Галавастыя і рукастыя

20.01.2020
Каля тысячы вучняў Брэстчыны прынялі ўдзел у абласным этапе сёлетняй рэспубліканскай прадметнай алімпіяды. Інтэлектуальныя спаборніцтвы праходзілі на базе школ і ўстаноў прафесійнай адукацыі Брэста, Баранавіч, Пінска, Кобрына і Драгічына, Брэсцкага абласнога ІРА і БрДУ імя А.С.Пушкіна.
50 вучняў 7 – 11 класаў сабраліся ў сярэдняй школе № 10 Пінска, каб на працягу некалькіх алімпіядных дзён вызначыць лепшых знаўцаў інфарматыкі.

- Спаборніцтва складалася з двух практычных тураў, на якія адводзілася па 5 гадзін, - расказаў старшыня журы алімпіяды па інфарматыцы, дацэнт кафедры прыкладной матэматыкі і інфарматыкі фізіка-матэматычнага факультэта БрДУ імя А.С.Пушкіна, кандыдат педагагічных навук Андрэй Андрэевіч Казінскі. – Кожны тур уключаў 4 задачы, якія патрабавалі ад удзельнікаў валодання некаторымі мовамі праграмавання і асновамі алгарытмізацыі (“Радыётэлескопы”, “Здабыча медзі”, “Касмічная рэклама”, “Навагоднія падарункі”, “Надзейная сетка”, “Сутыкненне галактык”, “Гарады на Венеры” і інш.). Кожная з іх была пабудавана вакол казачнага сюжэту, які патрабаваў выканання пэўных аперацый у адпаведнасці з умовамі. Для паспяховага рашэння гэтых задач неабходны веды, якія выходзяць далёка за межы школьнай праграмы. Сёлетнія задачы аказаліся для школьнікаў не такімі цяжкімі, як мінулагоднія, калі з некаторымі з іх амаль ніхто не справіўся цалкам. Вучні паказалі высокую якасць падрыхтоўкі.

На жаль, па-ранейшаму некаторыя раёны вобласці не прадстаўлены на алімпіядзе, што сведчыць пра адсутнасць у іх сістэмнай работы ў алімпіядным руху. Прафесійны ўзровень настаўнікаў шэрага рэгіёнаў недастатковы для выніковай падрыхтоўкі алімпіяднікаў. Органы кіравання адукацыяй павінны ствараць належныя ўмовы для паўнацэннага развіцця інтэлектуальнага патэнцыялу вучняў і педагогаў, каб іх здольнасці былі запатрабаваны ў роднай краіне, а не за мяжой.

З году ў год высокія вынікі ў алімпіядным руху паказваюць выхаванцы гімназіі № 1 Брэста, сярэдняй школы № 7 і ліцэя № 1 Баранавіч. Па колькасці атрыманых дыпломаў у лідарах установы адукацыі Брэста, Баранавіч, Пінска і Лунінца.

Дыпломы І ступені атрымалі адзінаццацікласнікі Дзмітрый Стасенка з гімназіі № 1 Брэста, Міхаіл Лебедзь з гімназіі Ганцавіч, Глеб Носаў з сярэдняй школы № 9 Брэста, Максім Ліцкевіч з сярэдняй школы № 7 Баранавіч, а таксама дзевяцікласнік Ілья Кучынскі з гімназіі № 1 Брэста.

***

У алімпіядзе па працоўным навучанні, якая праходзіла на базе сярэдняй школы № 7 Кобрына і Кобрынскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа, удзельнічалі 25 юнакоў і 25 дзяўчат.

- Спаборніцтва складалася з двух тураў – практычнага і тэарэтычнага, - расказаў старшыня журы алімпіяды па працоўным навучанні (тэхнічная праца) настаўнік працоўнага навучання Георгій Кляменцьевіч Фурсевіч з Лапацінскай сярэдняй школы Пінскага раёна. – Практычны тур, на які адводзілася 4 гадзіны, прадугледжваў выраб дэкаратыўнай падстаўкі “Юбілей Вялікай Перамогі” з драўніны і металу па чарцяжы з пэўнымі канструктыўнымі зменамі ўсіх дэталей для надання арыгінальнага выгляду. Асаблівых праблем практычны тур ва ўдзельнікаў не выклікаў, хаця некаторыя з іх не падразлічылі памеры сваіх вырабаў. Адведзенага часу хапіла на выкананне падстаўкі ў завершаным выглядзе.

Тэарэтычны тур, на які адводзілася 3 гадзіны, складаўся з тэставых пытанняў, што тычыліся розных раздзелаў школьнай праграмы, разліковых і творчых задач па выяўленні тэхнічнага мыслення. Найбольшыя цяжкасці выклікалі апошнія. Сярод іх – заданні, звязаныя з выкананнем кінематычных схем тэхнічных устройстваў для перадачы руху, тэхнічным мадэляваннем, разлікам заклёпачных злучэнняў і інш.

Узровень падрыхтоўкі алімпіяднікаў стабільна высокі. Радуе, што сярод іх шмат высокаматываваных дзяцей. У рабоце з імі асаблівую ўвагу педагогам варта звяртаць на чытанне чарцяжоў і правільнасць іх афармлення, якасць злучэння дэталей з дапамогай шрубаў, якасць афармлення работ і напісанне тэхналагічных карт. Хацелася б дадаць да алімпіяды па працоўным навучанні яшчэ і чарчэнне. Без гэтага прадмета, якому ў школе ўдзяляецца мала ўвагі, нельга абысціся пры падрыхтоўцы да спаборніцтваў.

- Сёлета ў практычным туры дзяўчаты выраблялі клубочніцы-рукзачкі, - расказала старшыня алімпіяды па працоўным навучанні (абслуговая праца), намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце, настаўніца працоўнага навучання Ганна Яўгенаўна Кулагіна з сярэдняй школы № 3 Жабінкі. – Заданне не толькі даволі цікавае, але і тэхналагічнае. Прыемна, што алімпіяднікі паспяхова справіліся з ім. Тэхналогія выканання задання ўключала некалькі аперацый, якія выяўлялі розныя ўменні і навыкі школьнікаў, у тым ліку творчыя. Так, вырабы патрабавалася дэкарыраваць шнуром. Акрамя таго, неабходна было звязаць прутком дэкаратыўны элемент.

Заданні тэарэтычнага тура праблем не выклікалі. Нягледзячы на тое, што алімпіяднікі ў цэлым паказалі добрую падрыхтоўку, педагогам варта ўдзяляць большую ўвагу выкананню швейных аперацый і адпрацоўцы ўменняў вязання прутком, бо многім вучням не хапае практычных навыкаў. Акрамя таго, трэба паляпшаць тэарэтычную падрыхтоўку дзяцей па розных раздзелах школьнай праграмы. На высокім узроўні алімпіядная работа вядзецца ў сярэдняй школе № 16 Пінска, сярэдняй школе № 3 Баранавіч, сярэдняй школе № 3 Бярозы, Меднаўскай сярэдняй школе Брэсцкага раёна і Лунінскім яслях-садзе – сярэдняй школе Лунінецкага раёна. Вялікі дзякуй адміністрацыі сярэдняй школы № 7 Кобрына за выдатныя ўмовы для правядзення спаборніцтва.

Дыпломы І ступені атрымалі адзінаццацікласнікі Міхаіл Самута з Малецкага ясляў-сада – сярэдняй школы Бярозаўскага раёна, Руслан Грыцэнка і Ангеліна Калеснік з сярэдняй школы № 16 Пінска, а таксама дзесяцікласніца Ульяна Станчук з сярэдняй школы № 3 Баранавіч.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.