачатковых класах, дзейнічае спартыўны клуб “Алімпіец”, праводзяцца маніторынгі стану дзіцячага здароўя (два разы ў год) і пропускаў заняткаў па хваробе (штомесяц), рэгулярна абнаўляецца выстава “Дзяцінства” для псіхалагічнай разгрузкі педагогаў, вучняў і бацькоў, працуюць спартыўныя секцыі і аб’яднанні па інтарэсах, наладжваецца абмен вопытам з іншымі ўстановамі адукацыі і інш. Дзякуючы сістэмнай рабоце па здароўезберажэнні, на працягу апошніх 3 гадоў назіраюцца стабільныя паказчыкі ў стане дзіцячага здароўя. Так, летась амаль 70% вучняў мелі добрае і вельмі добрае здароўе. Гэтыя дзеці амаль не хварэлі прастуднымі захворваннямі. Слабае і здавальняючае здароўе назіралася толькі ў 4% вучняў.

Вялікая ўвага ў гімназіі ўдзяляецца афармленню і аснашчэнню кабінетаў. У кожным з іх выкарыстоўваюцца толькі энергазберагальныя лямпы і сучасныя тэхнічныя сродкі. З мэтай прафілактыкі скрыўленняў пазваночніка і скаліёзу прымяняюцца канторкі. У кабінетах пачатковай школы абсталяваны гігіенічныя куткі.

- Праграма дазваляе выкарыстоўваць калектыўныя, групавыя і індывідуальныя формы работы з вучнямі, - расказвае К.К.Калейчык. – У сваёй дзейнасці педагогі актыўна звяртаюцца да здароўезберагальных тэхналогій. Распрацаваны крытэрыі здароўезберагальнага ўрока. Так, пры складанні раскладу заняткаў улічваецца рангавая шкала цяжкасці вучэбных прадметаў. Ацэньваецца ўзровень матывацыі дзяцей і метады яе павышэння, паколькі гэта моцна ўплывае на псіхафізічны стан вучняў. У час урокаў выкарыстоўваюцца актыўныя метады навучання. Прымяненне электронных сродкаў навучання строга рэгламентавана. Пры выбары форм, метадаў і сродкаў навучання абавязкова ўлічваюцца індывідуальныя асаблівасці дзяцей. Важнымі складнікамі ўрока з’яўляюцца фізкультхвілінкі, дынамічныя паўзы і гімнастыка для вачэй.

Дзейнасць гімназіі па фарміраванні здаровага ладу жыцця сярод вучняў скаардынавана з зацікаўленымі ведамствамі і арганізацыямі (дзіцячай паліклінікай, цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі, дзіцяча-юнацкімі школамі алімпійскага рэзерву, Асводам, дзіцячымі грамадскімі аб’яднаннямі), а таксама з прадстаўнікамі ІСН, МНС, ЖЭС і Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Ва ўстанове распрацавана сістэма спартыўна-масавых і фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемстваў. Штогод у гімназіі праводзяцца турыстычныя паходы, конкурс “Самы здаровы клас года”, малыя алімпійскія гульні, спартыўныя святы, эстафеты здароўя, спаборніцтвы па розных відах спорту, тэматычныя выступленні агітбрыгад і тэатралізаваныя паказы. Штогадовае анкетаванне вучняў дазваляе выявіць праблемы і выбраць аптымальныя шляхі іх вырашэння.

- Праграма “Школа здароўя і развіцця” даказала сваю эфектыўнасць. У дзяцей павышаецца цікавасць да заняткаў спортам, фарміруецца культура здаровага ладу жыцця. Зніжаецца колькасць вучняў, якія маюць шкодныя звычкі. Гімназісты набываюць важныя тэарэтычныя і практычныя навыкі, неабходныя для захавання і ўмацавання здароўя, - падагульняе К.К.Калейчык.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.