Праграмаванне – з пачатковых класаў

18.07.2018
- Адной з важных тэндэнцый сучаснага свету з’яўляецца ранняе навучанне праграмаванню, - гаворыць настаўнік інфарматыкі В.К.Кахавец з Валішчанскай сярэдняй школы Пінскага раёна. – Імклівае развіццё інфармацыйных тэхналогій патрабуе ад моладзі, каб яна станавілася не толькі актыўным карыстальнікам, але і стваральнікам інфармацыйнага і праграмнага кантэнту. У Фінляндыі, Вялікабрытаніі, Японіі, Ізраілі і Швецыі навыкі праграмавання ў дзяцей фарміруюцца ўжо з пачатковай школы. Многія нашы суседнія краіны пераходзяць да ранняга навучання інфарматыцы ці апрабоўваюць і распрацоўваюць вучэбныя праграмы па інфарматыцы для пачатковай школы.

У 2016 годзе ў Парку высокіх тэхналогій прайшоў круглы стол, прысвечаны праграмаванню ў асяроддзі Scratch. У мерапрыемстве ўдзельнічалі прадстаўнікі айчыннай сістэмы адукацыі, адміністрацыі ПВТ і яго кампаній-рэзідэнтаў. Падчас круглага стала закраналіся розныя праблемныя пытанні. Так, было канстатавана, што вучэбная праграма па інфарматыцы састарэла і не адпавядае інтарэсам развіцця ў Беларусі моцнай ІТ-галіны. Прадмет у тым выглядзе, у якім сёння існуе, не дае вучням глыбокіх ведаў і грунтоўных навыкаў, а дазваляе толькі павярхоўна азнаёміцца з тэматыкай. Школьнікам нецікава вучыцца па існуючай праграме. Дзеці з гуманітарным складам розуму не бачаць сэнсу ў аперыраванні мноствам лічбаў, бо гэта складана і сумна. Па выніках круглага стала стартаваў адукацыйны праект “Праграмаванне – другая дасведчанасць”, арганізаваны Паркам высокіх тэхналогій і Міністэрствам адукацыі Беларусі. Праект прадугледжвае фарміраванне ў вучняў 2 – 6 класаў навыкаў праграмавання ў візуальным падзейна-арыентаваным асяроддзі праграмавання Scratch, базавых уяўленняў пра мовы праграмавання, алгарытмічнага і лагічнага мыслення, а таксама арыентацыі на прафесіі, звязаныя з інфармацыйнымі тэхналогіямі.

У рамках праекта быў распрацаваны поўны комплекс вучэбна-метадычных матэрыялаў (планы-канспекты факультатыўных заняткаў і прэзентацыі да іх, вучэбныя праекты, раздатачныя матэрыялы) для правядзення факультатыўных заняткаў у рамках вучэбных праграм “Творчая дзейнасць у асяроддзі праграмавання Scratch” (2 – 4 класы) і “Стварэнне камп’ютарных гульняў на мове візуальнага праграмавання Scratch” (5 – 6 класы). Сёння праграмаванне ў асяроддзі Scratch на факультатыўных занятках у школах краіны вывучае больш за 5 тысяч вучняў 2 – 6 класаў, з якіх 7,7% - прадстаўнікі Брэстчыны.

У мінулым навучальным годзе Валішчанская сярэдняя школа далучылася да адукацыйнага праекта “Праграмаванне – другая дасведчанасць”, у рамках якога 12 вучняў азнаёміліся з праграмаваннем у асяроддзі Scratch. Дзякуючы праекту, школьнікі заняліся даследчай дзейнасцю. Так, шасцікласнік Леанід Сярэдзіч паспяхова выступіў у раённай навукова-практычнай канферэнцыі з работай “Рэкурсія ў Scratch”. В.К.Кахавец стаў фіналістам конкурсу сярод настаўнікаў “Scratch-майстар – 2018”, які праходзіў у ПВТ.

- Каб стаць удзельнікам праекта, неабходна зарэгістравацца і запоўніць анкету на сайце http://scratch.by/, - расказвае педагог. – Пасля гэтага стануць даступнымі метадычныя матэрыялы, распрацаваныя ў рамках праекта, і форум, дзе можна даведацца шмат цікавага і атрымаць кансультацыю па розных пытаннях. Удзельнікамі праекта могуць быць не толькі настаўнікі інфарматыкі, але і пачатковых класаў, педагогі дадатковай адукацыі. Для знаёмства са Scratch створаны бясплатны анлайн-рэсурс, тэарэтычная частка якога складаецца з кароткіх навучальных відэаролікаў, а практычная – з практыкаванняў розных тыпаў.

Па словах В.К.Кахаўца, у Scratch ёсць значныя перавагі ў навучанні інфарматыцы, чым у PascalABC, які выкарыстоўваецца сёння ў большасці школ. Так, дзеці любяць тэмы, звязаныя з маляваннем і анімацыяй, ахвотна працуюць у графічных рэдактарах, ствараюць прэзентацыі і анімацыйныя ролікі. А вось вывучэнне праграмавання на мове PascalABC праходзіць даволі цяжка. Стваральнікам Scratch удалося сумясціць дзве грані інфарматыкі (цікавую і складаную) у адным асяроддзі праграмавання. Вучні з вялікім задавальненнем знаёмяцца з тым, як з дапамогай розных каманд можна прымусіць рухацца розныя аб’екты на экране. Праграмны код у Scratch больш просты і зразумелы для дзяцей, бо ён рускамоўны і добра структураваны.

- Scratch – вельмі ўдалы інструмент навучання малодшых школьнікаў асновам праграмавання і анімацыі, малявання ў вектарных і растравых рэдактарах. Ён можа выкарыстоўваецца ў шэрагу выпадкаў для распрацоўкі электронных сродкаў навучання, але не падыходзіць для стварэння сур’ёзных праграмных прадуктаў, - падагульняе В.К.Кахавец.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.