Таты могуць!

31.03.2020
Уменні і навыкі, атрыманыя на ўроках тэхнічнай працы, абавязкова спатрэбяцца ў жыцці кожнаму чалавеку: ці то ў прафесійнай дзейнасці, ці то ў побыце. Але некаторыя вучні лічаць, што многія веды са школьнага курса тэхнічнай працы ім не спатрэбяцца ўвогуле. Задача педагога – не проста зацікавіць дзяцей, але і пераканаць іх у важнасці гэтага прадмета, зрабіўшы яго выкладанне максімальна наглядным. На дапамогу прыходзяць пазакласныя мерапрыемствы, конкурсы, выставы і алімпіяды, дзякуючы якім школьнікі лепш усведамляюць неабходнасць вывучэння асобных тэхналогій і метадаў апрацоўкі матэрыялаў.

Працоўнае навучанне дазваляе дзецям азнаёміцца з рознымі тэхналогіямі (даволі часта недаступнымі ў дамашніх умовах) і асновамі пэўных прафесій для ўсвядомленага прафесійнага самавызначэння. Пры вывучэнні матэрыялу школьнікам важна аўтарытэтнае меркаванне дарослых. Найбольшым аўтарытэтам у хлопчыкаў карыстаюцца таты, якія, на жаль, не заўсёды актыўна ўдзельнічаюць у сямейным выхаванні. А шкада, бо менавіта бацькоўскі прыклад, сумесная праца таты і сына адыгрываюць вялікую ролю ў падрыхтоўцы дзяцей да дарослага жыцця, дапамагаюць у сацыялізацыі і арганізацыі ўласнага побыту.

Ужо другі год на базе нашай школьнай майстэрні праводзяцца конкурсы, падчас якіх вучні з татамі ствараюць розныя вырабы. Сёлета вучні 5 – 9 класаў рыхтавалі падарункі для сваіх мам – камплекты раздзелачных дошак. З тэхналогіяй выканання такіх вырабаў школьнікі, ды і таты, ужо добра знаёмыя. Асноўная праблема заключалася ў якасці, хуткасці і арганізацыі працы.

Таты хутка ўвайшлі ў рабочы рытм і захоплена працавалі над выкананнем прапанаванага задання. На працягу ўсяго конкурсу панавалі азарт і спаборніцкі дух. Кожная каманда імкнулася справіцца з заданнем хутка і максімальна бездакорна. Таты і сыны разумелі, што ад кожнага з іх у роўнай ступені залежыць поспех конкурснай работы.

Трэба адзначыць, што дарослыя з задавальненнем выконвалі заданне і, пэўна, не раз успомнілі школьныя гады. Дэкарыраванне вырабаў у тэхніцы піраграфіі і выпальванне ўзораў выклікаюць цікавасць не толькі ў дзяцей.

Пераможцы атрымалі каштоўныя прызы – наборы розных інструментаў. Але каштоўнасць конкурсу ў іншым. Магчыма, для некаторых ён стаў пляцоўкай для першай сумеснай работы і адкрые пачатак новай сямейнай традыцыі. З дапамогай атрыманых інструментаў таты і сыны могуць разам стварыць цікавыя вырабы для побыту, дэкору ці проста для душы.

Прыемна, што з году ў год жадаючых паўдзельнічаць у падобных конкурсах становіцца ўсё больш. У дзяцей павышаюцца матывацыя да прадмета, адказнасць за выкананую працу.

Эдуард ВАЛАСЕВІЧ,

настаўнік тэхнічнай працы сярэдняй школы № 3 Пружан.