Яркія імгненні школьнага лета
16.07.2018Сёлета ў лагеры рэалізоўваўся праект “Падарожжа па старой карце”, дзякуючы якому вучні пашырылі веды пра гісторыю малой радзімы. Так, падчас турыстычна-краязнаўчай экспедыцыі ў Пінску школьнікі не толькі наведалі музей Беларускага Палесся, але і правялі першынство лагера па скалалажанні.
У двухдзённым паходзе хлопчыкі і дзяўчынкі замацоўвалі на практыцы турыстычна-краязнаўчыя ўменні і навыкі. Падчас квестаў на вуліцах Брэста і тэрыторыі Брэсцкай крэпасці, спартыўнага арыентавання па гарадскім мікрараёне Дуброўка дзеці вучыліся працаваць з картамі, арыентавацца на мясцовасці, паглыблялі веды па гісторыі і геаграфіі.
Яркія ўражанні пакінулі конкурс “Міс і містар лагера”, трэнінг “Раскажы мне пра мяне”, экскурсія па школьнай экалагічнай сцяжыне “Побач з прыродай”, сустрэча з падпалкоўнікам пагранічнай службы і інш.
Падчас лагернай змены былі распрацаваны 9 настольных гульняў па краязнаўстве, якія можна выкарыстоўваць у далейшым на ўроках і ў пазакласных мерапрыемствах. Заробленыя “віртуальныя” грошы за перамогі ў розных конкурсах і спаборніцтвах вучні абмянялі на сувеніры ў адпаведных суадносінах, павысіўшы тым самым фінансавую дасведчанасць.
Можна не сумнявацца, што юныя краязнаўцы сустрэнуцца ў лагеры і наступным летам, бо гэта весела, цікава і карысна.
***
Падчас сёлетняй аздараўленчай кампаніі ў школьных лагерах Баранавіч праходзіла акцыя “Малая радзіма: эстафета карысных спраў”, накіраваная на максімальнае задавальненне запытаў дзяцей і іх бацькоў у якасных і сацыяльна значных паслугах аздараўлення і адпачынку, раскрыццё індывідуальнага патэнцыялу і сацыяльных ініцыятыў вучняў.
Асаблівы акцэнт у акцыі быў зроблены на развіцці практычнага краязнаўства, дзякуючы якому дзеці адкрывалі для сябе таямніцы і прыгажосць роднага краю. Так, вучні ўдасканальвалі веды пра асаблівасці прыроды і эканомікі малой радзімы шляхам вучэбна-даследчых праектаў, трэнінгаў, творчых конкурсаў і заданняў, добраўпарадкоўвалі розныя тэрыторыі і інш.
У праектах аздараўленчых змен адлюстроўвалася тэматыка Года малой радзімы. Так, у аздараўленчых лагерах з дзённым знаходжаннем, якія працавалі ў сярэдніх школах №№ 7, 13 і 19, гімназіі № 4, рэалізоўваліся праекты “Таямніцы роднага краю”, “Беларускае сузор’е”, “З усмешкай па родным краі” і “Мая радзіма – мая любоў”. У загарадных аздараўленчых лагерах з кругласутачным знаходжаннем “Лясная казка” і “Іса” ажыццяўляліся праекты “Беларусь спартыўная” і “Я лагерам, як малой радзімай, ганаруся, мы
любім нашу Беларусь!”. Акрамя таго, у летніках працавалі куткі “Мая малая радзіма – мой гонар”, “Горад, народжаны чыгункай”, “Квітней, мая родная мова” і “Баранавічы ўчора і сёння”. Усе агульналагерныя акцыі, інфармацыйныя гадзіны і атрадныя мерапрыемствы былі накіраваны на вывучэнне гісторыі і культуры роднага краю.
***
“IQ адпачынку не перашкода” – пад такім дэвізам у ліцэі Івацэвіцкага раёна працаваў сёлетні профільны аздараўленчы лагер “Выдатнік”, які на 9 дзён стаў для 49 школьнікаў раёна тэрыторыяй добрых і карысных спраў.
У першы дзень лагер наведалі “іншапланецяне”, якія хацелі даведацца, чым займаюцца дзеці летам. Касмічныя госці адразу зразумелі, што трапілі на дзіўную планету інтэлекту і эрудыцыі. Зямныя вучні ходзяць летам на заняткі па нямецкай, англійскай, рускай і беларускай мовах, геаграфіі, матэматыцы, хіміі і біялогіі. Кожны дзень у лагеры быў не падобны на папярэдні. “Іншапланецяне” не заўважылі, як паступова сталі часткай дружнага і згуртаванага вучнёўскага калектыву.
Школьнікі ўдзельнічалі ў матэматычным турніры па рашэнні лагічных задач, дзе лепшыя вынікі паказалі Уладзіслаў Ланец, Мікіта Ківель і Настасся Крук, віктарынах і жартоўных конкурсах, глядзелі займальныя кінафільмы, а таксама падарожнічалі па малой радзіме: пабывалі ў мемарыяльным музеі-сядзібе Тадэвуша Касцюшкі, палацы Пуслоўскіх, Івацэвіцкім гісторыка-краязнаўчым музеі, Жыровіцкім манастыры… Даволі цікавымі атрымаліся шашачны і шахматны турніры, дзе перамаглі Мікіта Ківель, Ганна Юнчык, Аляксандра Паўловіч і Мікіта Райко.
Педагог-псіхолаг С.У.Халадовіч і сацыяльны педагог А.В.Духанюк з сацыяльна-педагагічнага цэнтра Івацэвіцкага раёна правялі для вучняў трэнінг “Я і іншыя”, накіраваны на фарміраванне камунікатыўных навыкаў. Нікога не пакінулі раўнадушнымі конкурс малюнкаў па беражлівым выкарыстанні паліўна-энергетычных рэсурсаў, дабрачынная акцыя “Новае жыццё ў абмен на накрыўкі”, мерапрыемства “Смак беларускай мовы”, квест “Мы любім Беларусь” і інш.
***
Выхавальнікі загараднага аздараўленчага лагера “Чайка” ў Ляхавіцкім раёне лічаць, што летнія канікулы – самы лепшы час для развіцця творчых здольнасцей дзяцей, атрымання новых ведаў, удасканалення ўменняў і навыкаў, авалодання новымі сацыяльнымі ролямі і задавальнення пазнавальных інтарэсаў. Задача педагогаў – прапанаваць выхаванцам цікавы і карысны адпачынак на аснове творчых, гульнявых, камунікатыўных і спартыўных відаў дзейнасці. Для вырашэння гэтай задачы быў распрацаваны творчы праект “Новы фармат”, заснаваны на цікавасці вучняў да падарожжаў, прыгод і адкрыцця новага.
Кожны дзень лагернай змены меў сваю тэматыку: “У фармаце знаёмстваў”, “У фармаце адкрыццяў” і інш. Атрады з дапамогай педагогаў ператварыліся ў рэкламныя агенцтвы “Вішня”, “Стыльныя шпількі”, “Зоркі”,
“Модніцы”, Milкy Way і GUCCI. Кожнае з іх мела свае абавязкі, вырабляла пэўную прадукцыю і займалася іншымі відамі дзейнасці.
Галоўным зместам дзіцячага адпачынку сталі здаровы лад жыцця і сацыяльная актыўнасць. Педагогі зрабілі ўсё магчымае, каб выхаваўчы працэс праходзіў цікава, ненавязліва і незаўважна.
***
Сёлета на Ляхавіччыне дзейнічаў профільны палатачны перасовачны турыстычны лагер з кругласутачным знаходжаннем “Рабінзоны” для 20 хлопчыкаў і дзяўчынак.
Лагерныя стаянкі знаходзіліся на тэрыторыі Падлескага дзіцячага сада – базавай школы і загараднага аздараўленчага лагера “Чайка”. 9 дзён юныя рабінзоны жылі на ўлонні прыроды. За гэты час яны навучыліся самастойна ўстанаўліваць палаткі і арганізоўваць бівак, азнаёміліся са знакамітымі мясцінамі раёна, добраўпарадкавалі брацкую магілу воінаў, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны пры вызваленні Ляхавіччыны.
Рабінзонаў чакала шмат цікавых турыстычных выпрабаванняў, якія яны паспяхова вытрымалі. Перапоўненыя станоўчымі эмоцыямі, вучні паабяцалі сустрэцца зноў у наступным годзе.
***
Упершыню на Століншчыне быў арганізаваны перасовачны палатачны лагер з кругласутачным знаходжаннем. Гэта дазволіла вырашыць праблему змястоўнага адпачынку школьнікаў, прапанаваўшы ім новыя формы цікавага вольнага часу.
Лагер працаваў у дзве змены для 35 вучняў 6 – 10 класаў. Школьнікі прайшлі па маршрутах “Струга – Глінка – Рухча – Плотніца” і “Беражное – Лядзец – Хорск – Давыд-Гарадок”, тэматыка якіх была прымеркавана да Года малой радзімы”. Надоўга запомняцца дзецям наведванне страусінай фермы ў вёсцы Струга, торфапрадпрыемства “Глінка” і замка Алешы ў вёсцы Беражное, маляўнічыя пейзажы Рухчанскага возера і замкавай гары ў Давыд-Гарадку.
Лагер падарыў удзельнікам незабыўны адпачынак, новых сяброў, здароўе і безліч станоўчых эмоцый.
Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.