Каштоўнасць супрацоўніцтва

01.04.2020
Важнай умовай павышэння якасці вучнёўскіх ведаў і паспяховага ўкаранення інавацыйных падыходаў у адукацыйны працэс з’яўляецца інтэнсіўны абмен вопытам паміж педагогамі. Задача адміністрацыі школы заключаецца ў яго эфектыўнай арганізацыі.

Штогод ва ўстановах адукацыі Століншчыны праводзяцца метадычныя тыдні, падчас якіх педагогі дзеляцца з калегамі каштоўнымі напрацоўкамі па выкарыстанні сучасных метадаў і прыёмаў. Тыдні асацыіруюцца з яркімі ўражаннямі, новымі ведамі, цікавымі ідэямі і станоўчымі эмоцыямі, але ўзаемадзеянне педагогаў у рамках аднаго калектыву не дазваляе задаволіць усе адукацыйныя запыты. Каб вырашыць гэтую праблему, загадчыца Столінскага раённага ВМК В.А.Грэчка прапанавала правесці сёлета метадычны марафон з удзелам прадстаўнікоў 4 устаноў адукацыі. Мерапрыемства праходзіла на базе Стружскай сярэдняй школы.   

Вынікі марафону ў такім фармаце пераўзышлі ўсе чаканні. Педагогі дзяліліся цікавым вопытам па актуальных пытаннях. Так, настаўнік геаграфіі М.А.Аляксандраў са Стружскай сярэдняй школы правёў для калег урок, прысвечаны выкарыстанню сервісаў WEB 2.0 на вучэбных занятках. Сярод іх – Rebus1. Гэта сервіс для стварэння рэбусаў, якія дапамагаюць развіваць і карэкціраваць мысленне вучняў, павышаюць цікавасць да тэмы ўрока, трэніруюць здагадлівасць і логіку. Рэсурс эфектыўны пры актуалізацыі ведаў, знаёмстве з новымі тэрмінамі і іх замацаванні.

Сервіс LearningApps прызначаны для стварэння інтэрактыўных вучэбна-метадычных дапаможнікаў па розных прадметах. Яго дзейнасць грунтуецца на рабоце з шаблонамі і QR-кодамі. Вучні правяраюць і замацоўваюць веды ў гульнявой форме, што развівае іх пазнавальны інтарэс.

Сервіс “Красген” прызначаны для стварэння крыжаванак у анлайн-рэжыме. Іх разгадванне даволі эфектыўнае пры паўтарэнні і абагульненні матэрыялу.  

Анлайн-сервіс JigsawPlanet выкарыстоўваецца для генерацыі пазлаў з зыходных графічных выяў (фотаздымкаў). Збор пазлаў – адзін з любімых заняткаў дзяцей. Падобныя заданні дазваляюць візуалізаваць інфармацыю, якую трэба засвоіць.

З мэтай эфектыўнай арганізацыі работы з вучнямі па выкарыстанні магчымасцей сервісаў WEB 2.0 педагог стварыў блог на рэсурсе www.blogspot.com, куды рэгулярна дабаўляе запісы, выявы, мультымедыя, заданні і іншую карысную інфармацыю. Дзякуючы блогу палепшылася інфармацыйная падтрымка адукацыйнага працэсу, была наладжана зваротная анлайн-сувязь з бацькамі вучняў.

М.А.Аляксандраў лічыць, што прымяненне інтэрнэт-сервісаў у адукацыйным працэсе істотна павялічвае інфармацыйна-камунікацыйныя магчымасці педагогаў і дзяцей, дазваляе працаваць у анлайн-рэжыме, спрашчаць, паскараць і аўтаматызаваць асобныя віды вучэбнай дзейнасці.

Настаўніца пачатковых класаў К.Ф.Клімовіч з Атвержыцкага ясляў-сада – базавай школы правяла майстар-клас “Тэхналогія праблемнага навучання. Прыём фармулёўкі гіпотэзы праз праблему”. Акрамя таго, педагог падзялілася вопытам выкарыстання праблемна-дыялагічнага навучання.

Настаўніца пачатковых класаў В.І.Дульская правяла майстар-клас “Асаблівасці правядзення бацькоўскага сходу”. Педагог азнаёміла калег з нетрадыцыйнымі формамі зносін з мамамі і татамі, накіраванымі на ўсталяванне нефармальных кантактаў з імі і далучэнне да актыўнага жыцця школы. Дзякуючы такім формам работы, бацькі бачаць сваіх дзяцей з іншага боку і ў іншай абстаноўцы, збліжаюцца з педагогамі. Так, практыкаванне “Партфельчык з карыснасцямі” прадугледжвае папаўненне “партфельчыка” на працягу бацькоўскага сходу рознымі парадамі, рэкамендацыямі і памяткамі па выхаванні вучняў. Прыём “Рукапацісканне”, гульня “Апладысменты” і практыкаванне “Салют” дапамагаюць пазнаёміць бацькоў адно з адным. Анкета “Ці ведаю я сваё дзіця” дазваляе даведацца, наколькі добра мамы і таты ведаюць сваіх дзяцей, якія адказваюць на пытанні анкеты разам з імі. Тэст “Ці лёгка зразумець уласнае дзіця?” выяўляе, наколькі лёгка бацькам наладжваць зносіны з дзецьмі. Вельмі цікава праходзяць размінкі для зняцця напружання і стомленасці, рэфлексія “Пакуль гарыць свечка…”.

Практыка-арыентаваны падыход на ўроках працоўнага навучання паказала падчас майстар-класа настаўніца пачатковых класаў Н.В.Дзенісовіч з Альманскай сярэдняй школы. Педагогі стваралі “чароўныя букеты”, выконвалі заданні па літаратуры, музыцы, прадмеце “Чалавек і свет” і нават па харэаграфіі.

Удзельнікі метадычнага марафону наведалі школьны краязнаўчы музей, дзе азнаёміліся з прэзентацыяй “7 прычын наведаць аграгарадок Струга”, падрыхтаванай вучнямі пад кіраўніцтвам настаўніцы гісторыі А.А.Крывапуст. Школьнікі прынялі ўдзел у спаборніцтвах па баскетболе, тэнісе, шашках і шахматах.

Завяршыўся марафон сяброўскай спартландыяй педагогаў і вучняў.

Святлана ЛЯШКЕВІЧ,

намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Стружскай сярэдняй школы Столінскага раёна.