Усё пачынаецца з сям’і

08.04.2020
Эфектыўнасць карэкцыйна-развіццёвага ўздзеяння на асаблівых дзяцей і карэкцыйна-адукацыйнага працэсу ў цэлым залежыць ад здольнасці настаўніка-дэфектолага выбудаваць актыўныя і канструктыўныя зносіны з бацькамі. Дабіцца гэтага даволі складана, бо многія з іх абыякавыя і пасіўныя. Некаторыя мамы і таты лічаць, што вырашыць праблемы, звязаныя з развіццём і выхаваннем дзяцей, можна, абмежаваўшыся толькі карэкцыйнымі заняткамі. Але сям’я павінна выступаць не ў ролі назіральніка, а ўдзельніка адукацыйнага працэсу.

Арганізацыя эфектыўнага ўзаемадзеяння з бацькамі – адзін з важных напрамкаў маёй работы. Не ўсе мамы і таты адэкватна ўспрымаюць маўленчыя праблемы сваіх дзяцей. Адны імкнуцца не заўважаць парушэнні маўлення, ігнаруюць выкананне дзецьмі дамашніх заданняў, рэкамендаваных настаўнікам-дэфектолагам. Другія, наадварот, праяўляюць празмерную трывожнасць, прад’яўляючы павышаныя патрабаванні да маўлення дзяцей. Усё гэта тармозіць і зацягвае карэкцыйна-развіццёвы працэс. Такая сітуацыя абумоўлена недахопам неабходных ведаў і інфармацыі ў мам і татаў.

Ужо 3 гады ў нашай установе дзейнічае лагапедычны клуб для бацькоў “Я + Сям’я”, галоўная задача якога – навучыць іх прадуктыўна ўзаемадзейнічаць не толькі з настаўнікам-дэфектолагам, але і са сваімі дзецьмі. У рабоце клуба выкарыстоўваюцца практычныя метады і прыёмы, накіраваныя на павышэнне кампетэнтнасці бацькоў у сферы карэкцыйнай дапамогі.

Штогод распрацоўваецца прыкладны гадавы план мерапрыемстваў клуба, які ўключае тэматычныя пасяджэнні, сямейныя конкурсы, выставы творчых работ і інш. Мерапрыемствы плануюцца з улікам запытаў удзельнікаў на аснове папярэдніх анкетаванняў і апытанняў. Заняткі праходзяць у нязмушанай атмасферы, якая дапамагае лепшаму засваенню інфармацыі. Мамы і таты вучацца правільна выконваць артыкуляцыйную гімнастыку і практыкаванні па фарміраванні маўленчага дыхання і развіцці дробнай маторыкі пальцаў рук, каб затым паўтарыць гэта з дзецьмі дома. Шырока выкарыстоўваюцца творчыя заданні і гульні, якія дапамагаюць наладзіць эмацыянальныя кантакт паміж бацькамі і дзецьмі.

Інфармацыйна-асветніцкая работа ажыццяўляецца праз часопіс “Звукарик”, аўтарамі якога даволі часта выступаюць мамы і таты. Тэматычныя рубрыкі “Для цікаўных бацькоў”, “Нашы рукі не для суму” і “Букварёнок” змяшчаюць цікавую і карысную інфармацыю тэарэтычнага і практычнага характару. Такая форма работы вельмі падабаецца бацькам, якія ахвотна чытаюць і вывучаюць кансультацыі і рэкамендацыі спецыялістаў, выконваюць з дзецьмі практычныя заданні ў займальнай форме.

За час існавання клуба я пераканалася ў тым, што мамы і таты маюць патрэбу ў кваліфікаванай кансультацыйна-практычнай дапамозе. Дзякуючы заняткам, павысілася іх цікавасць да праблем дзяцей, актывізаваўся ўдзел у карэкцыйным працэсе. А галоўнае – назіраецца эфектыўнасць развіццёвых заняткаў з дзецьмі ў дамашніх умовах. 

Людміла ПАТАПАВА,

настаўнік-дэфектолаг дзіцячага сада – пачатковай школы п. Садовы Пінскага раёна.