Сістэма менеджменту якасці ў павышэнні кваліфікацыі

19.02.2020
Гісторыя айчыннай сістэмы павышэння кваліфікацыі педагогаў налічвае больш за 70 гадоў. Першыя інстытуты ўдасканалення настаўнікаў былі створаны адразу пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. На працягу 75 гадоў існавання Брэсцкі абласны ІРА адыгрывае важную ролю ў арганізацыі дадатковай адукацыі дарослых, каардынацыі метадычнай работы ў рэгіёнах і інш. Асаблівая ўвага ўдзяляецца сістэме менеджменту якасці (СМК), якая дазваляе прывесці адукацыю ў адпаведнасць з міжнароднымі патрабаваннямі стандартаў ISO 9000.

Сістэма менеджменту якасці рэгламентуе толькі тыя аспекты агульнага кіраўніцтва інстытутам, якія тычацца якасці яго арганізацыі. У сваёй дзейнасці ІРА выкарыстоўвае пэўныя інструменты забеспячэння якасці адукацыі. Штогод інстытут праходзіць інспекцыйны аўдыт на адпаведнасць патрабаванням стандартаў ISO 9000. У сертыфікацыйным аўдыце ўлічваюцца параметры, звязаныя з павышэннем кваліфікацыі кіраўніцкіх работнікаў і спецыялістаў адукацыі, аказаннем паслуг па метадычным суправаджэнні мерапрыемстваў дадатковай адукацыі педагогаў, планаваннем, аналізам і паляпшэннем работы. Спынім увагу на першым з іх.

Павышэнне кваліфікацыі – адзін з відаў прафесійнага навучання супрацоўнікаў, мэта якога заключаецца ў пашырэнні іх тэарэтычных ведаў, удасканаленні практычных уменняў і навыкаў у адпаведнасці з запытамі часу. Усё гэта забяспечвае рост педмайстэрства. 

Летась на базе інстытута павышэнне кваліфікацыі прайшлі больш за 7,6 тысячы чалавек. Акрамя таго, педагогі павышалі кваліфікацыю на базе рай(гар)аддзелаў па адукацыі і ўстаноў адукацыі, у дыстанцыйнай (завочнай) форме.

Да прафесійнай падрыхтоўкі педагогаў заўсёды прад’яўляліся высокія патрабаванні. Нельга паспяхова вучыць іншых, не будучы добра падрыхтаваным. Педагогі павінны заўсёды быць у курсе апошніх змен і новаўвядзенняў. Дзякуючы гэтаму можна заставацца цікавым для вучняў. Павышэнне кваліфікацыі, якое праходзіць раз у 3 гады, дазваляе педагогам даведацца пра новыя метадычныя прыёмы, атрымаць актуальныя веды, абмяняцца вопытам з калегамі з іншых рэгіёнаў.

Якасць павышэння кваліфікацыі залежыць ад лектарскага складу, які пастаянна абнаўляецца, педагагічнай практыкі ва ўстановах адукацыі, выступленняў спецыялістаў зацікаўленых ведамстваў. Акрамя супрацоўнікаў інстытуцкай кафедры, да работы з педагогамі прыцягваюцца выкладчыкі УВА і АПА. Летась у павышэнні кваліфікацыі былі задзейнічаны 793 выкладчыкі з ліку прадстаўнікоў органаў кіравання адукацыяй, партнёрскіх арганізацый, УВА, ІРА, устаноў дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі. 67 чалавек мелі вучоныя ступені кандыдата/доктара навук. На іх долю прыйшлося каля 30% вычытаных гадзін. Найбольш цікавымі і пазнавальнымі слухачы лічаць заняткі А.В.Машчука, А.І.Астапука, Ю.А.Іванова, А.І.Мядзведскай, Н.В.Фяцісавай, А.У.Нарывончыка, Л.І.Мемех, В.А.Сташчанюк, С.Г.Корбут і інш. Сярод запатрабаваных тэм – “Гульнявыя тэхналогіі ў рабоце класнага кіраўніка”, “Псіхалогія педагагічнага ўзаемадзеяння”, “Сістэма падрыхтоўкі вучняў да алімпіяды”, “Фарміраванне іншамоўнай камунікатыўнай кампетэнцыі”, “Выхаванне творчай асобы ва ўстановах адукацыі”, “Канфлікты ў педдзейнасці і іх папярэджанне. Сацыяльна-маральнае выхаванне”, “Інтэрактыўныя формы правядзення выхаваўчых мерапрыемстваў з малодшымі школьнікамі”. 

ІРА забяспечвае не толькі пераемнасць у бесперапынным развіцці прафесіяналізму педагогаў пры павышэнні кваліфікацыі, але і ўзаемадзеянне з рэгіянальнымі ВМК і метадычнымі аб’яднаннямі настаўнікаў. Акрамя таго, інстытут аб’ядноўвае навуковы патэнцыял прафесарска-выкладчыцкага складу з практычным вопытам метадыстаў.

Сістэма менеджменту якасці накіравана на забеспячэнне ўстойлівага развіцця інстытута як установы дадатковай адукацыі дарослых праз трывалыя сувязі з карыстальнікамі адукацыйных паслуг, пастаяннае павышэнне іх якасці і эфектыўнае задавальненне запытаў органаў кіравання адукацыяй і педагогаў. Укараненне і выкарыстанне СМК у адукацыі дазваляе не толькі выйсці ўстанове адукацыі на якасна новы ўзровень, але вырашыць многія праблемы. Дакладнае размеркаванне абавязкаў і адказнасці за выкананне работы на сваім участку дапамагае павысіць падрыхтоўку педкадраў.

Сярод слухачоў праводзіцца выніковая дыягностыка іх задаволенасці зместам павышэння кваліфікацыі. Аналіз паказвае, што слухачы ў цэлым задаволены раскладам (каля 92%) і формамі правядзення заняткаў (каля 93%), забяспечанасцю вучэбнай, даведачнай і мастацкай літаратурай, спецыялізаванымі перыядычнымі выданнямі (каля 90%), тэхнічным аснашчэннем адукацыйнага працэсу (каля 90%), актуальным зместам вучэбнай праграмы (каля 88%) і арганізацыяй кансультацый (каля 95%). Усё гэта дазваляе метадыстам рэгулярна аналізаваць праблемнае поле сваёй дзейнасці і прагназаваць далейшую работу з максімальнай выніковасцю. СМК дзейнічае ў ІРА з 2013 года і даказала сваю мэтазгоднасць.

Каб адпавядаць сучасным адукацыйным тэндэнцыям, выкладчыкам ІРА неабходна пашыраць спектр лектарскіх магчымасцей: праводзіць сістэматычныя заняткі па эксперыментальнай рабоце і праектнай дзейнасці, распрацоўваць новыя падыходы да зместу адукацыі з улікам навейшых педагагічных тэхналогій. Наяўнасць СМК дазваляе комплексна падыходзіць да кіравання якасцю адукацыі.

Кацярына АДАМЧУК,

начальнік арганізацыйна-метадычнага цэнтра менеджменту якасці і аналітычнай работы;

Наталля ШЫШУЛІНА,

метадыст арганізацыйна-метадычнага цэнтра менеджменту якасці і аналітычнай работы Брэсцкага абласнога ІРА.