«Зялёны» фітнес па-пелішчанску

09.01.2020
Штогод педагогі і вучні нашай школы актыўна ўдзельнічаюць у Рэспубліканскім конкурсе «Энергамарафон». Летась дзевяцікласнік Раман Міхайлоўскі пад кіраўніцтвам настаўніка фізікі Д.М.Паўлоўскага працаваў над праектам «Зялёны» фітнес».

Сёння ў фітнес-цэнтрах і нават на вуліцах многіх еўрапейскіх краін можна ўбачыць "зялёныя" трэнажоры, якія адрозніваюцца ад звычайных тым, што ператвараюць механічную энергію ў электрычную. За адну трэніроўку на такіх велатрэнажорах ці бегавых дарожках чалавек можа вырабіць электрычнасць, неабходную для зарадкі смартфона ці планшэта.

Пелішчанскія школьнікі з задавальненнем наведваюць спартыўныя аб’яднанні па інтарэсах і секцыі. Ужо 3 гады разам з вучнямі займаюцца і дарослыя, якія 3 разы ў тыдзень наведваюць заняткі па валейболе і фітнесе. Іх энергетычны патэнцыял даволі высокі: займаючыся на бегавой дарожцы ці велатрэнажоры, затрачваецца вялікая колькасць кінетычнай энергіі, якую можна скіраваць у карыснае рэчышча. Так з’явілася ідэя ўсталяваць у спартзале “зялёнае” абсталяванне, каб вучні і дарослыя, штодзень трэніруючыся на бегавых дарожках і велатрэнажорах, выпрацоўвалі электраэнергію.

Асноўная мэта праекта заключалася ў тым, каб высветліць, ці магчыма і наколькі мэтазгодна выкарыстоўваць энергію, атрыманую ад спартыўных трэнажораў, у якасці адной з крыніц альтэрнатыўнай энергіі. Працуючы над праектам, мы вывучылі прынцып дзеяння спартыўных трэнажораў, якія выпрацоўваюць электрычнасць (ТВЭ), выявілі іх вартасці і недахопы, ацанілі эфектыўнасць і мэтазгоднасць, а таксама правялі матэматычныя разлікі, якія дазволілі вызначыць колькасць энергіі, неабходнай для частковага задавальнення патрэб школы, напрыклад, для асвятлення гардэроба, спартыўнай залы, зарадкі ноўтбука.

Да вартасцей ТВЭ можна аднесці іх перспектыўнасць, даступнасць і бяспеку для навакольнага асяроддзя. Але ТВЭ маюць і шэраг недахопаў, у прыватнасці высокі кошт канструкцыі.

Матэматычныя разлікі прывялі да высновы, што калі 10 трэнажораў будуць працаваць у дзень 3 разы па 45 хвілін, гэта забяспечыць выпрацоўку 330 – 600 Вт энергіі падчас кожнага цыкла. Такой колькасці энергіі можа хапіць для асвятлення невялікіх памяшканняў ці работы 2 ноўтбукаў і 4 мабільных тэлефонаў.

Каштарыс праекта ўключае трэнажоры, якія выпрацоўваюць энергію, коштам каля 7000 долараў ЗША, праектна-мантажныя работы і транспартныя паслугі (каля 1000 долараў ЗША). Такім чынам, агульны кошт 10 ТВЭ складзе каля 80 тысяч долараў ЗША. Тэрмін службы ТВЭ – 10 – 15 гадоў.

Зразумела, што вялікія капіталаўкладанні акупяцца толькі праз шмат гадоў. Але калі разглядаць трэнажоры не толькі як крыніцу атрымання энергіі, але і як сучасны і вельмі эфектыўны спартыўны снарад, то капіталаўкладанні выглядаюць даволі прывабна: "Здаровы лад жыцця і "зялёная" энергія разам!".

Устаноўка трэнажораў, якія выпрацоўваюць электрычнасць у школе, мэтазгодна толькі тады, калі разглядаць праект як элемент глабальнай праграмы клопату пра будучыню Зямлі. І тут не варта чакаць хуткай аддачы ў выглядзе бясплатнай электраэнергіі. Варта памятаць, што такія ўкладанні – гэта ўкладанні ў будучыню, у здароўе людзей і ў "зялёную" экалогію нашай планеты.

  Раман МІХАЙЛОЎСКІ,

дзевяцікласнік,

Дзмітрый ПАЎЛОЎСКІ,

настаўнік фізікі Пелішчанскай сярэдняй школы Камянецкага раёна.