Тут ажывае гісторыя

08.01.2020
Ва ўстановах адукацыі Маларытчыны дзейнічаюць адзін музейны гісторыка-краязнаўчы куток і 11 музеяў (4 ваенна-гістарычныя, 4 краязнаўчыя, 2 гістарычныя і адзін літаратурны). Самы стары з іх – ваенна-гістарычны музей “Патрыёт” сярэдняй школы № 2 Маларыты, які працуе з 1963 года.
У музеі, якім загадвае настаўніца беларускай мовы і літаратуры Людміла Ярмашук, налічваецца 1437 экспанатаў. 432 з іх размешчаны ў 6 раздзелах экспазіцыі: “Старонкі мінулага” (пра гісторыю Маларыты ад старажытнасці да 1920 года), “22 чэрвеня 1941 года” (пра гераічны подзвіг абаронцаў Брэсцкай крэпасці), “Першыя дні Вялікай Айчыннай вайны” (пра 75-ю стралковую дывізію), “Партызанскія брыгады Маларытчыны” і “Яны вызвалялі Маларыцкі раён” (пра вайсковыя часці, якія вызвалялі раён у ліпені 1944 года, пра землякоў-удзельнікаў штурму Берліна), “Нямыя сведкі гісторыі” (аб прадметах, знойдзеных пры раскопках на месцах баёў 75-й стралковай дывізіі).

- У асноўным музейным фондзе знаходзяцца арыгінальныя дакументы ваеннай гісторыі: франтавыя пісьмы, газеты і ўзнагароды, фрагменты ваенных карт... – расказвае Людміла Ярмашук. – Тут можна ўбачыць фотаздымкі часоў Другой сусветнай вайны, прадметы побыту франтавікоў (пляшкі, салдацкія кацялкі, сталовыя прыборы) і іншыя экспанаты салдацкага жыцця. Дапаможны музейны фонд складаюць вучнёўскія даследаванні і рэфераты, успаміны ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Музей “Патрыёт” цесна супрацоўнічае з іншымі школьнымі музеямі Маларытчыны і грамадскімі аб’яднаннямі.

- Музейная дзейнасць ажыццяўляецца па 4 напрамках, - гаворыць дырэктар школы Таццяна Жыгалава. – Так, праграма “Патрыёт і грамадзянін” уключае розныя мерапрыемствы, якія праводзяцца на базе музея. У рамках гэтай праграмы праходзяць сустрэчы з ветэранамі, аказваецца ім дапамога. Члены аб’яднання па інтарэсах “Музейная справа” ўдзельнічалі ў стварэнні альбомаў-летапісаў “Вайна ў гісторыі маёй сям’і” і “Перамога дзеда – мая Перамога”, а таксама зборніка вершаў “Вайна вачыма дзяцей”. Доўгі час наша ўстанова супрацоўнічала з сярэдняй школай № 35 Масквы з мэтай стварэння дакументальнай кнігі “Байцы ўспамінаюць мінулыя дні...” Юныя краязнаўцы збіралі інфармацыю для кнігі “Дзеці вайны”, аўтарам якой з’яўляецца ветэран Вялікай Айчыннай вайны Васіль Маркаў. Наладжаны пошукавая дзейнасць і архіўная работа з роднымі салдат і афіцэраў 75-й стралковай дывізіі, якія пражываюць у краінах СНД.

Музей актыўна наведваюць вучні іншых устаноў адукацыі горада. Экскурсаводамі працуюць адзінаццацікласнікі, якія праводзяць аглядныя і тэматычныя экскурсіі “Абарона Брэсцкай крэпасці”, “Юныя героі-антыфашысты”, “Маларыцкія Хатыні” і “У вайны не жаночы твар”, знаёмяць з выставамі “Ветэраны жывуць побач”, “Іх імёнамі названы вуліцы нашага горада”, “Подзвіг бацькоў у спадчыну сынам” і “Афіцэр – прафесія гераічная”.

- З 2003 года ў школе дзейнічае праграма “Землякі” па героіка-патрыятычным і ідэйна-маральным выхаванні вучняў, - расказвае Людміла Ярмашук. – Дастойных грамадзян можна выхаваць на прыкладах, узятых не толькі з сусветнай гісторыі, але і з гісторыі Беларусі. Прыклады мужнасці, гераізму і адданасці народу ёсць на малой радзіме. Згодна з раздзелам праграмы “Славутыя землякі Маларытчыны”, ва ўстанове адукацыі створана галерэя знакамітых землякоў, распрацаваны тэматычныя класныя гадзіны “Людзі, якімі мы ганарымся”, праходзяць сустрэчы са знакамітымі землякамі і агульнашкольныя мерапрыемствы, сфарміравана пошукава-даследчая група. Вучні праводзяць выязныя выставы-экскурсіі партрэтнай галерэі.

Вялікая ўвага ўдзяляецца краязнаўству, з якога пачынаецца любоў да Радзімы. У школе рэалізоўваецца праграма “Маларытазнаўства”. У рамках яе распрацавана шмат цікавых мерапрыемстваў. Сярод іх – тэматычныя экскурсіі па вуліцах райцэнтра, экскурсія пра герояў Вялікай Айчыннай вайны “Іх імёнамі названы вуліцы нашага горада”. Інфармацыя пра музейную экспазіцыю сабрана, апрацавана і аформлена ў выглядзе тэматычных папак і альбомаў, апублікавана ў СМІ. Відэафрагменты музейных экскурсій размяшчаюцца на школьным сайце.

На рахунку музея “Патрыёт” шмат узнагарод рознага ўзроўню за высокую арганізацыю ваенна-патрыятычнай работы з моладдзю.

Мікалай НАВУМЧЫК,

намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.

Фота аўтара.