І вучымся, і гуляем
20.08.2018Шматгадовы вопыт паказаў, што работа настаўнікаў замежнай мовы па развіцці камунікатыўных кампетэнцый школьнікаў больш эфектыўная пры выкарыстанні прыёмаў тэатральнай дзейнасці. У рэпертуар нашага тэатра ўваходзяць не толькі інсцэніроўкі казак, але і спектаклі драматычнага плану: “Чараўнік ізумруднага горада”, “Брэменскія музыканты”, “Прыгоды Нязнайкі і яго сяброў”, “Бураціна”, “Дзень Святога Валянціна”, “Хэлоўін”, цыкл калядных кірмашоў і інш. З мэтай павышэння акцёрскага майстэрства юныя тэатралы часта наведваюць пастаноўкі Брэсцкага акадэмічнага тэатра і Брэсцкага тэатра лялек.
Нашы спектаклі – гэта калектыўная праца і сумесная творчасць. Агульная цікавая справа аб’ядноўвае дзяцей і аказвае на іх моцнае выхаваўчае ўздзеянне. Хлопчыкі і дзяўчынкі становяцца больш добрымі і чулымі, у іх з’яўляецца пачуццё ўзаемнай адказнасці, павышаецца цікавасць да замежнай мовы і чытання. Акрамя таго, дзеці лёгка наладжваюць зносіны.
Матэрыял для сцэнарыяў адаптуецца ў адпаведнасці з узроставымі асаблівасцямі і моўнымі магчымасцямі школьнікаў. У сцэнарыі ўключаюцца песні на англійскай і нямецкай мовах, даступныя для разумення вучняў.
Заняткі ў аб’яднанні даволі разнастайныя па відах дзейнасці і дзеляцца на тэарэтычныя і практычныя. Першай рэпетыцыі папярэднічае вялікая падрыхтоўчая работа. Дзеці знаёмяцца са зместам твора, чытаюць сцэнарый па ролях, адпрацоўваюць вымаўленне і інтанацыю, развучваюць песні, танцы і словы роляў другога плану, праводзяць касцінгавыя вычыткі на ролі першага плану і конкурсныя розыгрышы асобных сцэн будучага спектакля.
Рэпетыцыі праходзяць на імправізаванай сцэне. На першай рэпетыцыі плануюцца схема спектакля, паслядоўнасць выхаду герояў, рух па сцэне, кампазіцыі танцаў і прамежкі музычных уставак. Далей вучні працуюць над словамі галоўных і другарадных герояў, іх правільным узаемадзеяннем на сцэне, адточваюць акцёрскае майстэрства, працуючы над выразнасцю вобразаў.
Паспяховаму вывучэнню замежнай мовы садзейнічае ўключэнне ў пастаноўкі нацыянальна-рэгіянальнага кампанента, калі дзеці знаёмяцца з культурай, традыцыямі і звычаямі свайго народа, супастаўляючы іх з культурай іншых народаў. Пагружаючыся ў атмасферу роднага краю, вучні ствараюць вобразы герояў, якія гавораць і думаюць на замежнай мове.
Важны напрамак тэатральнай дзейнасці – работа над вымаўленнем. Акцёрская гульня дапамагае ўдасканальваць яго, трэніруючы гукі, словы і інтанацыю.
Не менш важным аспектам пры вывучэнні замежнай мовы з’яўляецца актыўнае папаўненне лексікі. Тэатральная дзейнасць – гэта не толькі дыялогі, сцэнкі і маналогі, але і вершы, і песні, звязаныя з тэмай. Яны таксама развіваюць навыкі гутарковай мовы, уменні гаварыць і разумець замежнае маўленне.
Тэатральныя пастаноўкі моцна матывуюць да вывучэння замежнай мовы, бо ствараюць моўнае асяроддзе, набліжанае да натуральнага, актывізуюць амаль увесь праграмны лексіка-граматычны матэрыял. Вучні хутка авалодваюць маўленчымі канструкцыямі і формамі (у рамках пэўных сітуацый) і аўтаматычна аперыруюць імі пры выкананні камунікатыўных заданняў іншага кшталту.
Галоўным дасягненнем нашай работы стала не толькі павышэнне паспяховасці юных тэатралаў, але і іх жаданне вывучаць другую замежную мову. У выніку быў арганізаваны факультатыў па нямецкай мове.
На рахунку аб’яднання шмат дыпломаў, атрыманых па выніках раённых і абласных фестываляў тэатральных калектываў на замежнай мове.
Інга ЛАЗОЎСКАЯ,
настаўніца нямецкай мовы;
Алена ФІЛІМАНЮК,
настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 1 Жабінкі.