У адзінай інфармацыйнай прасторы
18.07.2018Аснову адзінай інфармацыйнай прасторы школы складае лакальная сетка, якая аб’ядноўвае ўсе вучэбныя кабінеты і памяшканні, дазваляючы аператыўна даводзіць актуальную інфармацыю да калектыву, арганізоўваць зваротную сувязь, захоўваць важную інфармацыю і весці электронны ўнутраны дакументаабарот. Усе кабінеты маюць выхад у інтэрнэт.
- На школьным сайце размешчаны звесткі пра ўстанову і інфармацыя пра педагогаў, вучняў і выпускнікоў, адлюстраваны пазакласныя мерапрыемствы, праекты і конкурсы, - гаворыць А.В.Раўчэня. – Сайт – гэта сродак зносін настаўнікаў, дзяцей і іх бацькоў. Сярод іншых форм інтэрактыўных зносін варта вылучыць віртуальны метадычны кабінет, які дазваляе арганізаваць метадычную прастору для педагогаў і доступ да неабходнай інфармацыі, атрымаць узоры нарматыўных дакументаў і метадычных рэкамендацый. Так, раздзел “Педагагічная майстэрня” створаны з мэтай удасканалення прафесійнага майстэрства настаўнікаў, росту іх творчага патэнцыялу і распаўсюджвання перадавога вопыту. Раздзел утрымлівае важныя нарматыўныя дакументы і вучэбна-метадычныя матэрыялы, у тым ліку ў дапамогу маладым калегам.
Напрацоўкі метадычных аб’яднанняў адлюстраваны ў блогах і дазваляюць педагогам карыстацца неабходнымі матэрыяламі пры падрыхтоўцы да ўрокаў і пазакласных мерапрыемстваў. На думку А.В.Раўчэні, адзінае школьнае і міжшкольнае інфармацыйна-камунікацыйнае асяроддзе, прэзентацыя і папулярызацыя школьнага жыцця і школьных дасягненняў адкрываюць шырокія магчымасці для сучасных настаўнікаў. Так, у блогах змяшчаюцца рэпартажы пра класныя мерапрыемствы і школьныя падзеі, прыводзяцца спасылкі на цікавыя інтэрнэт-рэсурсы, якія дапамагаюць у рабоце, даюцца карысныя парады бацькам па навучанні і выхаванні дзяцей. Акрамя таго, з дапамогай блогаў педагогі дзеляцца асабістым вопытам па вырашэнні розных праблемных сітуацый, даюць рэкамендацыі па сваіх прадметах і інфармуюць вучняў.
- Нашы настаўнікі актыўна ствараюць уласныя блогі, - адзначае А.В.Раўчэня. – Так, даволі цікавым і пазнавальным з’яўляецца блог-партфоліа настаўніцы гісторыі Ганны Іванаўны Пакала, дзе прэзентаваны эфектыўны педагагічны вопыт. У блогу змешчаны творчыя работы вучняў, метадычныя распрацоўкі ўрокаў і класных мерапрыемстваў па прадмеце, інфармацыя пра ўдзел у навукова-даследчай дзейнасці, матэрыялы для падрыхтоўкі да тэсціравання і прадметных алімпіяд. У блогу можна азнаёміцца і з дасягненнямі настаўніцы.
Цікавым напрамкам работы з’яўляецца анлайн-школа. Так, анлайн-навучанне не толькі дазваляе дзецям займацца за камп’ютарам у дамашняй абстаноўцы, але і прывучае іх да самастойнасці і адказнасці, напрыклад, пры выкананні заданняў, атрыманых з-за пропуску заняткаў. Анлайн-школа забяспечвае даступнасць вучэбных матэрыялаў, праграм і дапаможнікаў, магчымасць паўтараць пройдзены матэрыял неабмежаваную колькасць разоў. Дзякуючы анлайн-школе, высокаматываваныя вучні могуць атрымаць больш глыбокія і якасныя веды, а бацькі – дапамагчы дзецям навярстаць прапушчаны матэрыял.
- Трэці год мы выкарыстоўваем праграмны комплекс “Сістэма школьных электронных дзённікаў і журналаў”, які забяспечвае не толькі электронны дакументаабарот ва ўстанове, але і хуткі і зручны доступ да актуальнай інфармацыі пра адукацыйны працэс, - расказвае А.В.Раўчэня. – Комплекс прызначаны для настаўнікаў, вучняў і іх бацькоў. Кожны карыстальнік, зарэгістраваны ў сістэме, мае свой профіль з асабістымі данымі. Праграмны комплекс дазваляе наладзіць зносіны паміж педагогамі, вучнямі і бацькамі ў анлайн-рэжыме, забяспечыўшы тым самым зваротную сувязь паміж усімі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу. Перавагі выкарыстання “Сістэмы школьных электронных дзённікаў і журналаў” відавочныя. Так, сістэма ўтрымлівае праўдзівую інфармацыю пра паспяховасць школьнікаў, дапамагае павысіць яе і палепшыць наведвальнасць заняткаў шляхам узмацнення кантролю з боку бацькоў, якія атрымліваюць бясплатныя смс ці е-mail-паведамленні аб пропуску заняткаў па няўважлівых прычынах. Аператыўная зваротная сувязь настаўнікаў і педагогаў вельмі важная. Акрамя таго, гэтая сістэма павышае цікавасць да вучобы з боку дзяцей, далучае іх да школьнага жыцця і інш.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.