Развіваем музычна-рытмічныя рухі

08.08.2018
Музычныя заняткі з’яўляюцца для дзяцей адным з прыцягальных відаў дзейнасці і адыгрываюць важную ролю ў карэкцыйна-развіццёвым працэсе. Так, лагарытмічныя гульні і практыкаванні дазваляюць развіваць музычна-рытмічныя рухі ў дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення.

Музычна-рытмічныя рухі, як адзін з відаў музычнай дзейнасці, дапамагаюць дзіцяці навучыцца валодаць сваім целам, рэгуляваць тэмп і характар рухаў, каардынаваць і ўзгадняць іх з рухамі іншых дзяцей, а таксама развіваюць асноўныя віды рухаў, фарміруюць уменне арыентавацца ў прасторы і выконваць танцавальныя рухі. Акрамя таго, музыка стымулюе развіццё слыхавай увагі, а рухі пад музыку развіваюць маторыку.

Даволі эфектыўна музычна-рытмічныя рухі развіваюцца пры выкарыстанні лагарытмічных практыкаванняў і гульняў, дзе рухі спалучаюцца з агучваннем спецыяльнага маўленчага матэрыялу і музыкай, забяспечваючы ўзаемасувязь маўлення, музыкі і руху, развіццё рухальнай сферы.

У рабоце з дзецьмі з цяжкімі парушэннямі маўлення ўзаемадзейнічаю з настаўнікам-дэфектолагам і выхавальнікамі спецыяльнай групы. Распрацоўваю змест заняткаў, зыходзячы з таго, якіх вынікаў у развіцці музычна-рытмічных рухаў дасягнулі дзеці, над якой лексічнай тэмай працуем і як ускладняецца маўленчы матэрыял.

Выкарыстанне пэўных практыкаванняў і гульняў залежыць ад стану рухальнай сферы ў дзяцей і задач кожнага этапу работы. Спачатку вучу дзяцей выконваць пад музыку розныя рухі. Малышы ходзяць прыстаўным і карагодным крокам, падскокваюць і г.д. Паступова ўводжу маўленчы матэрыял: знаёмыя чатырохрадкоўі, тэксты песень і інш. Новыя і цяжкія для выканання рухі і практыкаванні выхаванцы паўтараюць разам з педагогам некалькі разоў. Некаторыя элементы (пры неабходнасці іх больш дэталёвай адпрацоўкі) пераношу ў індывідуальную работу.

На кожных музычных занятках выкарыстоўваю хадзьбу, паступова ўскладняючы яе: павароты пры хадзьбе па сігнале педагога, хадзьба са зменай становішча рук, хадзьба ў калоне парамі па коле без рук, хадзьба са зменай тэмпу і г.д.

У рабоце па развіцці пачуцця рытму звяртаюся да простых практыкаванняў пад музыку: воплескі і ўдары ў бубен, узмахі рукамі, рухі нагамі, хадзьба і бег. Спачатку адпрацоўваю з выхаванцамі павольны і хуткі тэмп, потым паскараю і запавольваю тэмп пры пабудове і перабудове ў дзве калоны і два кола, пры руху змейкай.

Для засваення пачуцця рытму часта выкарыстоўваю практыкаванні з хадзьбой, плясканнем і адстукваннем пад розны музычны тэмп і рытм з прапяваннем складоў ці слоў на зададзены рытм (“Хто ідзе па дарожцы?”, “Наш аркестр”). Рытмічны малюнак музыкі дазваляе выканаць рухі рознага аб’ёму і рознай працягласці.

Рухальныя практыкаванні пад музыку з адначасовым прагаворваннем услых маўленчых заданняў паступова ўскладняю: падбіраю вершы ці вершаваныя радкі, каб іх рытм суадносіўся з рухамі рук, ног, галавы і тулава (“Вясёлы лік”).

Для развіцця ўважлівых адносін да музыкі і хуткага пераключэння рухаў выкарыстоўваю практыкаванні і гульні з рознай і паслядоўнай музыкай, адпаведнай скачкам зайчыкаў, галопу коніка і інш. Для ўскладнення рухаў дабаўляю прадметы ці спартыўныя атрыбуты (мячы, гімнастычныя палкі, стужкі, абручы).

Дзеці з цікавасцю выконваюць практыкаванні і ўдзельнічаюць у гульнях з элементамі танца (класічнага – пазіцыі рук і ног, прысяданні; народнага – прытупванне) з уключэннем слоўнага матэрыялу.

На сюжэтных занятках выкарыстоўваю музычна-рытмічныя рухі са спевамі. Назіранні за выхаванцамі паказваюць, што гэта паляпшае пластычнасць рухаў, надае ім выразнасць і мяккасць. Стварэнне пэўнага вобраза ў адпаведнасці з мелодыяй дапамагае карэкцыі і паляпшае рухальныя навыкі.

Сістэматычнае выкарыстанне лагарытмічных гульняў і практыкаванняў дазволіла не толькі пабудаваць выніковую работу з выхаванцамі з цяжкімі парушэннямі маўлення, але і распрацаваць перспектыўны план дзейнасці з улікам лексічных тэм, дзе вучэбны матэрыял паўтараецца і ўскладняецца.

Змест і назвы заняткаў даволі разнастайныя. Так, на занятках “Прагулка ў асеннім лесе”, “Прыгоды сняжынкі” і “Навагодні цягнік” дзеці адпраўляюцца ў падарожжа. Даволі часта на такіх занятках прысутнічаюць сюрпрызныя моманты, казачныя персанажы і маленькія падарункі кожнаму дзіцяці. Разам з настаўнікам-дэфектолагам абмяркоўваю выкарыстанне народнай і класічнай музыкі, ілюстрацыйнага матэрыялу, элементаў касцюмаў і спартыўнага інвентару. Дзякуючы сістэматычным заняткам, выхаванцы асвойваюць рухі паслядоўна ў гульнявой форме, актыўна ўдзельнічаючы ў скоках, танцах і карагодах.

Наталля ЧАРЭЙКА,

музычны кіраўнік ясляў-сада № 1 Ляхавіч.