Каштоўнасць метадычнай работы

08.04.2020
Каб быць паспяховым і запатрабаваным, настаўнік павінен вучыцца ўсё жыццё. Без гэтага ў час інфармацыйных тэхналогій веды хутка дэзактуалізуюцца. Высокія патрабаванні прад’яўляюцца і да асобасных якасцей. Удасканаліць прафесійныя навыкі, павысіць матывацыю да самаразвіцця, стымуляваць творчую дзейнасць дапамагае метадычная работа. У нашай установе яна з’яўляецца важнай часткай сістэмы павышэння кваліфікацыі кадраў.

Асноўная мэта метадычнай дзейнасці ў школе заключаецца ў паляпшэнні якасці адукацыйнага працэсу на аснове ўкаранення ў практыку прадуктыўных педагагічных тэхналогій, арыентаваных на развіццё асобы дзіцяці і ўдасканаленне педмайстэрства настаўнікаў. Метадычная работа, накіраваная на павышэнне прафесійных кампетэнцый кадраў, уяўляе сабой сукупнасць мерапрыемстваў, якія праводзяцца з мэтай авалодання новымі, больш рацыянальнымі і эфектыўнымі формамі, метадамі і прыёмамі арганізацыі адукацыйнага працэсу, іх творчага прымянення на ўроках і ў пазакласнай дзейнасці.  

Структура метадычнай работы выбудоўваецца на працягу многіх гадоў і ўлічвае праблемы, мэты і задачы ўстановы. Сёння ў школе дзейнічаюць 3 вучэбна-метадычныя аб’яднанні, 5 творчых груп, праблемны семінар, семінар-практыкум і 2 рэсурсныя цэнтры (па прафілактыцы захворванняў у рамках інфармацыйнага праекта “Школа – тэрыторыя здароўя” і падрыхтоўцы вучняў да алімпіяды па матэматыцы), якія працуюць над сваёй тэмай, цесна звязанай з метадычнай тэмай установы. Дзейнасць метадычнай сеткі накіравана найперш на аказанне метадычнай дапамогі настаўнікам у міжкурсавы перыяд.

Вучэбна-метадычныя аб’яднанні – важнае структурнае падраздзяленне метадычнай службы, мэта якіх – эфектыўнае выкарыстанне і развіццё прафесійнага патэнцыялу педагогаў, аб’яднанне іх намаганняў па ўдасканаленні педмайстэрства, распаўсюджванні лепшага вопыту, укараненні новых тэхналогій, павышэнні якасці вучнёўскіх ведаў і матывацыі да вучэбнай дзейнасці. На пасяджэннях ВМА разглядаюцца пытанні, звязаныя з сучаснымі патрабаваннямі да арганізацыі адукацыйнага працэсу, кантрольна-ацэначанай дзейнасцю настаўніка, рэалізацыяй актуальных дыдактычных падыходаў у выкладанні прадметаў, вывучэннем і выкарыстаннем сучасных спосабаў, прыёмаў і тэхналогій у навучанні дзяцей, прымяненнем ІКТ на ўроках, факультатывах і ў пазаўрочнай дзейнасці, здароўезберажэннем, арганізацыяй профільнага навучання і дапрофільнай падрыхтоўкі школьнікаў, аналізам заданняў кантрольных і алімпіядных работ, экзаменацыйных і іншых вучэбна-метадычных матэрыялаў. Пасяджэнні праходзяць у форме інструктыўна-метадычных нарад, семінараў-практыкумаў, семінараў-абменаў вопытам, круглых сталоў і інш. У рамках ВМА праводзяцца адкрытыя ўрокі і пазакласныя мерапрыемствы.

Метадычная работа накіравана на стымуляцыю творчасці педагогаў і развіццё патрэбы ў самаадукацыі і самаразвіцці. Тэарэтычныя пытанні асвятляюцца на пасяджэннях у форме дакладаў, паведамленняў і прэзентацый. Практычная частка ўключае работу ў групах па мадэляванні заняткаў па замежнай мове, распрацоўку памятак і рэкамендацый па арганізацыі эфектыўнай кантрольна-ацэначанай дзейнасці на ўроках, наведванне вучэбных і факультатыўных заняткаў. Педагогі актыўна выкарыстоўваюць групавыя формы работы: тэхналогіі адкрытай прасторы, адкрытага класа, сусветнага кафэ і каруселі, урокі для дарослых, майстар-класы, панельныя дыскусіі, аналіз канкрэтных сітуацый, дэбаты, мазгавы штурм, трэнінгі, стратэгічныя і фарсайт-сесіі, гульні па навучанні праз вопыт і інш.

Пытанні, над якімі працуюць творчыя групы, вельмі разнастайныя: “Падборка заданняў і матэрыялаў для падрыхтоўкі да алімпіяд па матэматыцы і фізіцы вучняў 8 – 11 класаў”, “Павышэнне і ўдасканаленне педагагічнага майстэрства настаўніка прыродазнаўства шляхам выкарыстання розных метадаў і прыёмаў, інавацыйных тэхналогій у педагагічнай практыцы”, “Распрацоўка дыдактычнага забеспячэння ў выкладанні беларускай мовы і літаратуры, накіраванага на рэалізацыю кампетэнтнаснага падыходу”, “Выкарыстанне інавацыйных тэхналогій на ўроках рускай мовы з мэтай паляпшэння пазнавальнай дзейнасці вучняў”, “Распрацоўка сцэнарыяў экалагічных прагулак з мэтай паляпшэння пазнавальна-даследчай дзейнасці вучняў” і інш. Па выніках работы творчых груп выпускаюцца метадычныя веснікі, якія выкарыстоўваюцца на практыцы.

Праблемны семінар і семінар-практыкум – адны з самых цікавых і актыўных форм метадычнай работы. Падчас іх раглядаюцца шляхі павышэння эфектыўнасці ўрокаў па розных прадметах і спосабы актывізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў у практычнай дзейнасці, сістэматызуюцца ўяўленні педагогаў пра сучасныя падыходы ў арганізацыі вучэбных заняткаў. Праблемныя семінары і семінары-практыкумы праходзяць на канікулах. Так, летась у школе адбыліся праблемны семінар “Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі і педагагічныя інавацыі як інструмент кіравання якасцю адукацыі” і семінар-практыкум па выкарыстанні воблачных тэхналогій у прафесійнай дзейнасці педагога. Настаўніца нямецкай мовы В.А.Таркайла, настаўніца англійскай мовы В.А.Ланкуць і В.І.Рокач азнаёмілі калег з прымяненнем QR-кодаў, сэрвісам для стварэння анлайн-віктарын, тэстаў і апытанняў Kahoot, класіфікацыяй воблачных тэхналогій, відамі і характарыстыкамі “аблокаў”, іх перавагамі і недахопамі, перспектывамі развіцця.

Сёлета прайшоў праблемны семінар “Выкладанне з дапамогай інтэрактыўных модулей. Эфектыўнасць выкарыстання адукацыйных сэрвісаў Web2.0 (Learning Apps.org). Scratch – падзейна арыентаванае асяроддзе праграмавання, прызначанае для навучання дзяцей”. Мэта семінара – вывучэнне сучасных тэхналогій, накіраваных на павышэнне прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў. Сваімі напрацоўкамі ў гэтым напрамку дзейнасці падзяліліся В.А.Таркайла і В.А.Ланкуць. Падчас семінара педагогі стваралі ўласныя адукацыйныя вэб-прадукты (камп’ютарныя гульні, анімацыйныя праекты, мультфільмы, прэзентацыі, інтэрактыўныя гісторыі і заданні, віктарыны, сімулятары і трэнажоры) і вучыліся прымяняць іх у прафесійнай дзейнасці.

Настаўніца пачатковых класаў Н.П.Ходар правяла для калег майстар-клас па выкарыстанні тэхнік правапаўшарнага малявання на ўроках выяўленчага мастацтва. Простыя, але эфектыўныя прыёмы дазваляюць раскрываць творчыя здольнасці вучняў, якія пасля некалькіх заняткаў пачынаюць ствараць даволі прыстойныя пейзажы. На працягу 2 гадзін педагогі з цікавасцю малявалі розныя прыродныя аб’екты. Творчы працэс захапіў усіх. Настаўнікі атрымалі шмат карыснай інфармацыі, якую прыменяць у далейшай рабоце.

Наперадзе педагогаў чакаюць не менш цікавыя і пазнавальныя метадычныя мерапрыемствы з практычным ухілам.

Таццяна ДОРУШ,

намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 2 Ляхавіч.