Англійская мова без школы

21.04.2020
З-за эпідэміялагічнай сітуацыі актуалізавалася пытанне дыстанцыйнага навучання школьнікаў. Некаторыя вучэбныя прадметы дазваляюць дзецям выконваць заданні падручніка самастойна, прычым на прымальным узроўні. Але ў дачыненні да англійскай мовы такая тактыка не зусім эфектыўная, што звязана з асаблівасцямі вымаўлення іншамоўных слоў, напісанне якіх можа моцна адрознівацца ад вуснай формы. Так, у слове daughter у два разы больш літар, чым гукаў. Педагогі добра разумеюць, што многім дзецям, асабліва малодшага ўзросту, лягчэй запомніць вымаўленне пэўнага слова, чым навучыцца чытаць яго па транскрыпцыі.

Пры дыстанцыйным навучанні школьнікам, як правіла, дапамагчы няма каму. Што рабіць? Пры арганізацыі самастойнай работы вучняў у дамашніх умовах варта ўлічваць наяўнасць “лішняга” камп’ютара, не занятага бацькамі ці іншымі дзецьмі. Міністэрства адукацыі Беларусі ўжо рэкамендавала шмат карысных інтэрнэт-рэсурсаў, створаных таленавітымі аўтарамі. Многія з іх заслугоўваюць асаблівай увагі, напрыклад, Liveworksheets.com. Гэтая платформа дазваляе лёгка накладваць гук на тэкст. Дастаткова выдзеліць неабходнае слова ці сказ – і платформа сама агучыць іх. Пры жаданні можна нават выбраць амерыканскі ці брытанскі варыянт вымаўлення. Платформа эканоміць шмат часу, паколькі не трэба шукаць на розных рэсурсах і загружаць аўдыяфайлы з вымаўленнем патрэбных слоў.

Агучванне слоў можа ў пэўнай ступені замяніць настаўніка. А вучні могуць слухаць незнаёмае слова (сказы, тэксты) да таго часу, пакуль не зразумеюць і не запомняць яго вымаўленне.

Калі айчынны вучэбна-метадычны комплекс прапаноўвае гуказапіс да пэўнага тэксту з падручніка, яго можна лёгка агучыць з дапамогай прапанаванай платформы.

Liveworksheets.com дазваляе паспяхова вырашыць граматычныя пытанні: складаць тэставыя заданні, устаўляць спасылкі на іншыя сайты ці відэа з тлумачэннямі на Youtube-канале, ствараць заданні, дзе трэба злучаць правільныя адказы стрэлкамі, і інш.

Варта ўлічваць, што платформа працуе з файламі doxs, pdf, jpg, png памерам да 5 Mб, а гук можна пачуць толькі ў браўзерах Chrome ці Safari. Спасылкі на захаваныя старонкі можна выслаць вучням праз Viber ці сацыяльныя сеткі. У якасці дамашняга задання можна прапанаваць дзецям запісаць, як яны чытаюць словы, ці сфатаграфаваць выкананае практыкаванне і адправіць яго настаўніку на пошту.

Пры арганізацыі самастойнага навучання праз Liveworksheets.com ці любую іншую платформу трэба ўлічваць аб’ём дамашніх заданняў, які не павінен быць вялікім, каб доўга не сядзець за камп’ютарам. Для самастойнага авалодання матэрыялам, як правіла, патрабуецца больш часу, чым пры тлумачэнні настаўніка. Бацькі малодшых школьнікаў павінны па першым часе дапамагаць дзецям.

Канечне, дыстанцыйнае навучанне не заменіць класна-ўрочную сістэму. Але ў сённяшняй сітуацыі яно з’яўляецца адзінай альтэрнатывай.

Ірына АКБУЛУТ,

настаўніца англійскай мовы Брэсцкай санаторнай школы-інтэрната.