Мультымедыйная прэзентацыя для… карэкцыйнага навучання

08.08.2018
Інфармацыйнае грамадства дыктуе новыя псіхолага-педагагічныя падыходы ў рабоце, у тым ліку ў сферы спецыяльнай адукацыі, дзе пад уплывам новых тэхналогій мяняюцца метады навучання і спосабы набыцця ведаў і ўменняў.

Урокі з выкарыстаннем ІКТ не толькі ажыўляюць адукацыйны працэс, але і павышаюць матывацыю да вучобы ў дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю. Асаблівую цікавасць у іх выклікаюць мультыплікацыйныя сюжэты, якія ўзмацняюць увагу за кошт актыўнай работы зрокавага аналізатара. Дзякуючы ІКТ, стымулюецца пазнавальная дзейнасць вучняў.

Сумеснае выкарыстанне інфармацыйна-камунікацыйных і гульнявых тэхналогій дазваляе зрабіць урокі цікавымі і займальнымі. Пры гэтым гульнявы сюжэт развіваецца паралельна з асноўным зместам навучання, дапамагаючы істотна актывізаваць адукацыйны працэс.

ІКТ дазваляюць растлумачыць і паказаць матэматычныя паняцці і спосабы дзейнасці, якія не так эфектыўна праілюстраваны ў традыцыйных сродках навучання. Дзеці свабодна маніпулююць візуальнымі вобразамі рэальных прадметаў. У школьнікаў фарміруюцца ўніверсальныя прыёмы вучэбнай дзейнасці.

Падрыхтоўка ўрокаў для асаблівых дзяцей з выкарыстаннем ІКТ мае пэўныя асаблівасці. Праграма Microsoft Power Point дазваляе самастойна падрыхтаваць мультымедыйны дапаможнік да заняткаў па любой тэме.

Слайды ўяўляюць сабой метадычна правільнае выкладанне новага матэрыялу ў строгай паслядоўнасці. Дыдактычныя матэрыялы могуць быць максімальна разнастайнымі і абнаўляцца так часта, як гэта неабходна педагогу.

Мультымедыйныя прэзентацыі маюць відавочныя перавагі перад традыцыйным прыёмам “дошка – крэйда”: эканомяць вучэбны час, дазваляюць паказаць большы аб’ём інфармацыі, валодаюць лепшай нагляднасцю. Акрамя таго, мультымедыйныя сродкі дазваляюць настаўніку творча выкарыстоўваць пастаўленыя дыдактычныя задачы.

Аўдыё, відэа- і анімацыйныя эфекты кампенсуюць аб’ём інфармацыі, якую дзеці атрымліваюць з вучэбнай літаратуры. Мультымедыйныя слайд-фільмы можна раздрукоўваць на прынтары ў якасці раздатачнага матэрыялу: даведак, памятак і інш.

Форма і месца выкарыстання прэзентацыі залежаць ад зместу ўрока і яго мэт. З дапамогай прэзентацыі можна больш даступна растлумачыць новы матэрыял і праверыць пройдзены, прапанаваць вучням узоры афармлення рашэнняў, запісаць умовы задач, паказаць фрагменты пабудоў геаметрычных фігур, арганізаваць вуснае рашэнне і інш. Так, прэзентацыю “Засваенне нумарацыі лікаў і развіццё колькасных уяўленняў” выкарыстоўваю ў якасці вусных заданняў пры арганізацыі франтальнай работы на ўроку. Пры з’яўленні слайдаў дзеці называюць лік, пасля чаго з дапамогай анімацыі выключаюцца няправільныя адказы з набору прапанаваных варыянтаў і на экран выводзяцца толькі правільныя адказы. Анімацыйныя эфекты (уваход, выхад са знікненнем ці перамяшчэннем) пры дэманстрацыі слайдаў не толькі павышаюць цікавасць вучняў да заданняў, але і дапамагаюць лепш засвоіць новыя веды.

Перавага заданняў, зробленых з дапамогай праграмы Microsoft Power Point, заключаецца ў тым, што асаблівыя вучні пры іх выкананні не адчуваюць стрэсу ў выпадку няўдачы. Шматразовае выкананне трэніровачных заданняў таксама паляпшае засваенне матэрыялу.

З дапамогай слайдаў можна паказваць прыклады і задачы на дошцы, ланцужкі для вуснага ліку, арганізоўваць матэматычныя размінкі і самаправеркі. У пачатковай класах, дзе шмат часу адведзена рашэнню задач, роля нагляднасці асаблівая, бо з’яўляецца сродкам развіцця больш складаных форм канкрэтнага мыслення і фарміравання матэматычных паняццяў. З 1 класа дзеці павінны навучыцца разумець задачы, таму настаўніку даводзіцца маляваць ілюстрацыі, чарцяжы і малюнкі да іх. З дапамогай праграмы Microsoft Power Point гэта зрабіць даволі лёгка.

Якой бы складанай і сумнай ні была тэма ўрока, яна зацікавіць малодшых школьнікаў тады, калі вучэбны матэрыял на экране будзе прадстаўлены ў яркіх фарбах, з гукам і іншымі эфектамі. Работа з мультымедыйнымі прэзентацыямі дазваляе рэалізаваць прынцыпы індывідуалізацыі і дыферэнцыяцыі навучання, а таксама вырашыць задачы, накіраваныя на аднаўленне, карэкцыю і кампенсацыю парушаных функцый у асаблівых вучняў, што, у сваю чаргу, мяняе змест і характар педагагічнага ўзаемадзеяння.

Наталля ЯЗУБЕЦ,

настаўніца пачатковых класаў Хадосаўскай базавай школы Камянецкага раёна.