Удасканальваем работу з асаблівымі дзецьмі

09.01.2020
Дзейнасць ЦКРНіР дазваляе атрымаць адукацыю тым дзецям, якія па стане здароўя не заўсёды могуць інтэгравацца ў агульны вучэбны працэс іншых устаноў адукацыі. Адна з умоў паспяховай работы з асаблівымі вучнямі – добра падрыхтаваныя педагогі, якія імкнуцца да самаўдасканальвання і самаразвіцця.

У нашым ЦКРНіР працуе шмат таленавітай моладзі. Так, настаўнік-дэфектолаг Дар’я Пішч стала пераможцай раённага конкурсу педагогаў першага года работы “Педагагічны дэбют” у намінацыі “Лепшы педагагічны работнік”. Вопыт работы па арганізацыі цьютарскага суправаджэння дзяцей-аўтыстаў, назапашаны выхавальніцай-цьютарам Аленай Кубіцель, адзначаны дыпломам ІІ ступені ў раённым конкурсе сучасных тэхналогій у галіне спецыяльнай адукацыі. Педагог Наталля Дылеўская дапамагае дзецям-аўтыстам зразумець жыцце свайго асяроддзя і прыстасавацца да яго праз выкарыстанне камунікатыўных альбомаў, прычым настолькі ўдала, што 3 вучні былі пераведзены ў звычайныя школы, дзе паспяхова працягваюць вучыцца па спецыяльных праграмах.    

З мінулага навучальнага года паміж нашым ЦКРНіР і сярэдняй школай № 13 Баранавіч наладжана ўзаемадзеянне ў рамках рэспубліканскага інавацыйнага проекта па ўкараненні мадэлі трэнінгавай техналогіі ў рабоце з бацькамі ва ўмовах фарміравання інклюзіўнай адукацыйнай прасторы. Рэалізацыя праекта дазваляе атрымаць неабходныя веды ў галіне інклюзіўнай адукацыі не толькі педагогам ЦКРНіР, але і іншых устаноў раёна.

Вялікая ўвага ўдзяляецца ранняй карэкцыі развіцця дзяцей ад нараджэння да года. Своечасовае абследаванне і дыягностыка асаблівасцей развіцця такіх дзяцей вельмі важныя для іх комплекснай рэабілітацыі і аказання сістэмнай карэкцыйна-педагагічнай дапамогі. Так, у раённай паліклініцы размешчаны стэнд “Ваша дзіця не можа чакаць” з карыснай інфармацыяй для бацькоў. Адзін раз у тыдзень настаўнік-дэфектолаг Валянціна Гаўрыс кансультуе мам і татаў дзяцей з АПФР. З мэтай развіцця ў іх дробнай маторыкі педагог падрыхтавала пано “Разумейка”.

Шмат увагі ўдзяляецца сенсорнаму развіццю выхаванцаў, паколькі для правільнай арыентацыі ў навакольным свеце важна навучыцца ўспрымаць не толькі асобныя прадметы і з’явы (дождж, аловак, кветку), але і сітуацыі, комплекс прадметаў у цэлым (пейзаж, песні). Нядаўна ў нашым цэнтры  з’явіліся спецыяльнае абсталяванне і прадметы, якія ўздзейнічаюць на розныя органы пачуццяў чалавека.

Медыцынская рэабілітацыя (масаж і лячэбная фізкультура) паспяхова вырашаюць праблемы, звязаныя з апорна-рухальнай сістэмай, здымаюць псіхаэмацыянальнае напружанне ў гіперактыўных дзяцей. Дзякуючы партатыўнаму масажнаму абсталяванню, мы аказваем паслугі дзецям з цяжкімі множнымі парушэннямі ў дамашніх умовах.

Надзвычай актуальная праблема – арганізацыя работы з бацькамі асаблівых дзяцей. Прыемна пачуць ад мам і татаў словы кшталту “вы падарылі надзею”. Але для гэтага трэба прыкласці шмат намаганняў. З мэтай далучэння бацькоў да педагагічнай дзейнасці, павышэння іх зацікаўленасці ва ўзаемадзеянні выкарыстоўваем метад праектаў. Так, вялікую цікавасць выклікаў праект “Выгадуем пакаёвую кветку разам з мамай”. Сёння вырашчаныя кветкі ўпрыгожваюць кабінеты ЦКРНіР і раённага аддзела па адукацыі. Індывідуальны прадпрымальнік Святлана Дылеўская арганізавала нават выставу фіялак у сваім кветкавым магазіне. Так завязаліся адносіны з гараджанамі, якія вырошчваюць фіялкі, па абмене вопытам. Думаем цяпер, а ці не замахнуцца на праект “Прыязджайце па фіялкі ў Ляхавічы”.

Нашы спецыялісты знаходзяцца ў пастаянным пошуку новых форм работы з бацькамі. Так, сацыяльны педагог Зоя Гатоўчыц правяла на базе Ляхавіцкай цэнтральнай бібліятэкі пасяджанне “Свет пачынаецца з сям’і” з удзелам прадстаўнікоў зацікаўленых ведамстваў. Вельмі радуе, што бацькі сталі актыўнымі памочнікамі ў падрыхтоўцы дзяцей да ўдзелу ў конкурсах і фестывалях.

Штолета вучні спецыяльнага класа адпачываюць у аздараўленчым лагеры “Усмешка”, дзе набываюць сацыяльна значны вопыт. Педагогі  ЦКРНіР актыўна і паспяхова ўдзельнічаюць у штогадовым раённым і абласным конкурсах на лепшы аздараўленчы  лагер. Штогод прапаноўваем вучням у ліпені-жніўні гульнявыя пляцоўкі з 4-хгадзінным наведваннем, напрыклад, у гарадскім парку.

Спалучэнне традыцыйных метадаў навучання і ІКТ дазваляе зрабіць карэкцыйна-адукацыйны працэс больш разнастайным, нестандартным, займальным і мабільным. Так, у зносінах з бацькамі выкарыстоўваем Skype.

Мы цалкам згодны са словамі В.А.Сухамлінскага, што дзеці павінны жыць у свеце прыгажосці, гульні, казкі, музыкі, малюнка, фантазіі і творчасці. Нашы выхаванцы паспяхова ўдзельнічаюць у розных мерапрыемствах, якія дазваляюць ім развівацца, быць пачутымі і ўбачанымі.

Наталля МАСЛОЎСКАЯ,

дырэктар Ляхавіцкага раённага ЦКРНіР.