Вывучаем родны край

17.02.2020
Метадычнае аб’яднанне настаўнікаў гісторыі і грамадазнаўства Маскоўскага раёна Брэста праводзіць сістэмную работу па вывучэнні айчыннай гісторыі і культуры. У рамках Года малой радзімы асаблівая ўвага ўдзяляецца выхаванню беражлівых адносін да гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі і паважлівага стаўлення да нацыянальна-культурных дасягненняў Брэстчыны. На рахунку членаў раённага метадычнага аб’яднання шмат незабыўных экскурсій і падарожжаў па адметных мясцінах вобласці. Педагогі лічаць: каб зацікавіць вучняў гісторыка-культурнымі помнікамі родных мясцін, неабходна самім іх дасканала вывучыць. З гэтай мэтай распрацаваны спецыяльны турыстычны маршрут “Спадчына Брэстчыны”, у межах якога былі наведаны гісторыка-мемарыяльны музей XVIII стагоддзя “Сядзіба Нямцэвічаў” у Скоках Брэсцкага раёна, палацава-паркавы ансамбль Сапег-Патоцкіх XIX стагоддзя ў Высокім, Троіцкі касцёл XVIII стагоддзя ў Воўчыне і сядзіба ХIX стагоддзя ў Грамячы Камянецкага раёна.

Сядзіба Нямцэвічаў у Скоках – адзіная старажытная сядзіба падобнага тыпу ў ваколіцах Брэста. Некалькі гадоў назад у ёй былі завершаны маштабныя рэстаўрацыйныя работы. У свой час тут жылі многія пакаленні знакамітага роду Урсын Нямцэвічаў, у тым ліку Юльян Урсын Нямцэвіч (1758 – 1841) – пісьменнік, публіцыст, дзяржаўны дзеяч. Менавіта ў сценах сядзібы 15 снежня 1917 года было падпісана мірнае пагадненне паміж Савецкай Расіяй і Германскай імперыяй. Сёння ў гісторыка-мемарыяльным музеі працуюць выставачныя залы, адноўлены інтэр’ер памяшканняў. Сядзіба з’яўляецца музейнай гасцёўняй, дзе праходзяць творчыя сустрэчы, літаратурна-музычныя вечарыны, канцэрты камернай музыкі. Педагогі і школьнікі – частыя госці музея.

Незабыўныя ўражанні пакідае таксама палацава-паркавы ансамбль Сапег-Патоцкіх, размешчаны на беразе ракі Пульвы ў Высокім. Ансамбль складаецца з цаглянага палаца, двух флігеляў, службовага корпуса і вялікага маляўнічага парку. Комплекс унесены ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны як помнік сядзібна-паркавай архітэктуры класіцызму. Палац быў пабудаваны ў 1815 годзе, праз 30 гадоў пасля пажару ў старым замку, закладзеным ў першай палове XVIII стагоддзя. Сёння ансамблевыя будынкі знаходзяцца ў закансерваваным стане. На месцы сядзібы плануецца пабудаваць атэль-музей.

Воўчын вядомы з XV стагоддзя, але яго росквіт прыйшоўся на XVIII стагоддзе, калі тут размяшчалася рэзідэнцыя Чартарыйскіх і Панятоўскіх. У мястэчку ў 1732 годзе нарадзіўся апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. У нашы дні галоўнай славутасцю вёскі з’яўляецца познебарочны Троіцкі касцёл, пабудаваны ў 1733 годзе. На працягу 1866 –  1918 гадоў тут размяшчалася праваслаўная царква. Храм быў моцна пашкоджаны ў гады Вялікай Айчыннай вайны, пасля якой у ім знаходзілася калгаснае сховішча ўгнаенняў і ядахімікатаў. Будынак паступова разбураўся. У 2007 годзе ён быў перададзены каталіцкай царкве. Пачаліся аднаўленчыя работы. Сёння рэканструкцыя працягваецца. У храме трэба завяршыць аддзелку ўнутраных памяшканняў і добраўпарадкаваць прылеглую тэрыторыю.

Грамяча вядома сядзібай Пузынаў, якая адносіцца да гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. Аднапавярховы цагляны палац у стылі класіцызму быў пабудаваны ў другой палове ХІХ стагоддзя. У 1933 годзе палацавы комплекс быў прададзены. Пэўны час на яго месцы размяшчалася школа, пасля чаго ён выкарыстоўваўся ў якасці піянерскага лагера. Пазней лагер быў закрыты. Будынак пачаў разбурацца. Некалькі гадоў назад ён быў выкуплены. Нягледзячы на рэстаўрацыйныя работы, турыстычная славутасць выглядае пакуль закінутай.

На гэтым знаёмства брэсцкіх педагогаў з адметнымі мясцінамі роднага краю не скончылася. Наперадзе ў настаўнікаў і іх выхаванцаў шмат новых вандровак, прасякнутых любоўю да малой радзімы і айчыннай гісторыі. 

Юлія ХУДОБКА,

метадыст вучэбна-метадычнага кабінета Маскоўскага раёна Брэста.