Крыніца здароўя

13.08.2018
Пытанням здаровага ладу жыцця ў Охаўскай сярэдняй школе Пінскага раёна ўдзяляецца павышаная ўвага. Ва ўстанове адукацыі дзейнічае клуб фізічнай культуры і спорту “Охава”, мэта якога заключаецца ў далучэнні да сістэматычных заняткаў фізкультурай не толькі вучняў, але і жыхароў аграгарадка.

- У школе вядзецца сістэмная работа па паляпшэнні матэрыяльна-тэхнічнай базы, арганізацыі спартыўных свят і турніраў, выхаванні беражлівых адносін да ўласнага здароўя, - расказвае настаўнік фізічнай культуры і здароўя І.І.Леўкавец. – Важнае месца ў правядзенні масавых заняткаў фізкультурай у аграгарадку займае стадыён, тэхнічны стан якога патрабуе асаблівай увагі. Мы мадэрнізавалі бегавую дарожку і сектар для скачкоў у даўжыню, паколькі бег з’яўляецца адным з самых масавых і даступных відаў актыўнага адпачынку. Затым быў абноўлены гімнастычны гарадок для заняткаў варкаўтам (вулічнай гімнастыкай). Гэты від спорту вельмі папулярны сярод вучняў і стаў неад’емнай часткай штодзённага адпачынку моладзі аграгарадка.

Зразумела, што адна інфраструктура не далучыць шырокую грамадскасць да здаровых інтарэсаў і захапленняў. Візітоўкай і самым папулярным святам аграгарадка стала спартыўна-відовішчнае мерапрыемства “Дзень гімнаста”, бо гімнастыка – адзін з любімых відаў спорту ў дзяцей.

- Па выніках вывучэння ў клубе пэўных відаў спорту праводзяцца масавыя мерапрыемствы: “Футбольны мікс” (футбол), “Охава – Стрыт – Баскет” (баскетбол), “Калядны турнір” (валейбол), “Следапыт” (турызм), “Дзень скакуна”, “Дзень кідальніка” і “Крос-стайер” (лёгкая атлетыка), - гаворыць І.І.Леўкавец. – Усе мерапрыемствы праходзяць з удзелам гледачоў, што матывуе дзяцей да падрыхтоўкі да спаборніцтваў на працягу ўсяго года.

З мэтай далучэння да заняткаў фізкультурай малодшых школьнікаў дзейнічае аб’яднанне па інтарэсах “Крыніца здароўя”, якое дазваляе цікава і з карысцю правесці вольны час па суботах. Галоўная задача аб’яднання – навучыць дзяцей гуляць адно з адным і праводзіць больш часу на свежым паветры ў любую пару года.

Важны напрамак работы – алімпійская адукацыя. Асаблівую ролю ў яе развіцці адыгрываюць сустрэчы са спартсменамі. На прыкладзе іх дасягненняў у вучняў фарміруюцца каштоўнасныя арыенціры і паважлівыя адносіны да спорту. Школа цесна ўзаемадзейнічае з клубам каратэ-до “Эдэльвейс”, удзельнікі якога – частыя і жаданыя госці ў ёй. Юных спартсменаў натхняюць на перамогі сустрэчы з майстрам спорту Беларусі па каратэ-до Аляксандрам Курганам і кандыдатам ў майстры спорту па скачках у вышыню з шастом Кацярынай Цішковіч.

- Вялікую падтрымку клубу аказваюць сельскагаспадарчае прадпрыемства “Охава” і рэкламнае агенцтва “Аранжавы дэльфін”, якія дапамагаюць умацоўваць спартыўную базу школу і рыхтаваць тэматычную паліграфічную прадукцыю, - адзначае І.І.Леўкавец.

Для папулярызацыі дзейнасці клуба створана яго афіцыйная група ў сацыяльнай сетцы “УКантакце”. З дапамогай гэтай групы ажыццяўляецца інфармацыйна-прапагандысцкая работа, праводзяцца інтэрнэт-конкурсы, апытанні і абмеркаванні.

У рамках сістэмы спартыўных мерапрыемстваў “Заходняя ліга” наладжана ўзаемадзеянне з суседнімі ўстановамі адукацыі, якое ўключае спаборніцтвы па гульнявых відах спорту, лёгкай атлетыцы, шашках і шахматах.

- Самым важным вынікам нашай дзейнасці з’яўляецца значнае павелічэнне колькасці аматараў фізкультуры і спорту, павышэнне цікавасці да актыўнага і карыснага адпачынку, а таксама рост спартыўных дасягненняў, - гаворыць І.І.Леўкавец. – Штогод юныя спартсмены школы становяцца прызёрамі ў бегу на кароткія дыстанцыі і ў скачках у даўжыню. Акрамя таго, клубаўцы ўваходзяць у склад раённай каманды на абласных спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы. Паспяховая рэалізацыя праграмы алімпійскай адукацыі дазволіла прыняць удзел у Х абласным злёце лепшых клубаў “Юны алімпіец” у Брэсце. У планах – стапрацэнтны ахоп вучняў заняткамі фізкультурай і спортам у вольны час, развіццё баскетбола і стварэнне сцяжыны здароўя “Ціхава”.

Навакольная прырода падарыла добрыя ўмовы для актыўнага адпачынку охаўскіх школьнікаў. Так, ужо адбыліся мерапрыемствы па картаграфіі і былі абазначаны галоўныя аб’екты сцяжыны на карце: “Бяроза для сэлфі”, “Векавы дуб”, “Піянерскі касцёр”, “Мурашнік” і інш.

- Сённяшні час можа прапанаваць дзецям мноства розных забаў, але мы развіваем тое, чаго нельга купіць і прадаць, - інтарэс да ўласнага здароўя. Мая задача – зрабіць усё магчымае, каб дзеці авалодалі неабходнымі ведамі, уменнямі і навыкамі, накіраванымі на яго захаванне, - гаворыць І.І.Леўкавец.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.