Іх прызванне – педагогіка

03.03.2020
У сярэдняй школе № 12 імя К.Л.Губарэвіча Брэста адбылося святочнае мерапрыемства, прысвечанае вынікам раённага этапу Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў “Настаўнік года”. Павіншаваць пераможцаў і ўручыць ім прызы прыйшлі начальнік гарадскога аддзела па адукацыі А.М.Наскоў, начальнік упраўлення па адукацыі адміністрацыі Маскоўскага раёна Брэста В.К.Шчэрба, прадстаўнікі ГА “Белая Русь” і галіновага прафсаюза. Віншавальны відэазварот даслала дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, член пастаяннай камісіі па адукацыі і навуцы М.В.Васько.

Конкурсныя выпрабаванні, у якіх удзельнічалі 34 педагогі, доўжыліся больш за месяц. Па выніках завочнага этапу конкурсу, што складаўся з самапрэзентацыі, відэаматэрыялаў урокаў і творчай характарыстыкі ўдзельнікаў, былі адабраны 22 лепшыя з іх. Заключны этап спаборніцтваў уключаў адкрытыя заняткі ў незнаёмых класах (групах) і публічныя выступленні на тэму “Сэрца аддаю дзецям”. Падчас урокаў настаўнікі разам з вучнямі разважалі над тым, ці спатрэбіцца ў жыцці закон Ньютана і Фарадэя, знаходзілі з’явы праламлення свету ў аповесці В.Катаева “Бялее ветразь адзінокі”, вырашалі, што рабіць, каб не пакрыўдзілася карова і не пракісла малако, даведаліся, чаму брытанская разведка хацела дабавіць у ежу Гітлера жаночыя гармоны…

- Ва ўстановах адукацыі Маскоўскага раёна Брэста працуе каля 3,8 тысячы педагогаў. У кожнага свой почырк, дасягненні, цікавыя метадычныя знаходкі. Конкурс – выдатная магчымасць для дэманстрацыі прафесійных кампетэнцый і агульнай культуры, далейшага кар’ернага росту. Многія былыя канкурсанты займаюць сёння кіраўніцкія пасады, - расказаў начальнік раённага ўпраўлення па адукацыі В.К.Шчэрба.

Пераможцамі раённага этапу Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў сталі настаўніца фізікі Таццяна Канстанцінаўна Прыгодзіч з сярэдняй школы № 14 імя Я.М.Фаміна, настаўніца біялогіі Святлана Валер’еўна Бакунец з сярэдняй школы № 26, настаўніца пачатковых класаў Наталля Мікалаеўна Дзядзюк з ясляў-сада – пачатковай школы № 6, настаўніца рускай мовы і літаратуры Ларыса Віктараўна Карповіч з сярэдняй школы № 11, настаўнік фізічнай культуры і здароўя Аляксей Генадзьевіч Басавец з сярэдняй школы № 12 імя К.Л.Губарэвіча, выхавальніцы Вольга Аляксандраўна Пракапюк з ясляў-сада № 44 і Аксана Аляксандраўна Кірылюк з ясляў-сада № 64.

Ніна ДРЫК,

намеснік загадчыка вучэбна-метадычнага кабінета Маскоўскага раёна Брэста.