У прадпрымальнікі – са школы
02.12.2019“Мы хочам, каб у нашай вёсцы было камфортна і прэстыжна жыць, каб кожны яе жыхар раіў сябрам пераехаць менавіта сюды, у край, дзе захаваная прырода і гісторыя суседнічаюць з сучаснымі тэхналогіямі і магчымасцямі атрымаць добрую адукацыю”, - такі вобраз жаданай будучыні вызначылі дзеці і дарослыя ў 2007 годзе, калі стваралі стратэгію развіцця для сваёй школьнай супольнасці. І, трэба адзначыць, падышлі да справы даволі грунтоўна: азнаёміліся з айчынным і міжнародным вопытам, наведалі шэраг семінараў і трэнінгаў, пабывалі ў адукацыйнай паездцы ў Германіі, наладзілі супрацоўніцтва з прафесійнымі экспертамі ў галіне ўстойлівага развіцця. Вынікам сумесных намаганняў сталі стратэгічныя планы “Школа + вёска: разам да ўстойлівага развіцця” і “Стратэгія ўстойлівага развіцця для Спораўскага сельсавета”. Іх мэта – стварэнне ўмоў для павышэння эканамічнай актыўнасці мясцовага насельніцтва, у тым ліку моладзі.
- Вызначаная стратэгія прадугледжвае комплекснае вырашэнне праблем развіцця ўсімі зацікаўленымі бакамі з улікам сацыяльных, экалагічных і эканамічных эфектаў і наступстваў, - гаворыць намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Здзітаўскай сярэдняй школы Т.С.Ажажа. – У нашай краіне шмат робіцца ў сацыяльнай абароне насельніцтва і арганізацыі яго занятасці праз развіццё малога бізнесу. Дзяржаўныя мерапрыемствы накіраваны на ўстойлівае развіццё рэгіёнаў. Але дасягнуць гэтага магчыма толькі змяніўшы светапогляд людзей. Пакуль малы бізнес не атрымаў належнага развіцця ў Здзітаве. Ёсць неабходнасць у фарміраванні сацыяльнай базы для росту колькасці новых прадпрымальніцкіх структур, падрыхтоўкі кадравага рэзерву малога бізнесу, рэалізацыі комплексу мер па адборы і сацыяльным прасоўванні найбольш актыўных вучняў, развіцці ў іх прадпрымальніцкіх здольнасцей. Так узнікла ідэя праекта “Да ўстойлівага Спораўскага сельсавета – праз павышэнне эканамічнай актыўнасці моладзі (стварэнне маладзёжнага бізнес-інкубатара)”.
На працягу 2 гадоў у школе ўкараняецца мадэль, накіраваная на развіццё культуры прадпрымальніцтва ў адкрытай школьнай супольнасці, фарміраванне прадпрымальніцкіх кампетэнцый вучняў, арганізацыю ўрочнай і пазакласнай дзейнасці, а таксама супрацоўніцтва па павышэнні іх эканамічнай дасведчанасці. Падчас рэалізацыі сумеснай ініцыятывы ў рамках праекта па пашырэнні эканамічных магчымасцей у сельскай Беларусі здзітаўскія школьнікі паглыбілі веды і набылі ўменні ў галіне адкрыцця і вядзення бізнесу, атрымалі практычныя навыкі прадпрымальніцкай дзейнасці. Здзітаўская сярэдняя школа стала базай для арганізацыі маладзёжнага бізнес-інкубатара, удзельнікі якога знаёмяцца з асновамі прадпрымальніцкай дзейнасці, займаюцца веларамонтам і сервісным абслугоўваннем веласіпедаў, раслінаводствам і пчалярствам.
- Сумесная ініцыятыва не абмежавалася толькі пілотнай тэрыторыяй, а выйшла на міжнародны ўзровень, - расказвае Т.С.Ажажа. – Падчас форуму “Да ўстойлівага развіцця Спораўскага сельсавета праз актывізацыю маладзёжнага прадпрымальніцтва”, у якім удзельнічалі італьянскія эксперты, была падпісана дамова аб супрацоўніцтве з асацыяцыяй Acarbio Costiera Amalfitana ACARBIO. Дзякуючы ёй выпускнікі школы могуць ажыццяўляць адукацыйныя візіты ў Італію. Так, сёлета 5 выпускнікоў Здзітаўскай і Спораўскай сярэдніх школ сталі ўдзельнікамі міжнароднага маладзёжнага лагера, дзе моладзь з 6 краін абмяркоўвала магчымасці лакальных прадуктаў у развіцці тэрыторый. Прадстаўнікі Здзітава прэзентавалі вопыт работы школьнага бізнес-інкубатара.
У рамках праекта былі распрацаваны бізнес-планы па арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці па пэўных напрамках, набыты неабходнае абсталяванне і інвентар, наведаны тэматычныя семінары і майстар-класы ў розных рэгіёнах краіны. Так, падчас навучання па напрамку “Веласервіс” будучыя механікі атрымалі веды аб уладкаванні веласіпеда, набылі навыкі дыягностыкі яго няспраўнасцей і падтрымкі двухколавага сябра ў тэхнічна спраўным стане. Сёння дзеці на дабрачыннай аснове аказваюць адпаведную дапамогу сацыяльна неабароненым слаям насельніцтва. У далейшым выпускнікі могуць адкрыць веламайстэрні, якіх няма ў вёсцы.
- Да арганізацыі пчалярскай дзейнасці далучыўся адзін з паспяховых прадпрымальнікаў, які дапамагае вучням спасцігнуць сакрэты работы на пасецы з выкарыстаннем інавацыйных методык, - гаворыць Т.С.Ажажа. – Пчалярская прадукцыя рэалізоўваецца пад лагатыпам “Здзітаўскі фальварак”. Аформлены куток пчаляра, распрацаваны план экскурсій на пасеку для розных узроставых груп дзяцей. Пра паспяховую работу ў гэтым напрамку дзейнасці сведчыць 3-е месца сямікласніцы Дар’і Канановіч у Рэспубліканскай алімпіядзе па пчалярстве і 7-е месца сярод 79 удзельнікаў Х Міжнароднай сустрэчы маладых пчаляроў ІMYB-2019.
З мэтай вывучэння вопыту сельскага прадпрымальніцтва ў галіне раслінаводства школьнікі пабывалі ў Цэнтры сельскага прадпрымальніцтва ў Століне і фермерскай гаспадарцы “Улас” у Жабінкаўскім раёне, дзе набылі саджанцы маліны, клубніц, галубікі і бружмелю. Падчас заняткаў вучні атрымліваюць тэарэтычныя веды і практычныя ўменні па пасадцы пладовых і ягадных культур, доглядзе за імі, асваенні тэхналогіі іх вырошчвання. Па выніках конкурсу “Прыступкі поспеху”, арганізаваным НДЦ “Зубраня” і БДЭУ, Карына Сычык і Ілья Чаховіч паспяхова абаранілі аўтарскі праект у катэгорыі “Падтрымка прадпрымальніцкіх ініцыятыў у вёсцы”, атрымаўшы дыплом ІІ ступені.
- Школьнікі кансультуюць мясцовых жыхароў па пытаннях пасадкі ягадных культур і догляду за імі, - расказвае Т.С.Ажажа. – Сёлета 15 сем’яў вырошчвалі маліну на прысядзібных участках, а 5 сем’яў зацікавіліся пчалярствам. Улічваючы, што ў кожнага вясковага жыхара ёсць прысядзібны ўчастак, заняткі раслінаводствам ці пчалярствам могуць стаць добрай крыніцай дадатковага даходу, а для кагосьці і асноўнай прафесіяй.
З 2017 года ў школе рэалізоўваецца інавацыйны праект Міністэрства адукацыі Беларусі “Укараненне мадэлі арганізацыі адукацыйных практык у інтарэсах устойлівага развіцця з мэтай фарміравання творчага патэнцыялу вучняў”. Яго мэта – распрацоўка кіраўніцкіх механізмаў у гэтым напрамку дзейнасці праз развіццё культуры прадпрымальніцтва ўдзельнікаў адкрытай школьнай супольнасці.
- Работа школы прыносіць рэальную карысць мясцоваму насельніцтву. Акрамя таго, з’яўляюцца дадатковыя адукацыйныя магчымасці для вучняў і педагогаў. Наш калектыў упэўнены, што далейшая дзейнасць у гэтым напрамку забяспечыць устойлівае і збалансаванае развіццё не толькі лакальнай тэрыторыі аднаго з сельскіх рэгіёнаў, але і Беларусі ў цэлым, - падагульняе Т.С.Ажажа.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.