Вучымся адно ў аднаго

19.05.2020
Адной з асноўных умоў эфектыўнай метадычнай работы, павышэння кваліфікацыі і прафесійнага развіцця педагогаў з’яўляюцца іх узаемадзеянне і ўзаеманавучанне. Некаторыя даследчыкі лічаць, што павысіць якасць вучнёўскіх ведаў можна, стварыўшы ўмовы і асяроддзе для таго, каб настаўнікі вучыліся адно ў аднаго. Узаеманавучанне заснавана на сумесным пошуку рашэнняў прафесійных праблем і можа быць рэалізавана ў рамках творчай групы, добраахвотнага прафесійнага аб’яднання педагогаў, якія займаюцца пэўнымі праблемамі. Работа па іх вырашэнні не толькі паляпшае якасць адукацыі, але і развівае прадметна-метадычную кампетэнтнасць настаўнікаў, прыводзіць да стварэння метадычных прадуктаў (распрацовак урокаў, дапаможнікаў, дыдактычных матэрыялаў і інш.).

Пры арганізацыі дзейнасці творчай групы вельмі важна наладзіць і падтрымліваць творчую атмасферу і добразычлівую абстаноўку, якія забяспечваюць падтрымку і адчуванне далучанасці да каманды, прыязныя і безацэначныя адносіны. Менавіта ў такім асяроддзі могуць максімальна раскрыцца творчыя здольнасці педагогаў.

Як правіла, творчыя групы ствараюцца ў рэжыме часовага творчага калектыву пад выбраную тэму, якая ўяўляе агульны прафесійны інтарэс. Тэма выбіраецца шляхам аналізу найбольшых цяжкасцей педагогаў і іх апытанняў, а таксама на аснове вынікаў рэспубліканскіх маніторынгаў НІА. Упор робіцца на эфектыўнасці і рэальных зменах. Так, дзякуючы настаўніцкаму ўзаемадзеянню, павінны ў лепшы бок мяняцца і вучні.

Даволі прадуктыўная работа творчай групы педагогаў з розных школ. Так, у мінулым навучальным годзе вучэбна-метадычны кабінет Баранавіч арганізаваў гарадскую творчую групу настаўнікаў фізікі і астраноміі з ліку 10 чалавек. Гэтая група прадоўжыла сваю дзейнасць і ў бягучым навучальным годзе, асаблівасцю якога сталі ўвядзенне абноўленай вучэбнай праграмы і новага вучэбнага дапаможніка па фізіцы для 9 класа, новыя адукацыйныя стандарты. Іх рэалізацыя немагчыма без павышэння ўзроўню прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў.

Праектная тэхналогія – адна з эфектыўных адукацыйных тэхналогій, якая падтрымлівае кампетэнтнасны падыход у адукацыі. Выкананне праектных заданняў фарміруе актуальныя эксперыментальна-даследчыя кампетэнцыі. З улікам гэтага летась была вызначана тэма работы творчай групы (“Праектная дзейнасць як сродак фарміравання ключавых кампетэнцый вучняў”), разлічаная на 2 гады. Асноўная мэта – уключэнне настаўнікаў у дзейнасць па асваенні спосабаў рэалізацыі кампетэнтнаснага падыходу ў выкладанні фізіцы і павышэнне прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў у выкарыстанні праектных заданняў на ўроках фізікі.

На працягу навучальнага года адбыліся 4 пасяджэнні творчай групы, арганізаваныя ў форме творчай лабараторыі “Методыка выкарыстання праектных заданняў на вучэбных занятках па фізіцы” і педагагічнай майстэрні “Складанне праектных заданняў па фізіцы для вучняў”. На апошнім пасяджэнні былі прэзентаваны напрацаваныя творчыя прадукты –  праектныя заданні па фізіцы на базавым і павышаным узроўні для вучняў 7 – 8 класаў. Вынікам дзейнасці творчай групы стане метадычны дапаможнік для педагогаў.

З работай творчай групы можна азнаёміцца на школьным сайце ў спецыяльным раздзеле, дзе размешчаны адпаведныя матэрыялы: карта для распрацоўкі ўрока на аснове метаду праектаў, тэхналагічная карта праекта, спасылка на Google-дыск, распрацоўкі ўрокаў і тэмы праектаў.

У наступным навучальным годзе плануецца распрацаваць урокі і падабраць тэмы праектаў для дзевяцікласнікаў, прадоўжыць работу па стварэнні метадычнага дапаможніка для педагогаў “Методыка выкарыстання праектных заданняў на вучэбных занятках па фізіцы”.

Творчая група адкрыта для супрацоўніцтва з калегамі. Пішыце нам на электронны адрас: tgruppafizika@gmail.com.

Алена СТУПЧЫК,

настаўніца фізікі сярэдняй школы № 9 імя Героя Савецкага Саюза Г.М.Халасцякова Баранавіч,

кіраўнік гарадской творчай групы настаўнікаў фізікі і астраноміі.