Інавацыі, эксперыменты…

24.12.2019
Інавацыйная дзейнасць у адукацыі прадугледжвае стварэнне педагагічных новаўвядзенняў, іх укараненне, асваенне, прымяненне і распаўсюджванне. Ёй займаюцца з мэтай змянення сэнсу, мэт і зместу адукацыі, апрабацыі новых форм, метадаў, тэхналогій, сродкаў навучання, сістэмы кіравання і інш. Інавацыйная дзейнасць – адзін з эфектыўных спосабаў удасканалення адукацыйнай практыкі і павышэння якасці адукацыі ў цэлым. Вынікі гэтай дзейнасці актуалізуюць новыя патрабаванні да прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў.

На Брэстчыне склалася эфектыўная сістэма арганізацыі інавацыйнай і эксперыментальнай дзейнасці ва ўстановах адукацыі, якая базіруецца на структурна-функцыянальных сувязях паміж Міністэрствам адукацыі, НІА, АПА, галоўным упраўленнем па адукацыі аблвыканкама, абласным ІРА і раённымі (гарадскімі) аддзеламі (упраўленнямі) па адукацыі. У бягучым навучальным годзе ва ўстановах дашкольнай (7), агульнай сярэдняй (108), спецыяльнай (1), дадатковай (1) і прафесійнай (15) адукацыі рэалізоўваюцца 43 інавацыйныя і 8 эксперыментальных праектаў, арыентаваных на распрацоўку, стварэнне і распаўсюджванне новых адукацыйных мадэлей, прагрэсіўных тэхналогій і форм арганізацыі вучэбнага працэсу.

Павышэнне якасці адукацыі і яе практычнай накіраванасці – адна з актуальных праблем айчыннай сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі. Праблемы, існуючыя ў масавай адукацыйнай практыцы, пры традыцыйных варыянтах арганізацыі адукацыйнага працэсу перашкаджаюць дасягненню належнай якасці адукацыі. На вырашэнне праблем, звязаных з работай з высокаматываванымі і адоранымі вучнямі, накіраваны праект “Укараненне мадэлі “Перавернуты ўрок” як механізму павышэння якасці адукацыі вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі”, які рэалізоўваецца ў Мікашэвіцкай гімназіі імя У.І.Нядзведскага Лунінецкага раёна. Мадэль перавернутага навучання (перавернутага ўрока/класа) – адна з форм змешанага навучання, калі пры выкананні дамашняга задання дзеці самастойна праходзяць тэарэтычны матэрыял у індывідуальным рэжыме і тэмпе работы шляхам падкаста (гукавога ці відэафайла, размешчанага ў інтэрнэце і даступнага для загрузкі на персанальныя прылады для далейшага прагляду), а ў вучэбны час у суправаджэнні настаўніка адпрацоўваюць атрыманыя веды, рашаюць практычныя заданні з дапамогай актыўных форм і метадаў навучання. Падчас рэалізацыі праекта было створана гімназічнае інавацыйнае асяроддзе, якое забяспечвае актыўнае развіццё вучняў, задавальненне іх пазнавальных патрэб, пабудову індывідуальных адукацыйных траекторый, фарміраванне інфармацыйнай культуры ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу, прафесійную і асобасную самарэалізацыю педагогаў, творчае супрацоўніцтва настаўнікаў і вучняў.

Дзякуючы інавацыйнаму праекту “Укараненне мадэлі фарміравання прафесійнай кампетэнтнасці выхавальніка дашкольнай адукацыі шляхам інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій”, які ажыццяўляецца ў яслях-садзе № 6 Кобрына, Яроміцкім яслях-садзе Кобрынскага раёна і яслях-садзе № 72 Брэста, педагогі ствараюць уласныя мультымедыйныя электронныя прадукты, што робіць вучэбны працэс больш эфектыўным. ІКТ пашыраюць прафесійныя кантакты, павышаюць якасць дэманстрацыйных матэрыялаў-ілюстрацый, дазваляюць паказваць відэафрагменты, прад’яўляць інфармацыю на экране тэлевізара ў гульнявой форме, што выклікае ў дзяцей вялікую цікавасць. Выкарыстанне ІКТ у рабоце з бацькамі робіць мерапрыемствы, бацькоўскія сходы і семінары больш нагляднымі, мабільнымі, цікавымі і, самае галоўнае, наведвальнымі.

На фарміраванне сацыяльна актыўнай, культурна развітой асобы, выхаванне грамадзян-патрыётаў з трывалымі маральна-каштоўнаснымі арыенцірамі накіраваны інавацыйны праект па ўкараненні мадэлі вуснагістарычных даследаванняў роднага краю як сродку фарміравання сацыяльна-грамадзянскіх кампетэнцый вучняў. Гэты праект рэалізоўваецца ў Крыўлянскай сярэдняй школе Ляхавіцкага раёна, Ракітніцкай сярэдняй школе Жабінкаўскага раёна, Лядзецкім яслях-садзе – сярэдняй школе і сярэдняй школе № 2 Давыд-Гарадка Столінскага раёна, сярэдніх школах №№ 14 і 16 Пінска.

У сярэдняй школе № 3 Івацэвіч і сярэдняй школе № 29 Брэста ажыццяўляецца праект па ўкараненні мадэлі фарміравання і развіцця даследчай кампетэнтнасці вучняў на аснове вывучэння духоўна-культурнай спадчыны шляхам стварэння кагнітыўна-крэатыўнага адукацыйнага асяроддзя і актыўнай сацыяльна-практычнай дзейнасці.

Вялікую каштоўнасць маюць праекты, накіраваныя на прафесійнае самавызначэнне вучняў з улікам іх інтарэсаў і схільнасцей. Гэтай праблеме прысвечаны праекты “Укараненне методык ранняй прафарыентацыі вучняў 6 – 9 класаў на аснове выяўлення прыроджаных задаткаў для паспяховага навучання прафесіям” (сярэдняя школа № 15 Пінска), “Укараненне мадэлі сеткавага ўзаемадзеяння вучэбна-метадычнага кабінета, аддзела па адукацыі, устаноў агульнай сярэдняй і вышэйшай адукацыі, накіраванай на выбар выпускнікамі педагагічных спецыяльнасцей” (гімназія № 6 імя Маршала Савецкага Саюза Г.К.Жукава Брэста, сярэдняя школа № 2 Ляхавіч, сярэдняя школа № 10 Брэста), “Укараненне мадэлі бесперапыннай прафесійнай арыентацыі вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі на спецыяльнасці, запатрабаваныя рэгіянальным аграпрамысловым комплексам” (Русіноўская, Вольнаўская, Крошынская і Гарадзішчанская сярэднія школы Баранавіцкага раёна) і інш.

Неад’емнай часткай інавацыйнай дзейнасці з’яўляецца арганізацыя работы з адоранымі вучнямі. На этапе асобаснага і прафесійнага станаўлення высокаматываваныя і адораныя вучні патрабуюць павышанай педагагічнай увагі, якая праяўляецца ў псіхолага-педагагічным суправаджэнні. Гэтаму прысвечаны праект “Укараненне мадэлі суправаджэння інтэлектуальна адоранай моладзі ў працэсе яе прафесійнага станаўлення” (гімназія № 3, сярэдняя школа № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава, сярэднія школы №№ 5 і 18 Брэста, Крывошынская сярэдняя школа Ляхавіцкага раёна, гімназія Пружан і Ружанская сярэдняя школа Пружанскага раёна).

Рэалізацыя інавацыйных праектаў і ўкараненне іх вынікаў у адукацыйную практыку ўстаноў ствараюць якасна новую адукацыйную прастору, дапамагаюць прафесійнаму станаўленню педагогаў і ўсебаковаму развіццю дашкольнікаў і вучняў.

Яніна УГЛЯНІЦА,

начальнік вучэбна-метадычнага аддзела кіраўніцкай і інавацыйнай дзейнасці ў адукацыі;

Вольга ДЗЕНІСЮК,

метадыст вучэбна-метадычнага аддзела кіраўніцкай і інавацыйнай дзейнасці ў адукацыі Брэсцкага абласнога ІРА.