Лета сумным не бывае

08.08.2018
Усе дзеці з нецярпеннем чакаюць лета, бо гэта час незабыўных уражанняў, новых знаёмстваў, неверагодных прыгод і актыўнага адпачынку. У аздараўленчых лагерах для гэтага створаны неабходныя ўмовы. Тут заўсёды цікава, весела і шматлюдна.

- Галоўная задача лагераў пры дашкольных установах – арганізаваць жыццё малышоў такім чынам, каб кожны дзень прыносіў ім штосьці новае і быў напоўнены цікавымі падзеямі, каб успаміны пра летнія гульні, прагулкі, святы і забавы яшчэ доўга радавалі іх. Педагогі ясляў-садоў №№ 1 і 4 Ганцавіч, дзе сёлета працавалі аздараўленчыя лагеры з дзённым знаходжаннем, зрабілі для гэтага ўсё магчымае, - расказвае метадыст Ганцавіцкага раённага вучэбна-метадычнага кабінета А.А.Кісялевіч.

Адпачынак выхаванцаў аздараўленчага лагера “Весяляты” ў яслях-садзе № 4 атрымаўся яркім і насычаным. Выхавальнікі атрадаў “Непаседы” і “Сонейка” Н.М.Сідарэвіч і Т.В.Ільюкевіч штодзень праводзілі для дзяцей цікавыя і пазнавальныя мерапрыемствы. Найбольш запамінальныя з іх – вясёлыя святы, конкурсы, кірмашы, турніры і экскурсіі: “Дзень нараджэння майго горада”, “Ма-ла-ко”, “Слабо!”, “Карусель талентаў”, “Падарожжа па лясных сцяжынках”, “Свята загадак”, “Разумныя гульні” і інш. Дашкольнікі наведалі дзіцячую бібліятэку, дом рамёстваў і раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, дзе ў гульнявой форме азнаёміліся з правіламі бяспекі ў розных сітуацыях.

Не сумавалі і выхаванцы аздараўленчага лагера “Казка” ў яслях-садзе № 1, праграма якога таксама была напоўнена захапляльнымі гульнямі і забаўляльнымі праграмамі. Хлопчыкі і дзяўчынкі з вялікім задавальненнем удзельнічалі ў спартыўным мерапрыемстве “Падарожжа па краіне казак”, дзе кожны з іх паказаў сябе ў бегу, сіле і вынослівасці. Дзеці спявалі, танцавалі і спаборнічалі ў розных эстафетах.

Супрацоўнікі мясцовага кінатэатра падрыхтавалі для выхаванцаў лагера гульнявую праграму “Бітва мультгерояў”, якая ўключала шмат пазнавальных конкурсаў, віктарын і гульняў. З мэтай патрыятычнага выхавання была арганізавана віртуальная экскурсія па памятных мясцінах Ганцавіччыны, падчас якой дзеці даведаліся шмат новага і цікавага.

***

У Ленінскім раёне Брэста завяршыўся чарговы этап ІХ летняй спартакіяды сярод непаўналетніх “Зрабі правільны выбар”. Адпачыць з карысцю моладзі прапанавалі раённая камісія па справах непаўналетніх, РАУС, райкам БРСМ і Брэсцкі хлебакамбінат.

Летняя спартакіяда – гэта міні-алімпіяда па 7 відах спорту. На базе ДЮСШ № 2 Брэста 12 школьных каманд з ліку 36 юнакоў і дзяўчат спаборнічалі ў настольным тэнісе. Падбадзёрыць іх сабраліся настаўнікі, аднакласнікі, мамы і таты.

У індывідуальным заліку лепшымі аказаліся Ганна Астапук з сярэдняй школы № 5 і Дзмітрый Вішанкоў з сярэдняй школы № 20. У камандным заліку перамаглі прадстаўнікі сярэдняй школы № 5.

***

- Вельмі часта ў штодзённай мітусні мы не заўважаем навакольнай прыгажосці, якую дораць непаўторныя краявіды, птушыныя спевы, першая лістота на дрэвах… Але прыгажосць трэба не толькі бачыць, але і берагчы. Прырода – гэта вялікая кніга, навучыць чытаць і любіць якую можа толькі той, хто яе сам любіць і добра ведае, - гаворыць дырэктар эколага-біялагічнага цэнтра Баранавіч Н.М.Талстая.

Штогод педагогі цэнтра арганізоўваюць для васьмікласнікаў горада летнія заняткі, бо лета – гэта выдатны час, калі можна разгледзець многія прыродныя працэсы не па кнігах. Заняткі праводзяцца па адукацыйных праграмах “Свет вакол нас” і “Куток жывой прыроды”. Выкарыстоўваючы розныя аб’екты эколага-біялагічнага комплексу, створанага ў цэнтры (дэндрапарк, жывы куток, японскі сад, пладова-ягадны гадавальнік, аранжарэя, куткі раслін-“чырванакніжнікаў”, вострапахучых раслін і лекавых траў, сад аднагадовых і шматгадовых кветкава-дэкаратыўных раслін), педагогі вучаць хлопчыкаў і дзяўчынак элементарным агратэхнічным прыёмам, тэхналогіям размнажэння кветкава-дэкаратыўных раслін, догляду да жывёламі, а галоўнае – жыць у гармоніі з прыродай.

Акрамя пазнавальных заняткаў для васьмікласнікаў, у цэнтры ладзяцца экскурсіі для дзяцей рознага ўзросту. Шматлікія наглядныя матэрыялы абуджаюць у вучняў цікавасць да вывучэння жывой прыроды і пошуку ў ёй пэўных заканамернасцей. Гэта вельмі важна, бо зносіны з прыродай валодаюць моцным выхаваўчым патэнцыялам.

***

Сёлета на базе загараднага дзіцячага аздараўленчага лагера “Дубравачка”, што ў Івацэвіцкім раёне, працаваў профільны летнік “Ратавальнік”. У ім адпачывалі вучні 5 – 10 класаў з трох школ райцэнтра, актывісты раённага аддзялення Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі ратавальнікаў-пажарных, пераможцы і ўдзельнікі конкурсаў, віктарын, эстафет і алімпіяд па асновах бяспекі жыццядзейнасці. Сярод іх – Віялета Грынчык, Мікіта Ігнатаў, Даніла Кароль, Ягор Ляўчук, Яўген Крывалевіч, Павел Касцюк, Аляксандр Вайтовіч, Эвеліна Кот, Лізавета Крот, Павел Самсановіч і інш.

Вольны час юных ратавальнікаў быў насычаны карыснымі справамі, якія арганізоўвалі выхавальнікі Дзяніс Гарбуноў і Аляксандр Дунчык. Школьнікі не толькі спаборнічалі паміж сабой, але і вучылі малодшых правілам бяспечных паводзін у розных сітуацыях, займаліся пошукавай дзейнасцю па гісторыі арганізацыі і развіцця пажарнай службы Быценшчыны.

Па выніках 9-дзённай змены вучні не толькі папоўнілі веды па АБЖ, але і атрымалі важныя ўменні і навыкі ў прафілактычнай рабоце з равеснікамі.

***

Загарадны лагер “Чайка” – адна з найбольш папулярных выхаваўча-аздараўленчых устаноў адукацыі сярод дзяцей Ляхавіччыны. Педагогі арганізоўваюць актыўны летні адпачынак школьнікаў, накіраваны на ўмацаванне іх здароўя, фізічную загартоўку і абагачэнне карыснымі ведамі ў пазнанні навакольнага свету.

Павага да радзімы, нацыянальных традыцый, гісторыі і багатай культуры – аснова выхаваўчай работы ў лагеры. У рамках Года малой радзімы была сфарміравана ідэя яго 18-дзённай змены – “Гісторыя аднаго лета ў фармаце 5D, або Доброе Дело День за Днём Делай”. Школьнікі стваралі творчы праект, прысвечаны перспектыўнаму развіццю лагера – будавалі лагер будучыні, лагер мары.

Па ўмовах змены дзеці займаліся актыўнай дзейнасцю (прыбіралі корпусы і тэрыторыю, дзяжурылі, дапамагалі арганізоўваць агульналагерныя мерапрыемствы, удзельнічалі ў іх), зарабляючы “цаглінкі”, неабходныя для “будаўніцтва” лагера будучыні. Назапасіўшы пэўную колькасць “цаглінак”, атрады маглі ўносіць змены ў існуючы праект лагера (напрыклад, “пабудаваць” басейн, кантактны заапарк у зручным месцы), адлюстраваўшы іх на яго на карце-схеме. Напрыканцы змены адбыўся конкурс-прэзентацыя “Наш праект па-за канкурэнцыяй”, падчас якога была выбрана лепшая прапанова па развіцці “Чайкі”.

Лагерная змена атрымалася эмацыянальнай, пазнавальнай і разнапланавай. Штодзень школьнікі займаліся пошукам адказаў на розныя пытанні, звязаныя з добраўпарадкаваннем і эканомікай лагера. Змена складалася з 4 тэматычных блокаў, кожны з якіх працягваў папярэдні: “Мы такія розныя, а разам мы цудоўныя!”, “Жывём па-сапраўднаму!”, “Хто, калі не мы!” і “Мы малайцы – і гэта здорава!”.

Увечары атрады маглі зарабіць дадатковыя “цаглінкі” падчас віктарын, прысвечаных гісторыі і сучаснаму развіццю Ляхавіччыны. Дзякуючы гэтаму многія даведаліся шмат цікавага пра малую радзіму.

***

Надзвычай пазнавальнай атрымалася змена “Піраты Палесся” ў загарадным дзіцячым аздараўленчым лагеры “Парэчча”, што на Піншчыне. Кожны дзень яго выхаванцаў чакалі новыя адкрыцці, якія нікога не пакінулі раўнадушным.

На працягу ўсёй змены дзеці актыўна далучаліся да розных спартыўных гульняў і здаровага ладу жыцця. Хлопчыкі і дзяўчынкі спаборнічалі ў настольным тэнісе і турніры па шашках, скачках на скакалцы і валейболе, дартсе і многім іншым.

Вялікую цікавасць у выхаванцаў лагера выклікала сустрэча з супрацоўнікамі гар(рай)аддзела па надзвычайных сітуацыях. За правільныя адказы на пытанні па АБЖ дзеці атрымлівалі памятныя прызы. Акрамя таго, школьнікі вырашалі сітуацыйныя задачы па паводзінах пры пажары, маланцы і інш.

Шмат станоўчых эмоцый падарыла спаборніцтва каманд вучняў і выхавальнікаў, па выніках якога перамог атрад “Марскія д’яблы”. Падчас творчых конкурсаў школьнікі паказвалі свае здольнасці ў розных відах дзейнасці.

Даволі запамінальнай і відовішчнай атрымалася спартландыя “Мама, тата, я – спартыўная сям’я” з удзелам выхавальнікаў, дзяцей і іх бацькоў. І няхай у ёй лепшай аказалася зборная бацькоў і выхавальнікаў, хлопчыкі і дзяўчынкі таксама не засталіся без прызоў.

Дзеці з азартам удзельнічалі ў конкурснай праграме “Малая радзіма – куток шчаслівага дзяцінства”, інтэлектуальнай гульні “Экалагічны дэсант”, віктарыне “Юныя эколагі”, конкурсах насценгазет і агітбрыгад.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.