Майстэрня бацькоўства

15.11.2019
- Нельга не пагадзіцца з вядомым выслоўем “шукайце ў юнацтве пачаткі добрых спраў і карані зла шукайце таксама ў дзяцінстве”, бо галоўным інстытутам выхавання з’яўляецца сям’я, дзе набываецца пэўны вопыт, які захоўваецца на працягу ўсяго жыцця, - гаворыць намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі № 1 Баранавіч А.А.Савось. – Сям’я можа выступаць не толькі ў ролі станоўчага, але, на жаль, і адмоўнага прыкладу выхавання. Задача школы – мінімізаваць адмоўны ўплыў дарослых.

На працягу 3 гадоў у гімназіі рэалізоўваецца рэспубліканскі інавацыйны праект па ўкараненні мадэлі развіцця псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці бацькоў вучняў, які ажыццяўляецца праз навучальныя заняткі па задавальненні адукацыйных запытаў мам і татаў. У пачатку работы педагогі сутыкнуліся з сур’ёзнай праблемай – нізкай матывацыяй бацькоў, у прыватнасці татаў, па павышэнні ўзроўню псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці.

- Сёння бязбацькавічамі з’яўляюцца не толькі дзеці, якія выхоўваюцца адной маці, - заўважае А.А.Савось. – Сучасныя таты, спасылаючыся на занятасць, праводзяць з дзецьмі вельмі мала часу. Найчасцей роля татаў зводзіцца да зараблення грошай. Але быць татам напаўсілы ці толькі па нядзелях немагчыма. Гэта надзвычай цяжкая праца, якая патрабуе цярпення і мудрасці. Таты моцна ўплываюць на лёсы дзяцей. Нездарма народная мудрасць кажа: “Трымаючыся за руку добрага чалавека, хлопчык амаль ніколі не стане дрэнным”. Так у рамках праекта была створана майстэрня бацькоўства “Плячом у плячо з бацькамі”, неабходнасць якой пацвердзіла адна цікавая гісторыя. Аднойчы педагог-псіхолаг прапанавала дзецям пагуляць з ёй у сям’ю. У пачатку гульні дзяўчынкі хутка размеркавалі паміж сабой ролі мам, бабуль, дачок і сясцёр, а вось хлопчыкі самаўхіліліся ад гульні, паліўчыўшы яе выключна дзявочым заняткам. Ніхто не згаджаўся быць татам. У лепшым выпадку – толькі сынам ці сабачкам. Пасля просьбаў педагога адзін з хлопчыкаў пагадзіўся на ролю таты: лёг на канапу, узяў газету, уключыў тэлевізар, папрасіў не шумець, трохі паспаў і пайшоў гуляць у камп’ютарныя гульні. На пытанне педагога “Што ўмеюць рабіць таты?” дзеці адказвалі: “зарабляць грошы”, “хадзіць на работу”, “лаяць маму”, “караць дзяцей”. Такі стэрэатып сучаснай сямейнай культуры даволі шкодны. Адчуваецца вострая неабходнасць у пабудове новай мадэлі бацькоўства, усвядомленага і адказнага.

Майстэрня бацькоўства стваралася з мэтай набыцця татамі важных ведаў і ўменняў у выхаванні дзяцей, развіцця сацыяльнага партнёрства настаўнікаў, соцыуму і сям’і ў фарміраванні гарманічнай асобы, вырашэння актуальных сямейных праблем для стварэння спрыяльнага псіхаэмацыянальнага клімату ў сям’і, пошуку новых магчымасцей па парытэтным выхаванні дзяцей двума бацькамі, псіхолага-педагагічнай асветы і далучэння татаў да выхаваўчага працэсу.

- Для эфектыўнай работы майстэрні быў распрацаваны алгарытм узаемадзеяння з татамі, які ўключае псіхолага-педагагічнае навучанне, жывую камунікацыю і сацыякультурную дзейнасць у трыядзе “дзеці – бацькі – педагогі”, - расказвае А.А.Савось. – Першым крокам стала інфармацыйная работа. На бацькоўскіх сходах і пасяджэннях папячыцельскага савета і бацькоўскага камітэта гімназіі абгрунтоўвалася важнасць адукацыйнай праграмы для бацькоў, прапаноўваўся маршрут мерапрыемстваў у рамках праекта, вывучаліся запыты татаў на ўдзел у навучальных занятках. Трэба адзначыць, што ў многіх выпадках менавіта мамы вучняў былі зацікаўлены ў тым, каб таты ўмацоўвалі ўпэўненасць ва ўласных выхаваўчых магчымасцях і матывавалі мужоў для ўдзелу ў майстэрні.

На другім этапе вызначыўся асноўны склад удзельнікаў, які можа мяняцца ў залежнасці ад іх адукацыйных запытаў. Першая сустрэча прайшла ў нязмушанай і добразычлівай атмасферы і выклікала ў татаў давер. Пасля некалькіх сустрэч яны высока ацанілі работу гімназіі ў гэтым напрамку дзейнасці і ўжо самі ініцыіравалі цікавыя мерапрыемствы.

На трэцім этапе вывучаўся ўзровень усвядомленага бацькоўства ў татаў (кантрольная работа, недапісаны тэзіс, гутарка), дыягнаставаліся іх адукацыйныя запыты. Эфектыўнасць удзелу татаў у адукацыйным працэсе вывучалася праз анкетаванні, інтэрв’юіраванні, назіранні, апытанні, водгукі.

- Практычны этап уключаў навучальныя заняткі, семінары-трэнінгі і канферэнцыі па запытах бацькоў, - гаворыць А.А.Савось. – Работа пачалася са збору і вывучэння матэрыялаў пра ролю татаў у выхаванні дзяцей. Педагогі правялі навучальныя заняткі “Роля таты ў лёсе дзіцяці” і падрыхтавалі анкету “Ці добры вы тата”, якая дазволіла прааналізаваць свае паводзіны, зрабіць пэўныя высновы і перагледзець узаемаадносіны з дзецьмі. У дапамогу татам былі распрацаваны памяткі “Прынцыпы адносін татаў з дзецьмі”. Вынікі анкетавання вучняў таксама аказаліся карыснымі, бо дазволілі татам убачыць сваю ролю ў сям’і дзіцячымі вачыма.

З мэтай выяўлення татаў, якія валодаюць эфектыўным вопытам сямейнага выхавання, адбылося ток-шоу “Супертата”. А.А.Савось прызнаецца, што спачатку было даволі цяжка знайсці для яго ўдзельнікаў. Татаў доўга ўпрошвалі. Але гэта было варта таго. Мерапрыемства спадабалася і педагогам, і вучням, і іх бацькам. У адрас арганізатараў прагучалі не толькі словы падзякі, але і пажаданні часцей ладзіць такія сустрэчы.

Вялікую цікавасць у бацькоў выклікала фотавыстава “Мы з татай – неразлучныя сябры”, кожная работа якой суправаджалася вершамі і міні-сачыненнямі. Даволі цікава прайшоў фестываль “Свет сямейных захапленняў”, які завяршыўся канферэнцыяй татаў “Мы і нашы дзеці”. Вучні разам з татамі рыхтавалі выставу сямейных калекцый, творчых работ, фотаздымкаў і ўзнагарод, мамы кулінарнічалі, а дзеці паказвалі таленты ў музыцы, танцах і спорце. “Гэта так важна – мець магчымасць не толькі расказаць пра сваю сям’ю, але і паслухаць іншых, узяць штосьці карыснае для сябе ў пытаннях выхавання”, - дзяліліся ўражаннямі бацькі.

- Станоўчыя водгукі матывавалі да правядзення навучальных семінараў-трэнінгаў па запытах мам і татаў “Тэрыторыя бацькоўскай любові і падтрымкі”, “Заахвочваць, нельга, караць” і “Па-за зонай доступу”, якія праходзілі ў форме мазгавога штурму, дыскусіі, праблемных сітуацый і праектаў, - расказвае А.А.Савось. – Таты актыўна далучаліся да сумеснай сацыякультурнай дзейнасці (“Ура! У таты выхадны!”, “Нашы таты разам з намі”, “Мы з татам турысты”).

Педагогі гімназіі знаходзяцца ў пастаянным пошуку новых арганізацыйных форм работы з бацькамі, шукаюць сучасныя падыходы да эфектыўнага ўзаемадзеяння з сем’ямі вучняў. Сярод перспектыўных напрамкаў дзейнасці – правядзенне навучальных заняткаў па запытах бацькоў вопытнымі татамі-прафесіяналамі па розных выхаваўчых праблемах.

- Нягледзячы на тое, што для пераадолення ў татаў стэрэатыпаў у вызначэнні сваёй ролі ў сям’і патрабаваліся немалыя намаганні, сёння назіраецца павышаная цікавасць з іх боку да ўдзелу ў інавацыйным праекце. Мерапрыемствы, праведзеныя ў рамках майстэрні бацькоўства, дазволілі татам адчуць сябе паспяховымі, зірнуць на сваё месца ў выхаванні дзяцей зусім па-іншаму, усвядоміць сваю каштоўнасць у жыцці дзяцей, - падагульняе А.А.Савось.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.