Брэсцкаму абласному інстытуту развіцця адукацыі – 75 гадоў!

15.11.2019
Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР пры Брэсцкім абласным аддзеле народнай адукацыі быў створаны абласны педагагічны кабінет. Пастановай Савета Народных Камісараў БССР № 35 ад 17 студзеня 1941 года гэты кабінет пераўтвораны ў абласны інстытут удасканалення настаўнікаў. Разгортванне яго работы спынілася ў сувязі з Вялікай Айчыннай вайной. Фактычна дзейнасць інстытута пачалася ў жніўні 1944 года, пасля вызвалення Брэста ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Гісторыя інстытута неаддзельная ад пасляваенных пераўтварэнняў і здзяйсненняў у сістэме адукацыі Брэстчыны і ўсёй краіны. Пасля вайны ў школы вярнуліся тысячы настаўнікаў, супрацоўнікам інстытута неабходна было аказаць ім метадычную дапамогу для паспяховага аднаўлення ў прафесіі. У розныя гады інстытут месціўся ў прыстасаваных будынках на вуліцах К.Маркса, Маскоўскай, В.Харужай. Да лекцыйнай работы прыцягваліся лепшыя педагогі, вучоныя Беларусі.

У 1980 – 1988 гадах дырэктарам установы была М.Я.Крашаніннікава, выдатнік народнай адукацыі СССР і БССР, ураджэнка Жабінкаўскага раёна. Да назначэння яна ўзначальвала аддзел народнай адукацыі Брэсцкага райвыканкама, які ў 1979 годзе заняў першае месца ва Усесаюзным сацыялістычным спаборніцтве. Марыі Якаўлеўне давялося сачыць за ўзвядзеннем спецыяльнага будынка па вул. Янкі Купалы, 20/1, куды інстытут пераехаў у маі 1982 года. У студзені 1984 года ў інстытуце адкрыты прафілакторый для правядзення лячэбна-аздараўленчых мерапрыемстваў для настаўнікаў, якія праходзяць навучанне на курсах. З 1998 года функцыянуе комплекс па аказанні аздараўленчых паслуг.

У 1997 годзе рашэннем Брэсцкага аблвыканкама інстытут пераўтвораны ў абласны інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі. У 2003 годзе атрымаў удакладнёную назву “Брэсцкі дзяржаўны інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі работнікаў і спецыялістаў адукацыі”. З 2009 года – дзяржаўная ўстанова адукацыі “Брэсцкі абласны інстытут развіцця адукацыі”, якая з’яўляецца ўстановай адукацыі для дарослых, рэалізуе адукацыйныя праграмы пасляўніверсітэцкай адукацыі педагагічных работнікаў. У інстытуце педагогі ўсіх ступеней адукацыі бесперапынна ўдасканальваюць свае веды, авалодваюць самымі сучаснымі тэхналогіямі навучання. Штогод у інстытуце павышаюць кваліфікацыю больш за 5 тысяч педагогаў па 33 катэгорыях і актуальных напрамках: “Педагагічная дзейнасць у сацыяльна-педагагічных установах”, “Выхаванне у прыёмных сем’ях”, “Выхаванне ў дзіцячых дамах сямейнага тыпу”, “Інтэграванае навучанне і выхаванне”, “Рэзерв кіраўніцкіх работнікаў”, “Атэстацыя педагагічных работнікаў” і інш.

Інстытут штогод праводзіць звыш 60 навукова-метадычных мерапрыемстваў, у якіх прымаюць удзел больш за 4 тысячы работнікаў сістэмы адукацыі вобласці. Сярод іх — рэгіянальны конкурс “Малады настаўнік Брэстчыны”, абласныя этапы рэспубліканскіх конкурсаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” і “Энергамарафон”, абласны фестываль педагагічнага майстэрства, панарамы вопыту эфектыўнай адукацыйнай практыкі і інавацыйна-эксперыментальнай дзейнасці ўстаноў адукацыі, “Эстафета творчасці і майстэрства выхавання навучэнцаў”, абласны конкурс “Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі ў адукацыі” і інш. Інстытут каардынуе работу больш за 1,7 тысячы метадычных фарміраванняў педагогаў – творчых і праблемных груп, школ маладога настаўніка, перадавога педагагічнага вопыту і інш.

У 1984 годзе ў інстытуце быў створаны музей адукацыі Брэстчыны, у якім паказана яе гісторыя з пачатку ХХ стагоддзя. У 2014 годзе намаганнямі метадыста Г.С.Саковіч і іншых супрацоўнікаў былі створаны музейная экспазіцыя і галерэя вопыту “Эфектыўная адукацыя Брэсцкай вобласці”. У музейнай экспазіцыі пашырана тэматыка, цяпер развіццё адукацыі паказана з ХІІІ стагоддзя да канца Вялікай Айчыннай вайны. Стэнды падзелены на 22 раздзелы: “Лаўрэнцій Зізаній і брацкая школа ў Бярэсці”, “Казімір Лышчынскі: педагагічная дзейнасць”, “З думай пра асвету краю: сустрэча Касцюшкі з Песталоці”, “Адам Нарушэвіч: важкі ўклад у развіццё гістарычнай адукацыі і навукі”, “Напалеон Орда: уклад у развіццё музычнай і архітэктурнай адукацыі”, “Палескае Люсіна: тут настаўнічаў Якуб Колас”, “Пінск гімназічны на пачатку ХХ стагоддзя”, “Руская гімназія ў Брэсце”, “Школы Заходняй Беларусі ў 1935 – 1936 гадах”, “Памятаем і шануем вас, школы лясныя...” і інш.

У пачатку 1990-х на чале інстытута стаяў Яўген Мікітавіч Шляжко, па адукацыі настаўнік рускай мовы і літаратуры, ураджэнец Івацэвіцкага раёна. У 1995 – 2009 гадах рэктарам інстытута быў Мікалай Іванавіч Кавалевіч, кандыдат педагагічных навук, па адукацыі настаўнік матэматыкі. Затым установу ўзначаліў Юрый Аляксандравіч Іваноў, кандыдат педагагічных навук, член-карэспандэнт Міжнароднай акадэміі навук педагагічнай адукацыі (Масква). Сённяшні рэктар – Анатоль Васільевіч Машчук, кандыдат гістарычных навук, ураджэнец Брэста.

Матэрыял падрыхтаваў Уладзімір Сухапар,

гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М.Горкага.