Юныя лесаводы
08.08.2018- Асноўная задача аб’яднання – выхаваць экалагічную культуру школьнікаў, якая ва ўмовах спажывецкага стаўлення да навакольнага свету дапаможа захаваць лясныя багацці для нашчадкаў, - гаворыць А.М.Чэчун. – Любоў да малой радзімы трэба прывіваць змалку, паказваючы дзецям прыгажосць і веліч роднай прыроды праз вывучэнне яе расліннага і жывёльнага свету. Экалагічная культура фарміруецца не столькі на ўроках біялогіі і занятках аб’яднання па інтарэсах, колькі пры непасрэдных зносінах з прыродай. У рабоце з малодшымі школьнікамі выкарыстоўваюцца розныя формы працоўнай, пазнавальнай, доследнай, мастацкай, гульнявой, турыстычна-краязнаўчай і спартыўна-аздараўленчай дзейнасці.
Незаменным памочнікам у экалагічным выхаванні з’яўляецца экалагічная сцяжына “Бабровая” працягласцю 7,3 км, пракладзеная на тэрыторыі Сошненскага лясніцтва. Унікальнасць сцяжыны ў тым, што яе маршрут праходзіць праз розныя прыродныя аб’екты, якія маюць эстэтычную, прыродаахоўную і гістарычную каштоўнасць.
- На сцяжыне арганізоўваецца экскурсійна-гульнявая і пазнавальная дзейнасць малодшых школьнікаў, якая фарміруе ў іх цэласную карціну прыроднага свету і важныя маральныя якасці, - расказвае А.М.Чэчун. – Дзеці палюбяць прыроду і стануць яе памочнікамі толькі тады, калі самі далучацца да яе аховы і абароны. Экалагічныя гульні-падарожжы “Па сцяжыне Берандзея”, “У гасцях у старога Баравічка” і “На паляне казачнага лесу” ўжо даўно з’яўляюцца самымі любімымі мерапрыемствамі не толькі сярод вучняў пачатковых, але і іншых класаў. Падчас гэтых гульняў дзеці знаёмяцца з ляснымі жыхарамі, удзельнічаюць у розных віктарынах пра раслін і жывёл, вучацца быць назіральнымі і адрозніваць птушыныя галасы. Гульнявая дзейнасць дазваляе лёгка і нязмушана далучыць школьнікаў да свету прыроды, адчуць і ўсвядоміць сваю адказнасць за яе насельнікаў. Галоўнае – дзеці самі прыходзяць да разумення таго, што прырода мае патрэбу ў іх дапамозе і абароне, таму з вялікай ахвотай і энтузіязмам удзельнічаюць у акцыях “Чысты лес”, “Домік для птушак” і “Птушыная сталовая”.
“Калодзеж каралевы Боны” – адна з самых цікавых станцый экалагічнай сцяжыны, якая не толькі знаёміць вучняў з ляснымі жыхарамі, але і дазваляе паглыбіцца ў гісторыю малой радзімы. Упершыню калодзеж згадваецца ў 1520 годзе, калі кароль Жыгізмунд Стары падарыў маладой жонцы мясцовую вёску і прылеглыя землі. Паводле падання, каралева Бона ехала спякотным летам па тутэйшых мясцінах, каб агледзець новыя ўладанні. Усе, хто суправаджаў каралеву, пакутавалі ад смагі, але паблізу вады не было. І вось у лясным гушчары Бона заўважыла маленькую крынічку з чыстай халаднаватай вадой.
Каралева загадала выкапаць у гэтым месцы калодзеж, каб напаіць людзей і коней. Ён хутка напоўніўся вадой і існуе ўжо некалькі стагоддзяў. Адметна, што калодзеж не замярзае зімой. Па назіраннях мясцовых жыхароў, калодзежная вада валодае гаючымі ўласцівасцямі. Знаёмячыся з калодзежам, вучні даведваюцца шмат цікавага пра гісторыю роднага краю і яго славутых дзеячаў.
- Экалагічная сцяжына адкрывае бязмежныя магчымасці для вучэбна-пазнавальнай дзейнасці школьнікаў: развівае навыкі даследчай работы і мастацка-літаратурныя здольнасці, пашырае зносіны і фарміруе экалагічна правільныя паводзіны ў прыродзе, знаёміць з рознымі аб’ектамі прыроды і гісторыяй роднай вёскі, - адзначае А.М.Чэчун. – Дзейнасць аб’яднання не абмяжоўваецца толькі экалагічнай сцяжынай. Штогод юныя аматары прыроды актыўна ўдзельнічаюць у шматлікіх экалагічных конкурсах і акцыях. Так, вучні з’яўляюцца пераможцамі абласнога і ўдзельнікамі рэспубліканскага этапаў конкурсу “Юны натураліст”. Але, бадай, самым вялікім дасягненнем членаў аб’яднання стала паспяховае завяршэнне вучобы ў Рэспубліканскай школе актыву юных лесаводаў. На працягу двух гадоў дзеці вывучалі асновы лесазнаўства і лесаводства, а таксама праблемы, з якімі сутыкаюцца сучасныя лесаводы. Сёлета ўдзельнікі гэтай школы паспяхова абаранілі 3 дыпломныя праекты на ўзроўні краіны.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.