Усведамляць адказнасць за свае ўчынкі

28.05.2020
На Брэстчыне падвялі вынікі абласнога інтэрнэт-конкурсу на лепшы сацыяльны праект па прафілактыцы дзіцячых дэвіяцый “Ад усвядомленага ўчынка – да ўсвядомленай адказнасці”. Арганізатарамі спаборніцтва, у якім удзельнічалі 60 работ, падрыхтаваных педагогамі ўстаноў агульнай сярэдняй, спецыяльнай і дадатковай адукацыі, выступілі галоўнае ўпраўленне па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і Брэсцкі абласны ІРА пры падтрымцы рэгіянальных вучэбна-метадычных кабінетаў.

- Конкурс праводзіўся з мэтай выяўлення, абагульнення, распаўсюджвання і ўкаранення эфектыўнага вопыту ўстаноў адукацыі па прафілактыцы дзіцячых дэвіяцый, аналізу выніковасці, сістэмнасці і педагагічнай мэтазгоднасці існуючых форм работы ў гэтым напрамку дзейнасці, удасканалення прафесійнага майстэрства педагогаў і развіцця іх творчага патэнцыялу ў праектнай дзейнасці прафілактычнага характару, - расказала начальнік вучэбна-метадычнага ўпраўлення ідэалагічнай і выхаваўчай работы Брэсцкага абласнога ІРА Л.І.Мемех. – Да разгляду прымаліся ўжо рэалізаваныя і падрыхтаваныя да рэалізацыі праекты, якія тычыліся ўдасканалення сістэмы прафілактыкі правапарушэнняў і злачынстваў у падлеткавым асяроддзі (асабліва ў сферы незаконнага абароту наркотыкаў і сучасных інфармацыйных тэхналогій), дзіцячай безнагляднасці і беспрытульнасці, сямейнай нядобранадзейнасці і сацыяльнага сіроцтва, ужывання наркатычных рэчываў і тытунекурэння, п’янства і алкагалізму сярод непаўналетніх, павышэння адказнасці бацькоў за выхаванне дзяцей, арганізацыі эфектыўнага ўзаемадзеяння суб’ектаў прафілактыкі, фарміравання ў падлеткаў альтэрнатыўных мадэлей паводзін і вольнага часу. Пры ацэньванні работ улічваліся рэалістычнасць і дасягальнасць іх мэт і задач, узгодненасць метадаў і сродкаў у іх дасягненні, навізна вылучаных ідэй і арыгінальнасць прапанаваных рашэнняў, адраснасць, сацыяльная значнасць і актуальнасць, выкарыстанне патэнцыялу сацыяльнага акружэння і бацькоўскай грамадскасці, выніковасць і магчымасць практычнай рэалізацыі ў новых умовах.

Найбольш актыўнымі ўдзельнікамі конкурсу сталі прадстаўнікі ўстаноў адукацыі Ганцавіччыны, Кобрыншчыны і Століншчыны, а таксама Пінска.

Дыпломы І ступені атрымалі настаўніца англійскай мовы Вольга Анатольеўна Каховіч з гімназіі № 2 Баранавіч (праект “Волат”), намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Наталля Вячаславаўна Туманава і педагог-псіхолаг Марыя Міхайлаўна Барановіч з сярэдняй школы № 2 Кобрына (праект “Цяжкі ўзрост, ці Як стаць дарослым”), намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Людміла Пятроўна Шалямет з Пінкавіцкай сярэдняй школы імя Якуба Коласа Пінскага раёна (праект “Выкарыстанне гульнявых тэхналогій у арганізацыі вольнага часу і фарміраванні ў падлеткаў альтэрнатыўных мадэлей паводзін на прыкладзе клуба аматараў настольных гульняў “Фішка”) і намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Любоў Міхайлаўна Казлова з сярэдняй школы № 18 Пінска (праект “SMART-субота: разумны выбар”).

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.