Моладзь, навука, інавацыі…

20.03.2020
У ходзе двухдзённай рабочай паездкі ў Пінск міністр адукацыі Беларусі І.В.Карпенка наведаў Палескі дзяржаўны ўніверсітэт, дзе сустрэўся з членамі Савета маладых вучоных пры галіновым міністэрстве і студэнцкім актывам ПалесДУ, азнаёміўся з дзейнасцю ТАА “Тэхнапарк “Палессе”, а таксама ўручыў пінскім школьнікам пашпарты грамадзян Беларусі і падарункавае выданне “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь”.

- Ва ўсе часы моладзь з’яўлялася рухавіком прагрэсу, найбольш актыўнай і ініцыятыўнай часткай грамадства, - адзначыў І.В.Карпенка. – Тэхналагічныя прарывы ў розных галінах ведаў, якія тычацца штучнага інтэлекту, рабатызацыі, інфармацыйных, нана- і біятэхналогій, мяняюць чалавека і грамадства, ствараюць новыя выклікі і новыя магчымасці. Сучасная моладзь валодае вялікім патэнцыялам. Яна мабільная, здольная генерыраваць новыя ідэі, знаходзіць нестандартныя рашэнні праблем, працаваць у дынамічным і зменлівым асяроддзі. Менавіта таму бягучыя змены павінны адбывацца пры непасрэдным удзеле моладзі.

Штогод у рамках Дня беларускай навукі Міністэрства адукацыі праводзіць сустрэчы з прадстаўнікамі ўніверсітэцкай навуковай моладзі, каб абмеркаваць актуальныя пытанні, якія яе хвалююць. Сёлета было прынята рашэнне аб стварэнні пры міністэрстве Савета маладых вучоных, куды ўвойдуць прадстаўнікі навукі ва ўзросце да 35 гадоў. Сёння ва ўстановах вышэйшай адукацыі ўжо дзейнічаюць падобныя саветы. Рэспубліканскі савет павінен стаць пастаянна дзеючай пляцоўкай для актыўнага абмеркавання актуальных праблем. Гэта кансультацыйна-дарадчы орган для выпрацоўкі рэкамендацый і прапаноў па ўдасканаленні дзяржаўнай падтрымкі і паляпшэнні ўмоў для рэалізацыі патэнцыялу моладзі, дасягнення поспехаў у навуковай сферы. Асноўная мэта Савета – генерацыя цікавых ідэй, якія можна ўвасобіць у тэхналагічныя рашэнні.

Па словах І.В.Карпенкі, у сучасных універсітэтах цесна інтэграваны адукацыя і навука, ажыццяўляецца якасная падрыхтоўка высокакваліфікаваных спецыялістаў і маладых навуковых кадраў. У 8 УВА краіны рэалізоўваецца эксперыментальны праект па ўкараненні мадэлі “Універсітэт 3.0”, паспяховае завяршэнне якога дазволіць стварыць інавацыйнае асяроддзе ва ўсіх установах вышэйшай адукацыі Беларусі.

- Для паспяховага вырашэння задач па інтэграцыі адукацыі і навукі, камерцыялізацыі вынікаў навуковай дзейнасці вельмі важна, каб моладзь актыўна ўдзельнічала ў рэалізацыі мадэлі “Універсітэт 3.0”, - заўважыў І.В.Карпенка. – Вашы ініцыятывы і прапановы павінны ўнесці значны ўклад у развіццё ўніверсітэцкага інавацыйнага асяроддзя. Калі студэнты далучаюцца да навукова-даследчай работы ў студэнцкіх навуковых падраздзяленнях і таварыствах, то магістранты і аспіранты ўжо робяць усвядомлены выбар у адносінах да навуковай дзейнасці. Для іх важна вырашыць пастаўленую навуковую задачу, рэалізаваць творчы патэнцыял шляхам абароны дысертацыі і атрымання ступені кандытата навук, павысіць кваліфікацыю, пашырыць кола зносін у інтэлектуальным асяроддзі. Маладыя вучоныя, атрымаўшы дыплом даследчыка, маюць уласныя меркаванні ў прафесійнай галіне, атрымліваюць задавальненне ад працы ў навуковай сферы. Разам з тым вельмі важна пры падрыхтоўцы дысертацыі падтрымаць цікавасць да навукі сярод маладых вучоных і педагогаў, дапамагчы ім завяршыць пачатую работу і абараніць яе, стварыць умовы для навуковай работы са студэнтамі і вучнямі. Моладзь павінна бачыць, дзе яе веды будуць запатрабаваны, у якіх галінах сусветная навука чакае вялікіх знаходак, адкрыццяў, вынаходстваў.

Вялікую ўвагу, на думку І.В.Карпенкі, трэба ўдзяляць папулярызацыі навуковых даследаванняў і распрацовак сярод школьнікаў. Павышэнне цікавасці да атрымання новых ведаў, тэхнікі і перадавых тэхналогій дазволіць вырасціць абітурыентаў з адказным стаўленнем да ўласнага прафесійнага развіцця, што палепшыць якасць вышэйшай адукацыі.

- Пры выпрацоўцы прапаноў Савету маладых вучоных варта звяртаць асаблівую ўвагу на шэраг пытанняў, - адзначыў І.В.Карпенка. – Сярод іх – павышэнне якасці навучання ў аспірантуры. На жаль, толькі 9,5% мінулагодніх выпускнікоў аспірантуры завяршылі яе з абаронай дысертацыі. Неабходна выпрацаваць прапановы па павышэнні ўнутранай матывацыі суіскальнікаў вучонай ступені і ўдасканаленні ўмоў ва ўніверсітэтах для правядзення дысертацыйных даследаванняў. Акрамя таго, трэба ствараць новыя навукаёмістыя стартап-праекты. Штогод Міністэрства адукацыі праводзіць конкурс праектаў навукова-даследчых работ дактарантаў, аспірантаў, суіскальнікаў і студэнтаў на атрыманне для іх выканання грантаў з рэспубліканскага бюджэту. Так, сёлета для грантавай падтрымкі 133 праектаў выдаткавана 500 тысяч рублёў.

Неабходна ўзмацніць практыка-арыентаванасць маладзёжных навуковых праектаў, забяспечыць падтрымку іх укаранення ў адпаведных галінах і рэгіёнах, асобных арганізацыях і прадпрыемствах. Застаецца актуальным пытанне давядзення такіх праектаў да камерцыйнай стадыі намаганнямі ўніверсітэтаў і іх выпускнікоў. У сувязі з гэтым трэба павялічыць колькасць работ, накіраваных на распрацоўку макетаў і эксперыментальных узораў новых відаў прадукцыі, падрыхтоўку бізнес-планаў стартап-праектаў.

- Варта ўкараняць новыя падыходы і практыкі па папулярызацыі навукі сярод дзяцей, далучэнні навучэнскай моладзі да навуковай і інавацыйнай дзейнасці, - лічыць І.В.Карпенка. – Сёння наша краіна мае патрэбу ў інжынерах, вучоных і прадпрымальніках-інаватарах, чыя дзейнасць забяспечаць рост УВП, павысіць дабрабыт грамадзян, канкурэнтаздольнасць Беларусі на сусветным рынку. Установы вышэйшай адукацыі здольны вырашыць гэтую задачу ў рамках мадэлі “Універсітэт 3.0”. Але для гэтага патрабуюцца новыя інструменты ў рабоце з дзецьмі і моладдзю. Вопыт навуковай дзейнасці членаў Савета маладых вучоных можа стаць прыкладам для школьнікаў, якія толькі выбіраюць жыццёвы шлях, вызначаюцца з будучай прафесіяй. У наступным годзе запланавана адкрыццё Дзіцячага тэхнапарка – пляцоўкі для работы з вучнямі, здольнымі да праектна-даследчай дзейнасці. Вызначаны 15 тэматычных напрамкаў, па якіх члены Савета могуць рэалізаваць свой навукова-педагагічны патэнцыял. Важную ролю ў папулярызацыі навукі павінны адыграць рэгулярныя сустрэчы маладых вучоных са школьнікамі.

Па словах І.В.Карпенкі, работа ва ўніверсітэцкім асяроддзі з моладдзю патрабуе актывізацыі. Саветы маладых вучоных павінны працаваць больш прадуктыўна, уносіць прапановы па стварэнні належных умоў для паспяховага развіцця кар’еры навукоўца і выкладчыка, далучэнні моладзі да праектаў, якія рэалізоўваюць універсітэты і тэхнапаркі. Плануецца, што ў рэгіянальных УВА будуць праводзіцца выязныя пасяджэнні Савета маладых вучоных для знаёмства з навуковай і інавацыйнай інфраструктурай, абмену станоўчым вопытам работы.

Падчас установачнага пасяджэння Савета маладых вучоных абмяркоўваліся не толькі яго палажэнне, мэты і задачы, арганізацыйная структура, але і актуальныя пытанні, звязаныя са шляхамі прыцягнення моладзі ва ўніверсітэцкую навуку, павышэннем прэстыжу навуковай дзейнасці, праблемамі маладзёжных стартапаў і іх падтрымкай на розных узроўнях, аналізам кадравага патэнцыялу УВА і шляхамі павышэння эфектыўнасці аспірантуры, кааперацыяй УВА ў правядзенні сумесных навуковых даследаванняў і распрацовак, сацыяльнай палітыкай па падтрымцы маладых вучоных, роляй магістратуры, недахопам эфектыўных методык і тэхналогій выкладання прадметаў, практыка-арыентаванасцю дысертацый і праектаў і інш. Старшыней Савета маладых вучоных быў выбраны загадчык кафедры гандлёвага і рэкламнага абсталявання факультэта маркетынгу, менеджменту, прадпрымальніцтва БНТУ кандыдат тэхнічных навук А.І.Ермакоў.

На сустрэчы са студэнцкім актывам ПалесДУ міністру адукацыі расказалі пра арганізацыю студэнцкага самакіравання, валанцёрства і другаснай занятасці, рэалізацыю цікавых маладзёжных праектаў, дзейнасць пярвічнай арганізацыі БРСМ і пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі, работу маладзёжнага атрада аховы правапарадку “Бастыён”.

- Роля маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў істотная, бо асоба чалавека фарміруецца ў сацыяльна значнай дзейнасці, - заўважыў І.В.Карпенка.

У размове з міністрам закраналіся пытанні, якія тычыліся асобасных якасцей канкурэнтаздольных спецыялістаў, рэалізацыі нашумелага закона аб адтэрміноўцы ад вайсковай службы, стварэння ваенных кафедр ва УВА, дуальнай адукацыі, фінансавання маладзёжных праектаў… Студэнты цікавіліся ў І.В.Карпенкі, ці ёсць у яго любімыя кнігі і хобі, ці былі памылкі ў прафесійнай дзейнасці, ці займаецца ён спортам, якую ролю адыгралі падзеі Вялікай Айчыннай вайны ў асабістым лёсе… Ігар Васільевіч прызнаўся, што ў вольны час захапляецца рыбалкай і садаводствам, і параіў пры любой загружанасці знаходзіць час для сябе і сям’і, каб потым не шкадаваць.

- У магістратуру і аспірантуру павінна ісці высокаматываваная моладзь з навуковым складам розуму, здольная прапанаваць цікавыя і актуальныя ідэі для рэальнага паляпшэння жыцця, - адзначыў І.В.Карпенка. – Прафарыентацыяй моладзі трэба займацца не сістэме адукацыі, а работадаўцам, зацікаўленым у падрыхтоўцы спецыялістаў з канкрэтнымі прафесійнымі кампетэнцыямі. Недахопы ў прафарыентацыйнай рабоце ёсць, але яны не сістэмныя. Задача школы – падрыхтаваць выпускніка, які стане дастойным грамадзянінам, сем’янінам і прафесіяналам.

Міністр адукацыі азнаёміўся з дзейнасцю ТАА “Тэхнапарк “Палессе”, заснавальнікамі якога з’яўляюцца Беларускі інавацыйны фонд, профільныя ўпраўленні мясцовых органаў выканаўчай улады і ПалесДУ. Дырэктар тэхнапарка А.В.Козыр расказаў, што яго мэта заключаецца ў стварэнні спрыяльных умоў для арганізацыі і развіцця інавацыйных прадпрыемстваў, паскарэнні вытворчага асваення вынікаў навукова-даследчых і доследна-канструктарскіх работ, вынаходстваў і адкрыццяў, накіраваных на ўкараненне канкурэнтаздольных, экспартнаарыентаваных і імпартазамяшчальных тэхналогій, тавараў і паслуг. Тэхнапарк займаецца інфармацыйным, навукова-тэхнічным і інавацыйным кансультаваннем. Сярод асноўных задач работы – прыцягненне рэзідэнтаў у галіне сельскай гаспадаркі і аграбіятэхналагічнай індустрыі, зацікаўленых у рэалізацыі інавацыйных праектаў, правядзенні арыгінальных (унікальных) даследаванняў і распрацовак. Вялікая ўвага ўдзяляецца падтрымцы стартап-праектаў, наладжванню ўзаемавыгадных сувязей з малымі і буйнымі прадпрыемствамі, камерцыялізацыі прыкладных навукова-даследчых работ.

У рамках Усебеларускай акцыі БРСМ “Мы – грамадзяне Рэспублікі Беларусь” І.В.Карпенка прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі ўручэння пашпартоў грамадзян Беларусі пінскім школьнікам. З рук міністра пашпарты атрымалі 14 юных грамадзян – выдатнікаў вучобы, удзельнікаў навукова-практычных канферэнцый, пераможцаў і прызёраў рэспубліканскіх спаборніцтваў, фестываляў, конкурсаў і прадметных алімпіяд, актывістаў дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў.

- Напярэдадні Дня Канстытуцыі Беларусі вы атрымліваеце самы галоўны дакумент у сваім жыцці – пашпарт грамадзяніна Беларусі, - звярнуўся да школьнікаў І.В.Карпенка. – Гэтая падзея сімвалізуе для кожнага маладога чалавека пачатак дарослага самастойнага жыцця. Перад вамі адкрыты шырокія гарызонты ва ўсіх сферах дзейнасці. Разам з гэтым дакументам мы, дарослыя, ускладаем на моладзь не толькі вялікія надзеі, але і вялікую адказнасць за будучыню нашай краіны. Любіце сваю Радзіму, стараннай і сумленнай працай прымнажайце яе дасягненні. Каб быць паспяховым, настойліва і шмат працуйце, найперш над сабой, займайцеся самаадукацыяй, любіце выбраную справу, паважайце іншых людзей.

Па словах міністра, асабліва ганарова і сімвалічна атрымаць пашпарт у год 75-годдзя Вялікай Перамогі.

- Вельмі важна зберагчы повязь пакаленняў, - падкрэсліў І.В.Карпенка. – Дзеці, унукі і праўнукі воінаў-пераможцаў павінны праз лёсы сваіх родных і блізкіх, якія адстаялі мір і свабоду, усвядоміць сябе часткай вялікай гісторыі роднай краіны, адчуць боль непапраўных страт і ацаніць вялікасць подзвігу савецкіх салдат. Толькі агульнымі намаганнямі можна захаваць і ўвекавечыць для нашчадкаў імя кожнага воіна і зберагчы гераічную спадчыну, частку генетычнага коду нашага народа. Упэўнены, кожны з вас выбера правільную дарогу і прынясе як мага больш карысці сваёй Айчыне.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

Фота аўтара.