Самаадукацыйная дзейнасць педагогаў

21.02.2020
Грамадства заўсёды прад’яўляла да настаўнікаў высокія патрабаванні. І гэта зразумела. Каб вучыць іншых, неабходна ведаць і ўмець больш, чым астатнія. Таму педагогі павінны знаходзіцца ў рэжыме пастаяннага самаразвіцця. Самаадукацыя – неабходная ўмова паспяховай прафесійнай дзейнасці. Псіхалагічнай мэтазгоднасці самаадукацыйнай дзейнасці педагогаў быў прысвечаны абласны навукова-метадычны семінар настаўнікаў пачатковых класаў, арганізаваны БрДУ імя А.С.Пушкіна на базе Брэсцкага абласнога ІРА.

Дацэнт кафедры сацыяльнай работы сацыяльна-педагагічнага факультэта БрДУ імя А.С.Пушкіна кандыдат псіхалагічных навук К.М.Сіда адзначыла, што самаадукацыя з’яўляецца вядучай каштоўнасцю нацыянальнай сістэмы адукацыі. Гэта бесперапынная, сістэматычная, спецыяльна арганізаваная пазнавальная дзейнасць, накіраваная на дасягненне пэўных асобасна і грамадска значных адукацыйных мэт, задавальненне пазнавальных інтарэсаў, агульнакультурных і прафесійных запытаў, павышэнне кваліфікацыі. Самаадукацыйная дзейнасць педагогаў заключаецца ў авалоданні тэхнікай і культурай разумовай працы, уменні пераадольваць праблемы, самастойна самаўдасканальвацца.

Абмяркоўваючы праблемнае поле семінара, настаўнікі пагадзіліся, што самаадукацыйная дзейнасць дазваляе самарэалізавацца ў асобаснай і прафесійнай траекторыі. Так, А.А.Чухлей з Пачапаўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы Пінскага раёна лічыць, што самаадукацыйная дзейнасць – адзін з важных напрамкаў павышэння прафесійнага майстэрства, якое патрабуе ўдасканалення тэарэтычных ведаў, авалодання новымі формамі, метадамі і прыёмамі навучання і выхавання дзяцей, укаранення ў практыку навейшых дасягненняў педагагічнай, псіхалагічнай і іншых сацыяльных навук, новых педтэхналогій, развіцця інавацыйных працэсаў.

Для А.М.Кавелька з гімназіі № 3 Баранавіч самаадукацыя – эфектыўная форма павышэння ўласнага прафесіяналізму і самарэалізацыі. Здольнасць да самаадукацыі не фарміруецца ва ўніверсітэце, а вызначаецца псіхалагічнымі і інтэлектуальнымі магчымасцямі чалавека. Многія педагогі прызнаюцца, што ім для самаадукацыі не хапае часу, крыніц інфармацыі і стымулаў і інш. Але сапраўдная прычына, на думку А.М.Кавелька, тоіцца ў іншым – у інэртнасці мыслення і “гультаяватым” розуме.

Па словах А.К.Вакульчык з сярэдняй школы № 8 Пінска, важную ролю ў самаадукацыі адыгрывае мэтанакіраваная і ўсвядомленая пазнавальная дзейнасць у атрыманні сістэмных ведаў у галіне педагогікі і псіхалогіі. Настаўнік павінен дасканала валодаць не толькі методыкай выкладання свайго прадмета, вербальнымі і невербальнымі сродкамі зносін, асновамі маніторынгу, але і вялікай эрудыцыяй, мець высокі ўзровень культуры. Педагогі выбіраюць тэмы для самаадукацыі з улікам сваіх патрэб і патрэб школы. Таму тэма самаадукацыі павінна быць накіравана на павышэнне эфектыўнасці адукацыйнага працэсу.

Т.У.Ананька з гімназіі № 3 Баранавіч засяродзіла ўвагу на ўмовах і матывах, якія могуць падштурхнуць настаўнікаў да самаадукацыі, развіць устойлівую патрэбу ў ёй. Сярод іх – імклівыя змены ў грамадскім жыцці, звязаныя з актыўным укараненнем інфармацыйных тэхналогій.

Удзельнікі семінара падзяліліся цікавым вопытам па распрацоўцы і рэалізацыі індывідуальных планаў па самаадукацыі. Так, С.У.Міхед з сярэдняй школы № 3 Жабінкі акцэнтавала ўвагу на структуры самаадукацыйнай дзейнасці. І.М.Ашкіна з сярэдняй школы № 9 Пінска падзялілася напрацоўкамі па самапрэзентацыі вынікаў самаадукацыі, якімі з’яўляюцца паказчыкі ў павышэнні эфектыўнасці выкладання прадмета, артыкулы, даклады, дыдактычныя і наглядныя матэрыялы, тэсты, выступленні на пасяджэннях метадычных аб’яднанняў і педагагічных саветах, адкрытыя ўрокі па самаадукацыі, трэнінгі, семінары, канферэнцыі, майстар-класы, абагульненне вопыту.

Па выніках семінара былі выпрацаваны рэкамендацыі, накіраваныя на ўдасканаленне самаадукацыйнай дзейнасці педагогаў.

Кацярына СІДА,

дацэнт кафедры сацыяльнай работы сацыяльна-педагагічнага факультэта БрДУ імя А.С.Пушкіна,

кандыдат псіхалагічных навук.