Паказалі якасную падрыхтоўку

19.05.2020
Сёлета ў Пінску сабраўся 81 удзельнік заключнага этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды, каб выявіць лепшых знаўцаў інфарматыкі і біялогіі. Інтэлектуальныя спаборніцтвы праходзілі на базе сярэдняй школы № 10 і Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта.

- Алімпіяда па інфарматыцы складалася з двух тураў, на кожны з якіх адводзілася 5 гадзін, - расказаў старшыня журы Рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы старшы выкладчык кафедры дыскрэтнай матэматыкі і алгарытмікі факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ Аляксандр Андрэевіч Буслаўскі. – Удзельнікам былі прапанаваны 8 заданняў, якія тычыліся тэорыі алгарытмаў і для рашэння якіх патрабавалася валодаць адной з моў праграмавання (С++ ці Python), а таксама ведаць метады алгарытмізацыі. Заданні выходзілі далёка за межы школьнай праграмы і адпавядалі ўзроўню 1 – 2 курсаў універсітэта. Радуе, што ўсе алімпіяднікі так ці інакш справіліся з заданнямі, улічваючы спецыфіку іх рашэння. Пра высокую якасць падрыхтоўкі школьнікаў красамоўна сведчыць той факт, што пераможцы прадметнай алімпіяды штогод прывозяць з міжнародных спаборніцтваў розныя ўзнагароды.

Па словах старшыні журы, для атрымання высокіх вынікаў у алімпіядным руху неабходна не толькі добра валодаць мовамі праграмавання і метадамі алгарытмізацыі, але і актыўна ўдзельнічаць у дыстанцыйных спаборніцтвах і курсах, шмат працаваць самастойна. А.А.Буслаўскі падзякаваў калектыву сярэдняй школы № 10 Пінска за выдатныя ўмовы, створаныя для алімпіяднікаў і членаў журы.

Дыпломы І ступені атрымалі адзінаццацікласнікі Яраслаў Барысаў з гімназіі № 8 Віцебска, Павел Санкін з Ліцэя БДУ, Аляксей Пырко з Гродзенскай гарадской гімназіі і Андрэй Мішчанка з Цэнтра юных пажарных Мазыра.

***

- Алімпіяда па біялогіі складалася з двух тураў – тэарэтычнага і практычнага, - расказала старшыня журы Рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі, дацэнт кафедры агульнай экалогіі і методыкі выкладання біялогіі біялагічнага факультэта БДУ, кандыдат біялагічных навук Аксана Львоўна Несцерава. – На першы адводзілася 4 гадзіны, на другі – 4,5. Тэарэтычны тур уяўляў сабой 80 тэставых пытанняў, якія тычыліся батанікі, заалогіі, фізіялогіі, біяхіміі, малекулярнай біялогіі і генетыкі. Алімпіяднікі паспяхова справіліся з заданнямі гэтага туру, паказаўшы высокі ўзровень тэарэтычнай падрыхтоўкі. Практычны тур складаўся з лабараторных доследаў у галіне генетыкі, фізіялогіі раслін і біяхіміі. Найбольшыя цяжкасці ў школьнікаў выклікалі заданні, звязаныя з малекулярнай генетыкай. Узровень складанасці заданняў адпавядаў міжнародным алімпіядам. Пры падрыхтоўцы да спаборніцтваў педагогам варта пастаянна актуалізоўваць веды з улікам новых дасягненняў у навуцы, бо інфармацыя ў сучасным свеце імкліва старэе.

Дыпломы І ступені атрымалі адзінаццацікласнікі Лізавета Мацукевіч з гімназіі Іванава, Мікіта Лепікаў з Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 1, Лізавета Лецка з сярэдняй школы № 45 Магілёва і Дзмітрый Мядзелец з Ліцэя БДУ.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.