Каштоўнасць псіхолага-педагагічнага суправаджэння інавацыйнай дзейнасці

14.08.2018
Інавацыйная дзейнасць пашырае магчымасці работы ўстановы адукацыі ў рэжыме развіцця, далучае педагогаў да стварэння, асваення і ўкаранення больш эфектыўных метадаў навучання і выхавання. Удзел у інавацыйнай дзейнасці павышае прафесіяналізм педагогаў, дапамагае іх самарэалізацыі і скіроўвае да самаўдасканальвання.

У 2016 – 2018 гадах педагогі ясляў-сада № 1 Ляхавіч рэалізоўвалі інавацыйны праект па ўкараненні мадэлі педагагічнага суправаджэння гульнявой дзейнасці дашкольнікаў. Важным складнікам паспяховай работы па вырашэнні задач праекта з’яўлялася яго псіхолага-педагагічнае суправаджэнне. Праграма гэтага суправаджэння, распрацаваная намеснікам загадчыка па асноўнай дзейнасці і педагогам-псіхолагам, вырашала шэраг задач, якія тычыліся павышэння ўзроўню псіхалагічнай кампетэнтнасці педагогаў і псіхолага-педагагічнай культуры бацькоў у арганізацыі гульнявой дзейнасці дзяцей і маніторынгу ходу і вынікаў інавацыйнай дзейнасці, развіцця гульнявой дзейнасці дашкольнікаў як творчай дзейнасці, пабудовы сістэмы кіравання калектывам педагогаў-інаватараў і інш.

Праграма рэалізоўвалася паэтапна. На падрыхтоўчым этапе вывучалася і аналізавалася псіхолага-педагагічная і навукова-метадычная літаратура з мэтай вызначэння навукова-метадалагічных падыходаў у ажыццяўленні псіхолага-педагагічнага суправаджэння інавацыйнай дзейнасці. Педагог-псіхолаг кансультавала адміністрацыю ўстановы па пытаннях псіхалогіі кіравання і дапамагала фарміраваць інавацыйную творчую групу, склад якой вызначаўся шляхам вывучэння адукацыйнага працэсу, прафесійна значных і асобасных якасцей педагогаў. Дзякуючы гэтаму, былі выбраны выхавальнікі з дамінантнымі прафесійнымі матывамі і матывамі асобаснай самарэалізацыі.

На арганізацыйна-дыягнастычным этапе праводзіліся кансультацыі для педагогаў наконт мэт, задач і зместу псіхолага-педагагічнага суправаджэння інавацыйнай дзейнасці, дыягностыка ўзроўню педагагічнай кампетэнтнасці яе ўдзельнікаў па тэме праекта, ствараўся банк даных дыягнастычных методык для яго маніторынгу, вывучаліся запыты і цяжкасці педагогаў, ажыццяўляліся дыягностыка гульнявой дзейнасці выхаванцаў і анкетаванне бацькоў. Кансультаванне педагогаў па пытаннях стварэння прадметна-гульнявога развіццёвага асяроддзя з улікам узроставых, палавых і індывідуальных асаблівасцей дзяцей дапамагло ў далейшым аптымальна арганізаваць гульнявое асяроддзе ў групах, дзе кожны выхаванец мог праявіць індывідуальнасць і творчасць.

Асноўны этап рэалізацыі праекта ўключаў сістэматычную псіхолага-педагагічную падтрымку ўдзельнікаў інавацыйнай дзейнасці. Праводзілася работа па фарміраванні ў дзяцей навыкаў культуры зносін з равеснікамі ў гульні, выяўляліся інтарэсы і запыты дашкольнікаў, у адпаведнасці з якімі педагогі вызначалі змест гульняў, аказвалася псіхалагічная дапамога па пытаннях узаемадзеяння педагогаў і выхаванцаў і інш. З дзецьмі сярэдняга і старшага дашкольнага ўзросту педагог-псіхолаг праводзіў цыкл заняткаў па развіцці творчага патэнцыялу з мэтай паспяховага развіцця творчай гульнявой дзейнасці. Розныя формы правядзення заняткаў і іх змест выклікалі зацікаўленасць у выхаванцаў, дапамагалі развіваць іх увагу, уяўленне і творчыя здольнасці, фарміраваць гульнявыя навыкі.

Педагогі кансультаваліся па пытаннях, звязаных з развіццём творчых здольнасцей дзяцей падчас гульні і псіхалагічнымі аспектамі ўзаемадзеяння з сем’ямі выхаванцаў. Пытанні ўдасканалення псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці выхавальнікаў у арганізацыі гульнявой дзейнасці ўключаліся ў розныя формы метадычнай работы з кадрамі. Так, педагог-псіхолаг праводзіла псіхалагічныя трэнінгі з выкарыстаннем гульняў, практыкаванняў і тэстаў: “Эфектыўныя метады зносін”, “Прафілактыка сіндрому эмацыянальнага выгарання ў прафесійнай дзейнасці”, “Эфектыўныя метады ўзаемадзеяння з дзецьмі” і інш. Інтэрактыўныя метады і прыёмы пры правядзенні трэнінгаў “Я пазнаю сябе” і “Развіццё педагагічнай рэфлексіі” скіроўвалі педагогаў да самапазнання і самавыяўлення, дапамагалі стварыць натуральнае развіццёвае асяроддзе, якое садзейнічала паспяховай рэалізацыі праекта.

Не менш значным складнікам псіхолага-педагагічнага суправаджэння інавацыйнай дзейнасці з’яўлялася сумесная работа з бацькамі. Педагог-псіхолаг удзельнічала ў групавых і агульных бацькоўскіх сходах, дзе разглядаліся пытанні, якія тычыліся ролі сацыяльнага акружэння дзяцей у фарміраванні сюжэтна-ролевай гульні, выкарыстання розных форм і метадаў работы для арганізацыі гульнявой дзейнасці і развіцця творчых здольнасцей выхаванцаў падчас гульні. Кансультацыйна-асветніцкая работа павышала ўзровень псіхолага-педагагічнай культуры бацькоў у пытаннях гульнявой дзейнасці дзяцей. Акрамя таго, пытанні, звязаныя з павышэннем псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці бацькоў, разглядаліся на пасяджэннях клуба “Гуляем разам”. Гэта дапамагала ўсталяваць даверлівыя адносіны і эмацыянальны кантакт паміж педагогамі і бацькамі. Дзякуючы намаганням педагога-псіхолага, у выхавальнікаў фарміраваліся ўменні па мадэляванні сюжэтна-ролевых гульняў з улікам індывідуальна-асобасных якасцей дзяцей.

Псіхолага-педагагічнае суправаджэнне ўключала таксама маніторынг прамежкавых вынікаў інавацыйнай дзейнасці і ходу рэалізацыі праекта. Атрыманыя даныя аналізаваліся і абмяркоўваліся на розных пасяджэннях. На аснове збору і аналізу гэтых даных выбудоўвалася сістэма псіхалагічнай падтрымкі педагогаў.

Створаная сістэма псіхолага-педагагічнага суправаджэння дапамагла паспяхова рэалізаваць праект. Выніковая дыягностыка пацвердзіла эфектыўнасць работы: павысіўся ўзровень псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці выхавальнікаў і сацыяльнай актыўнасці ўдзельнікаў інавацыйнай дзейнасці, палепшылася якасць адукацыйнага працэсу, паглыбіліся псіхолага-педагагічныя веды бацькоў.

Ірына ГУСАК,

намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці;

Алена ЛАБАНАВА,

педагог-псіхолаг ясляў-сада № 1 Ляхавіч.