Вандруем па родным краі

28.02.2020
Работа па азнаямленні дашкольнікаў з гісторыяй і культурай роднага краю – важная частка патрыятычнага выхавання і сацыяльна асобаснага развіцця. Адной з эфектыўных форм такой работы з’яўляецца віртуальная экскурсія па родным горадзе (вёсцы), якая дапамагае сфарміраваць у дзяцей любоў да малой радзімы, патрыятызм, цікавасць да народных традыцый, важныя маральныя якасці.

У адрозненне ад звычайнай экскурсіі, віртуальная экскурсія дазваляе ў любы час года і ў любое надвор’е апынуцца ў любым кутку роднага краю, атрымаць візуальныя звесткі пра мясціны, недаступныя для рэальнага наведвання, неаднаразова паўтараць матэрыял у неабходным тэмпе, палепшыць якасць адукацыйнага працэсу. У адпаведнасці з узроставымі асаблівасцямі дзяцей і спецыфікай вывучэння матэрыялу знаёміць дашкольнікаў з родным краем лепш за ўсё ў форме падарожжа. У педагогаў Століншчыны назапашаны багаты вопыт у гэтым напрамку адукацыйнай дзейнасці.

З мэтай актывізацыі краязнаўчай работы, выяўлення і падтрымкі творчых выхавальнікаў прайшоў раённы конкурс мультымедыйных прэзентацый на беларускай мове “Вандроўка па родным краі”. У спаборніцтве ўдзельнічала 41 работа з 36 дашкольных устаноў. Конкурс праводзіўся ў намінацыях “Дзіця і прырода”, “Дзіця і грамадства” і “Развіццё маўлення і культура маўленчых зносін”. Больш за ўсё работ было прадстаўлена ў намінацыі “Дзіця і грамадства” (37).

Тэматыка конкурсных работ надзвычай разнастайная: “Падарожжа па роднай вёсачцы”, “Краявіды маёй вёскі”, “Знаёмства з вуліцамі роднай вёскі”, “Падарожжа па порах года”, “Знакамітыя людзі малой радзімы”, “Славутасці роднага Століна”, “Мой Столін – спартыўны!”, “Мой любімы Давыд-Гарадок”, “Прырода роднага краю – парк Манькавічы” і інш.

Конкурс паказаў зацікаўленасць педагогаў у назапашванні і выкарыстанні метадычных распрацовак па папулярызацыі беларускай мовы ў дашкольных установах, актывізаваў дзейнасць выхавальнікаў па прымяненні мультымедыйных прэзентацый у рабоце з дзецьмі, выявіў шмат творчых педагогаў, дапамог удасканаліць іх кампетэнтнасць у сферы ІКТ.

Дыпломы І ступені атрымалі намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 2 Століна Н.М.Літвінчук, выхавальніца М.І.Маляўка з ясляў-сада № 1 Століна і творчы калектыў педагогаў з Манькавіцкага ясляў-сада.

Лепшыя матэрыялы сістэматызаваны ў электронным зборніку, які будзе распаўсюджаны ў дашкольных установах раёна. Гэта дазволіць знаёміць выхаванцаў з інфармацыяй пра багацце і разнастайнасць прыродных, культурных, гістарычных і турыстычных аб’ектаў, размешчаных на Століншчыне, прадоўжыць работу па выкарыстанні ІКТ у навучанні дашкольнікаў. Сістэматычнае выкарыстанне віртуальных экскурсій у спалучэнні з традыцыйнымі метадамі дазваляе зрабіць знаёмства з малой радзімай больш цікавым, эфектыўным і якасным.

Наталля КАВАЛЬСКАЯ,

метадыст Столінскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета.