Пашыраць і ўмацоўваць прафесійныя зносіны

01.11.2019
Сучасныя адукацыйныя тэхналогіі ў змесце дадатковай адукацыі педагогаў сталі прадметам абмеркавання на ІІІ Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, якая на працягу двух дзён праходзіла ў Брэсцкім абласным ІРА з удзелам дэлегацый Роўненскага абласнога інстытута паслядыпломнай педагагічнай адукацыі (Украіна) і Магілёўскага абласнога ІРА.

- Пытанні, звязаныя з удасканаленнем работы адукацыйнай галіны, у тым ліку ў прафесійнай падрыхтоўцы кадраў, з’яўляюцца заўсёды актуальнымі, паколькі ад іх своечасовага вырашэння залежыць паспяховае развіццё грамадства, - адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Ю.М.Прасмыцкі. – Галоўны патэнцыял адукацыі – педагогі, якія павінны адпавядаць запытам часу. Каб дасягнуць высокага прафесійнага майстэрства, неабходна актыўна займацца самаразвіццём, выкарыстоўваць у рабоце сучасныя адукацыйныя тэхналогіі. Дзякуючы міжнародным зносінам і абмену карысным вопытам, можна не толькі ўзаемаабагачацца, але і паспяхова вырашаць агульныя задачы.

Пра важнасць міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы адукацыі гаварыў і генеральны консул Украіны ў Брэсце А.Н.Дыдзенка. Так, установы адукацыі і органы кіравання адукацыяй прыгранічных рэгіёнаў Беларусі і Украіны рэалізоўваюць цікавыя сумесныя праекты, наладжваюць прафесійныя сувязі.

Рэктар Брэсцкага абласнога ІРА А.В.Машчук коратка расказаў пра яго 75-гадовую гісторыю, традыцыі і перспектывы развіцця, выказаў надзею на працяг плённага ўзаемадзеяння не толькі з украінскімі, але і з беларускімі калегамі. Так, у рамках канферэнцыі была падпісана дамова аб супрацоўніцтве з Магілёўскім абласным ІРА.

- Удзельнікі канферэнцыі сабраліся разам, каб параўнаць дзяржаўныя і рэгіянальныя традыцыі і інавацыі ў дадатковай адукацыі дарослых Роўненшчыны, Брэстчыны і Магілёўшчыны, абмяняцца эфектыўным вопытам у галіне павышэння кваліфікацыі кіраўнікоў і педагогаў, вызначыць прыярытэтныя напрамкі прафесійнага ўзаемадзеяння на перспектыву, - адзначыў А.В.Машчук.

Прарэктар па навукова-метадычнай рабоце Роўненскага абласнога ІППА Н.А.Мельнік засяродзіла ўвагу на падрыхтоўцы педагогаў ва ўмовах рэфармавання сістэмы адукацыі Украіны. Так, згодна з Законам “Аб адукацыі”, школьныя настаўнікі могуць мець аўтарскія праграмы навучання, расправаваныя ў адпаведнасці з патрабаваннямі галіновага міністэрства ці выкарыстоўваць адну з некалькіх, прапанаваных ім, вучэбных праграм. Установы адукацыі маюць фінансавую і кіраўніцкую аўтаномію, якая дазваляе дырэктарам весці самастойную кадравую палітыку, выбіраць напрамак дзейнасці школ і інш. Акрамя таго, новы закон прадугледжвае адкрытыя выбары кіраўнікоў устаноў на конкурснай аснове. Так, дырэктар школы выбірацца на 6 гадоў і можа займаць гэтую пасаду не больш за два тэрміны.

Асаблівая ўвага адведзена абавязковай сертыфікацыі педагогаў, кантроль за якой ускладаецца на кіраўнікоў школ. Настаўнікі самі выбіраюць месца і спосаб павышэння кваліфікацыі. Так, педагогі могуць палепшыць прафесійную падрыхтоўку не толькі на базе ўстаноў дадатковай адукацыі дарослых, але і грамадскіх арганізацый, універсітэтаў.

Першы прарэктар Брэсцкага абласнога ІРА С.Р.Рачэўскі вёў гаворку пра ўкараненне сучасных адукацыйных тэхналогій у педагагічную практыку. Прарэктар па знешніх сувязях і маніторынгу якасці адукацыі Роўненскага абласнога ІППА І.В.Вятроў прэзентаваў вопыт інфармацыйна-камунікацыйнай падтрымкі прафесійнай дзейнасці рэгіянальнай метадычнай службы. Рэктар Магілёўскага абласнога ІРА М.М.Жудро расказаў пра асаблівасці адукацыйнай галіны вобласці.

На секцыйных пасяджэннях (“Спалучэнне інавацыйных і традыцыйных тэхналогій навучання і выхавання як адукацыйная магчымасць і неабходнасць”, “Тэхналагічнае забеспячэнне якасці дашкольнай адукацыі і работы ў інклюзіўнай адукацыйнай прасторы”, “Тэхналагічнае забеспячэнне якасці агульнай сярэдняй адукацыі”) разглядаліся пытанні, звязаныя з работай з высокаматываванымі і адоранымі дзецьмі, інтэрактыўным навучаннем, выхаваннем творчай асобы ў школе, інавацыйнай дзейнасцю ўстаноў адукацыі, эфектыўнымі формамі работы з маладымі педагогамі, інклюзіўнай культурай, выкарыстаннем электронных адукацыйных рэсурсаў і інш.

Удзельнікі канферэнцыі пагадзіліся, што ў дадатковай адукацыі дарослых дзвюх краін шмат карысных напрацовак, вартых вывучэння і папулярызацыі. Міжнародныя сувязі ўмацоўваюць прафесійныя зносіны і абагачаюць каштоўным вопытам.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.