Для ўсебаковага развіцця асобы дзіцяці
14.08.2018Агульнавядома, што лепш за ўсё запамінаецца цікавы, наглядны, эмацыянальна афарбаваны матэрыял. На дапамогу прыходзіць лэпбук – пазнавальная форма сумеснай работы дзяцей і выхавальнікаў. Акрамя таго, ён можа выкарыстоўвацца ў сумеснай дзейнасці дзяцей і бацькоў. Гэта эфектыўны сродак навучання, які ў кампактнай і даступнай форме здольны падаць неабходную інфармацыю. Падчас спецыяльнай кансультацыі, арганізаванай у рамках майстэрні, педагогі азнаёміліся з асноўнымі этапамі стварэння лэпбукаў і іх роляй у жыцці дашкольнікаў.
У нашай установе лэпбукі выкарыстоўваюцца па розных тэмах адукацыйнага працэсу: “Асновы бяспекі жыццядзейнасці”, “Пра спорт”, “Сенсарнае развіццё”, “Мая малая радзіма”, “Поры года”, “Хутка ў школу” і інш. Лэпбукі ўяўляюць сабой самаробныя інтэрактыўныя папкі з кішэнькамі, дзверцамі, акенцамі, нататнікамі, сакрэцікамі і рухомымі дэталямі, якія прадугледжваюць розныя творчыя заданні.
Педагогі прэзентавалі арыгінальныя варыянты лэпбукаў, аформіўшы іх з дапамогай розных колераў і матэрыялаў. Ад дзяцей патрабавалася выканаць заданні ў гульнявой форме, правесці назіранні і даследаванні па пэўным матэрыяле, вывучыць і замацаваць яго. Практыка паказала, што выкарыстанне лэпбукаў дапамагае развіваць псіхічныя працэсы дашкольнікаў, замацоўваць вучэбны матэрыял, пашыраць кругагляд. Для дзяцей гэта і праца, і гульня. Лэпбук падыходзіць для арганізацыі індывідуальнай, парнай і групавой работы на занятках і ў розных відах дзіцячай дзейнасці. Такая форма работы добра стымулюе дзіцячую ініцыятыву і творчасць.
Дзейнасць педагагічнай майстэрні не пакінула раўнадушнымі ні выхавальнікаў, ні дзяцей, падарыўшы ім шмат станоўчых эмоцый. Кіраўніцтва ўстановы чарговы раз пераканалася ў высокім прафесійным майстэрстве педагогаў. У сваю чаргу яны ацанілі магчымасці гэтага сродку навучання і разгледзелі перспектывы яго выкарыстання ў далейшай дзейнасці.
Святлана ЛЯШКЕВІЧ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Манькавіцкага ясляў-сада Столінскага раёна.