Ад тэорыі да практыкі

27.02.2020
З мэтай павышэння прафесійнай кампетэнтнасці настаўнікаў у галіне методыкі выкладання прадметаў і ІКТ, распаўсюджвання эфектыўнай педагагічнай практыкі ў нашай гімназіі прайшоў метадычны тыдзень “Эфектыўны педагагічны вопыт: ад тэорыі да практыкі”. Яго актуальнасць абумоўлена актыўнай інавацыйнай дзейнасцю ўстановы адукацыі.

Летась у гімназіі завяршылася рэалізацыя інавацыйнага праекта па ўкараненні мадэлі дапрофільнай падрыхтоўкі вучняў ва ўзаемадзеянні ўстаноў агульнай сярэдняй, прафесійнай і дадатковай адукацыі, сям’і і соцыуму. Падчас рэалізацыі праекта педагогі назапасілі вялікі інавацыйны вопыт работы. На гэтым мы не спыніліся. Паколькі ў гімназіі заўсёды ўдзялялася вялікая ўвага развіццю метапрадметных кампетэнцый, у тым ліку ў галіне ІКТ, у бягучым навучальным годзе пачаў ажыццяўляцца праект, звязаны з укараненнем мадэлі фарміравання лічбавых кампетэнцый удзельнікаў адукацыйнага працэсу. Гэты праект дазволіць не толькі павысіць прафесійнае майстэрства, але і назапасіць карысны вопыт.

У рамках метадычнага тыдня педагогі абменьваліся цікавымі напрацоўкамі. На працягу тыдня адбыліся 9 адкрытых урокаў па розных прадметах, 3 пазаўрочныя мерапрыемствы і майстар-клас па выкарыстанні ЭСН і ЭАР у адукацыйным працэсе. Іх удзельнікі высока ацанілі работу калег.   

Завяршыўся тыдзень метадычным марафонам з удзелам педагогаў сярэдняй школы № 2 Століна. Марафон складаўся з трэнінгу “Матывацыя на пазітыўны дзень”, праведзенага педагогам-псіхолагам Г.М.Майсяевіч, і тэматычных майстар-класаў. Так, настаўніца англійскай мовы А.В.Даневіч і намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Л.А.Заянчкоўская прэзентавалі вопыт па выкарыстанні інфаграфікі на ўроках англійскай мовы і дапрофільнай падрыхтоўкі вучняў. Настаўніца беларускай мовы і літаратуры С.У.Вабішчэвіч правяла ўрок для дарослых “Арганізацыя дапрофільнай падрыхтоўкі вучняў сродкамі беларускай мовы і літаратуры”. Цікавым атрымаўся майстар-клас настаўніцы матэматыкі І.В.Пачко па выкарыстанні сэрвісу Google Forms у рабоце педагогаў.

Калегі з сярэдняй школы № 2 правялі майстар-класы “Актыўныя прыёмы работы з мастацкім тэкстам”, “Выкарыстанне нестандартных форм работы на ўроках музыкі” і “Школьнае тэлебачанне: быць ці не быць?”, а таксама метадычны квест “Прыёмы актывізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў на ўроку”. Падчас інтэрактыўнага перапынку педагогі з задавальненнем вучыліся народным танцам Століншчыны. Для вучняў быў арганізаваны квест “Тэхнакід”.

Лілія ЗАЯНЧКОЎСКАЯ,

намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Столінскай дзяржаўнай гімназіі.