З інавацыйным падыходам да здароўя

21.04.2020
Педагогі Гвозніцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы Маларыцкага раёна лічаць, што без фарміравання ў вучняў рухальнай культуры нельга выхаваць здаровых грамадзян.

- У сённяшніх дзяцей назіраецца рост алергічных захворванняў, захворванняў органаў зроку, стрававання і апорна-рухальнага апарату. Павялічваецца колькасць вучняў з лішняй вагой цела. Многія з захворванняў звязаны з нізкай фізічнай актыўнасцю. Улічваючы актуальнасць праблемы, наша ўстанова адукацыі прыняла ўдзел у інавацыйным праекце па ўкараненні мадэлі фарміравання рухальнай культуры суб’ектаў адукацыйнай прасторы сельскай школы. У праекце задзейнічаны дашкольнікі, вучні 1 – 9 класаў, педагогі і мясцовыя жыхары, - гаворыць дырэктар Гвозніцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы М.М.Афанасенка.

Рэалізацыя праекта пачалася з анкетаванняў, прысвечаных вывучэнню рухальнай актыўнасці дзяцей і іх адносінам да здароўя і пытанняў здаровага ладу жыцця. Аналіз вынікаў анкетаванняў паказаў, што каля 75% вучняў лічаць рэгулярныя заняткі спортам адной з умоў захавання здароўя і гатовы весці здаровы лад жыцця, каля 69% разумеюць, што рухальная актыўнасць – біялагічная патрэба арганізма, ад якой залежыць здароўе, добра ўсведамляюць ролю спорту ў павышэнні рухальнай актыўнасці і гатовы ўдзельнічаць у інавацыйным праекце.

Затым на аснове індывідуальных адукацыйных запытаў вучняў і іх бацькоў былі адкрыты факультатыўныя заняткі “Гуляем у футбол”, секцыі агульнафізічнай падрыхтоўкі, настольнага тэнісу і валейбола, зацверджаны каляндар дзён здароўя. Ход інавацыйнай дзейнасці адлюстроўваўся на сайце ўстановы адукацыі.

- Укараненне распрацаванай мадэлі фарміравання рухальнай культуры вучняў, іх бацькоў і соцыуму праходзіла ў 3 этапы з 2018 да 2020 года, - расказвае М.М.Афанасенка. – Рэалізацыя мадэлі пачынаецца з дашкольнага ўзросту, які з’яўляецца найбольш важным перыядам у фарміраванні асобы дзіцяці. Прыярытэт у рухальным рэжыме належыць фізкультурна-аздараўленчым мерапрыемствам: ранішняй гімнастыцы, рухавым гульням і фізічным практыкаванням на прагулках, фізкультхвілінкам у сумеснай дзейнасці з разумовай нагрузкай.

Малодшы школьны ўзрост – спрыяльны перыяд для пачатку педагагічнага кіравання развіццём рухальнай культуры. На гэтым этапе важнымі ўмовамі захавання фізічнага і псіхалагічнага здароўя з’яўляюцца рацыянальная арганізацыя ўрокаў, гімнастыка да заняткаў, эфектыўная арганізацыя рухавых перапынкаў, выкананне аздараўленчых паўз пры развіццёвай стомленасці, якія знімаюць мышачнае і псіхічнае напружанне, актывізуюць разумовую дзейнасць і павышаюць эфектыўнасць навучання.

На другой ступені навучання школьнікі асвойваюць неабходныя веды па ўмацаванні здароўя, вучацца разам з педагогамі выбарча прымяняць сродкі фізічнага выхавання для павышэння ўзроўню фізічнай падрыхтоўкі і функцыянальнага стану арганізма, распрацоўваюць паводзінскі алгарытм штодзённай рухальнай актыўнасці праз удзел у рознаўзроставай секцыі агульнафізічнай падрыхтоўкі, заняткі ў якой праходзяць на аснове станцыйнага метаду з улікам карт індывідуальнага рухальнага рэжыму.

Старшакласнікі і дарослыя самі карэкціруюць індывідуальныя рухальныя рэжымы на занятках у секцыі АФП у адпаведнасці з паказчыкамі бягучага кантролю функцыянальнага стану і даных папярэдняга, этапнага і выніковага кантролю ў пачатку кожнай чвэрці і ў канцы чацвёртай. Вучні запаўняюць карты індывідуальнага рухальнага рэжыму, дзе пазначаюць колькасць паўтарэнняў, тэмпу і індывідуальнай маторнай шчыльнасці практыкаванняў, супастаўляюць фізічныя нагрузкі ў секцыі АФП з функцыянальным станам, разам з педагогамі распрацоўваюць рэкамендацыі штодзённых індывідуальных самастойных заняткаў па месцы жыхарства.

- Прыемна, што бацькі актыўна далучыліся да інавацыйнай дзейнасці, - адзначае М.М.Афанасенка. – У рамках бацькоўскага ўсенавуча для іх былі арганізаваны заняткі ў “Школе здароўя” і сумесны сход з вучнямі па пытаннях рэалізацыі праекта, створаны куток здароўя. Традыцыйнымі сталі спартыўныя конкурсы і мерапрыемствы з удзелам мам і татаў з нагоды важных каляндарных дат. Бацькі ахвотна ўдзельнічаюць у сумесным праходжанні турыстычнай паласы. Для некалькіх мам і татаў, якія прайшлі функцыянальныя спробы, складзены карты індывідуальнага рухальнага рэжыму.

М.М.Афанасенка прызнаецца, што, на жаль, удалося рэалізаваць не ўсе запланаваныя мерапрыемствы. Восенню і вясной актыўнасць бацькоў невысокая з-за палявых работ.

Медыцынскім суправаджэннем інавацыйнага праекта займаюцца прадстаўнікі мясцовага ФАПа, якія праводзяць тлумачальную і прафілактычную работу з педагогамі, вучнямі і іх бацькамі па пытаннях уплыву рухальнай актыўнасці на чалавечы арганізм у любым узросце. Супрацоўнікі ААТ “Гвозніца” наведваюць спартыўныя секцыі, удзельнічаюць у таварыскіх матчах і спаборніцтвах па валейболе. Работнікі мясцовага лясніцтва займаюцца спартыўным арыентаваннем. Наладжана цеснае супрацоўніцтва са Страдзецкай сярэдняй школай Брэсцкага раёна, якое заключаецца ў сумесным правядзенні спартыўных мерапрыемстваў.

- Аналіз узроўню фізічнай падрыхтоўкі, фізічнага развіцця і функцыянальнага стану ўдзельнікаў праекта паказаў, што ў большасці з іх павысілася матывацыя да пастаянных заняткаў фізкультурай і спортам, многія пачалі ўсвядомлена цікавіцца сваім функцыянальным станам, павысіўся сярэдні ўзровень фізічнай падрыхтоўкі вучняў, - гаворыць М.М.Афанасенка. – Сістэматычнае выкарыстанне на занятках карт індывідуальнага рухальнага рэжыму з пазнакай колькасці паўтарэнняў, тэмпу і індывідуальнай маторнай шчыльнасці практыкаванняў істотна паляпшае здароўе, станоўча ўздзейнічае на самаадчуванне, рухальную актыўнасць і настрой.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.