Экалагічнае выхаванне – праз даследчую дзейнасць

12.07.2018
Адна з актуальных праблем сучаснасці – пагаршэнне асяроддзя пражывання. Людзі актыўна ўмешваюцца ў прыроду. І наступствы гэтага даволі негатыўныя. Перад чалавецтвам стаяць праблемы, звязаныя з магчымасцю ядзернай вайны і экалагічнай катастрофы. Без захавання прыроды немагчыма выжыванне людзей. Гэта патрабуе новага экалагічнага мыслення дарослых і эфектыўнага экалагічнага выхавання моладзі.

Для развіцця экалагічнай культуры адных вучэбных заняткаў недастаткова. Асваенне асноў экалогіі неабходна спалучаць з пазаўрочнымі мерапрыемствамі, якія паказваюць і фарміруюць каштоўнасць прыроды. Педагагічны працэс павінен уяўляць сабой адзінства навучання, выхавання і развіцця. Менавіта такім чынам можна сфарміраваць экалагічную культуру, якая складаецца з экалагічнай адукаванасці, эмацыянальнай успрымальнасці да навакольнага асяроддзя, экалагічнага мыслення, адэкватных паводзін у прыродзе і гатоўнасці да прыродаахоўнай дзейнасці.

Адной з форм экалагічнага выхавання вучняў з’яўляецца навукова-даследчая дзейнасць. Дзеці выхоўваюцца праз назіранні, эксперыменты, аналітычную работу і г.д. У цэнтры любога даследавання знаходзіцца праблема, якую трэба вырашыць. Аналіз вынікаў – гэта пошук прычыны гэтай праблемы, а вывады і рэкамендацыі прапаноўваюць спосабы яе вырашэння. Займаючыся навукова-даследчай дзейнасцю, школьнікі самі вырашаюць пэўныя экалагічныя праблемы той мясцовасці, дзе пражываюць.

Работа над даследчым праектам пачынаецца з выбару тэмы. Правільна выбраць тэму – значыць напалову забяспечыць яе паспяховае выкананне. Выбар тэмы залежыць ад інтарэсаў вучняў і наяўнага матэрыялу для даследавання. Часам тэма выбіраецца па парадах настаўнікаў ці бацькоў. Бывае, што вучні прапаноўваюць тэмы, якія ім не па сілах. Даволі часта тэмы носяць рэфератыўны характар. Здараецца, што выбраная тэма цікавая, але для даследавання недастаткова матэрыялу. У такім выпадку вучням патрэбна дапамога педагогаў.

Важныя крытэрыі пры выбары тэмы – яе актуальнасць, грамадская значнасць і практычная неабходнасць. Тэму можна сфармуляваць і скарэкціраваць пазней. Удалая фармулёўка ўдакладняе праблему, акрэслівае рамкі даследавання, канкрэтызуе асноўную задуму, ствараючы перадумовы паспяховай работы ў цэлым. Калі тэма будзе адпавядаць гэтым патрабаванням і раскрывацца па законах даследавання, дзеці навучацца суадносіць паняцці “тэма”, “праблема”, “задача даследавання” і “шляхі вырашэння праблемы”. Амаль любая работа пры правільным падыходзе будзе актуальнай. Але гэта магчыма толькі пры ўмове поўнага валодання інфармацыяй.

Арганізацыя вучэбна-даследчай дзейнасці вучняў з мэтай максімальнага раскрыцця яе педагагічнага і развіццёвага патэнцыялу павінна абапірацца на шэраг прынцыпаў: даступнасці (здольнасць дзіцяці выконваць заданне, пасля завяршэння якога ўзнікае адчуванне поспеху ад выніку ўласнай дзейнасці), натуральнасці (праблема павінна быць рэальнай, а не надуманай, выклікаць сапраўдную цікавасць да працэсу даследавання), эксперыментальнасці (пазнанне вучнямі ўласцівасцей чаго-небудзь шляхам усіх аналізатараў, у выніку чаго розныя якасці прадметаў і з’яў успрымаюцца ва ўзаемасувязі і ўсебакова) і самадзейнасці (вучні авалодваюць ходам даследавання і новымі ведамі праз уласны вопыт самастойнай работы).

Можна вылучыць тры асноўныя ўмовы эфектыўнай даследчай дзейнасці. Першая – добраахвотнае жаданне ў правядзенні даследавання як з боку настаўніка, так і з боку вучняў. Другая – магчымасць правядзення даследавання, якое павінен умець выканаць сам педагог. Трэцяя – атрыманне задавальнення ад уласнай работы.

Даследчая дзейнасць носіць праблемны характар і пошукавую накіраванасць. Аб’ектыўнасць і праўдзівасць атрыманых вынікаў забяспечваюцца за кошт сістэматычных комплексных даследаванняў пэўнага аб’екта. Даследаванні спалучаюць тэарэтычныя і практычныя веды.

Выступленні дзяцей з вынікамі сваіх даследаванняў стымулююць іх асобасны рост і садзейнічаюць творчаму самаразвіццю. Не важна, ці прысвяцяць вучні ў далейшым сваю дзейнасць экалогіі. Галоўнае – навучыць іх берагчы і любіць навакольны свет і яго жыхароў, бачыць і цаніць прыгажосць прыроды.

Людміла КАЗАКОВА,

настаўніца біялогіі сярэдняй школы № 8 Пінска.