Толькі разам!

09.01.2020
Больш моцнай і ўплывовай сілы на развіццё і станаўленне асобы дзіцяці, чым сям’я, няма. Менавіта ў ёй закладваюцца мадэлі паводзін і адносін да людзей, фарміруюцца важныя маральныя якасці. Сучасным бацькам цяжка выхоўваць дзяцей з-за недахопу часу, занятасці, недастатковай педагагічнай і псіхалагічнай кампетэнтнасці. У выніку зніжаецца выхаваўчы патэнцыял сям’і, павялічваецца колькасць цяжкіх падлеткаў. Задача школы – арганізаваць прадуктыўнае педагагічнае ўзаемадзеянне з бацькамі, якое ўключае распрацоўку эфектыўных метадаў павышэння педагагічнай культуры мам і татаў, прапаганду пазітыўнага вопыту сямейнага выхавання.

Вывучыўшы сістэму работы Паўлышскай сярэдняй школы В.А.Сухамлінскага па педагагічным узаемадзеянні і напрацоўкі сучасных устаноў адукацыі, а таксама ўлічваючы пасіўнасць бацькоў пры традыцыйных формах асветы, вырашыла арганізаваць на базе нашай школы “Бацькоўскі ўніверсітэт”, які павінен дапамагаць мамам і татам авалодваць неабходнымі ведамі і ўменнямі падчас спецыяльнага навучання сістэмнага характару з выкарыстаннем цікавых метадаў работы. На занятках бацькі атрымліваюць не толькі новыя веды пра развіццё дзяцей, але і практычную дапамогу ў вырашэнні актуальных праблем сямейнага выхавання, фарміраванні ўсвядомленага і адказнага бацькоўства, папярэджанні педагагічных памылак і рызык сямейнай нядобранадзейнасці, развіцці педагагічнай і агульнай культуры мам і татаў.

Дзякуючы актыўным метадам узаемадзеяння (трэнінгавым і гульнявым практыкаванням, мадэляванню педагагічных сітуацый, інсцэніроўкам, мазгавому штурму, абмеркаванню прытчаў і відэафільмаў), бацькі разам шукаюць адказы на розныя пытанні, практыкуюцца ў сямейных зносінах, абменьваюцца карысным вопытам і ведамі, самаўдасканальваюцца, вучацца знаходзіць прычыны адхіленняў у дзіцячых паводзінах і інш.

Заняткі “Бацькоўскага ўніверсітэта” праходзяць раз у месяц па суботах. У групу ўваходзяць мамы і таты вучняў 1 – 11 класаў. Работа пачынаецца з абмеркавання мяркуемай тэматыкі пасяджэння і прапаноў наконт актуальных праблем. Заняткі ўключаюць прывітанне і ўводзіны ў тэму (5 хвілін), міні-лекцыю па яе вывучэнні (20 – 25 хвілін), практычную дзейнасць па замацаванні атрыманых ведаў, адпрацоўцы ўменняў, абмене вопытам (20 – 25 хвілін) і завяршальную частку з падвядзеннем вынікаў, рэкамендацыямі, уручэннем памятак (5 хвілін). Усе сустрэчы заканчваю словамі падзякі за ўдзел, актыўнасць і адкрытасць, а таксама словамі падтрымкі і веры ў бацькоўскі поспех. Некаторыя застаюцца на індывідуальныя кансультацыі.

Тэматыка заняткаў даволі разнастайная і актуальная: “Духоўна-маральныя асновы сям’і і традыцыі ў сямейным выхаванні” (з удзелам святара), “Асаблівасці падлеткавага ўзросту. Як навучыцца разумець і прымаць падлетка?”, “Праблемы бацькоў і дзяцей, узаемадзеяння паміж пакаленнямі”, “Прычыны, праявы і прафілактыка суіцыдальных паводзін падлеткаў”, “Розныя дзеці. Пагаворым пра талерантнасць”. Для заняткаў распрацоўваюцца прэзентацыі, памяткі і буклеты. Актыўна выкарыстоўваюцца відэафільмы, тэматычныя цытаты і афарызмы.

Асветніцкія заняткі ў “Бацькоўскім універсітэце” дазваляюць удасканальваць педагагічную культуру мам і татаў з улікам іх запытаў і патрэб, наладжваць эфектыўнае ўзаемадзеянне з сем’ямі ў шосты школьны дзень. Дзякуючы заняткам, бацькі авалодваюць канструктыўнымі метадамі і прыёмамі выхавання, пераглядаюць бацькоўскія ўстаноўкі і г.д. Так, калі ў пачатку работы 2 вучні з 2 сем’яў знаходзіліся ў сацыяльна небяспечным становішчы, то ў канцы – ніводнага.

“Бацькоўскі ўніверсітэт” – адна з прадуктыўных форм прафілактычнай работы, павышэння псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці мам і татаў, умацавання выхаваўчага патэнцыялу сем’яў.

Святлана КІРЫК,

педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 16 Баранавіч.