Роўныя магчымасці для ўсіх

28.05.2020
Адчуць сябе раўнапраўнай і раўнацэннай часткай грамадства, рэалізаваць свае планы і мары – такія магчымасці адкрывае перад асаблівымі дзецьмі спецыяльная адукацыя, якая забяспечвае не толькі атрыманне неабходных ведаў, але і аказанне карэкцыйнай дапамогі, сацыяльную адаптацыю і інтэграцыю асоб з АПФР.

На Піншчыне сістэма спецыяльнай адукацыі развіваецца ў адпаведнасці з асаблівасцямі рэгіёна, патрэбамі і запытамі бацькоў. Сёння ў раённым банку даных дзяцей з АПФР знаходзіцца 951 чалавек. У 60% школ і 70% дашкольных устаноў арганізавана навучанне і выхаванне па праграмах спецыяльнай адукацыі, аказваецца карэкцыйна-педагагічная дапамога. У бягучым навучальным годзе 70 асаблівых хлопчыкаў і дзяўчынак наведваюць класы інтэграванага навучання і выхавання няпоўнай напаўняльнасці, 165 вучняў займаюцца з настаўнікамі-дэфектолагамі ў пунктах карэкцыйна-педагагічнай дапамогі.

На Піншчыне колькасць класаў інтэграванага навучання і выхавання няпоўнай напаўняльнасці значна перавышае колькасць спецыяльных класаў і класаў поўнай інтэграцыі з-за працягласці раёна і адсутнасці неабходных кадраў. Апошняй праблеме ўдзяляецца павышаная ўвага. Педагогі актыўна праходзяць перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі. Калі дашкольныя ўстановы цалкам забяспечаны настаўнікамі-дэфектолагамі, то школы на 84%.

У дашкольных установах дзейнічаюць 4 спецыяльныя групы для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення (52 дзіцяці) і 22 групы інтэграванага навучання і выхавання (107). 312 хлопчыкаў і дзяўчынак выпраўляюць маўленчыя парушэнні ў 19 пунктах карэкцыйна-педагагічнай дапамогі. Усе дзеці з АПФР ахоплены спецыяльнай адукацыяй і карэкцыйна-педагагічнай дапамогай, дзякуючы іх ранняму выяўленню і цеснаму ўзаемадзеянню з установамі аховы здароўя.

Кожнае дзіця, незалежна ад стану здароўя, прызнаецца сацыяльна перспектыўным. 7 асаблівых дзяцей вучацца дома. 2 дзіцяці-аўтысты маюць персанальнае суправаджэнне, 4 дзіцяці з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату – суправаджальнікаў.

Спецыялісты ЦКРНіР аказваюць арганізацыйна-метадычную дапамогу па пытаннях адкрыцця, камплектавання і функцыянавання класаў, груп і пунктаў карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, праводзяць псіхолага-медыка-педагагічнае абследаванне дзяцей, вызначаюць іх асабістыя адукацыйныя маршруты. Формы атрымання адукацыі выбіраюць бацькі. ЦКРНіР выступае ў ролі кансультанта.

З мэтай удасканалення і павышэння прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў арганізаваны метадычныя фарміраванні. Праводзяцца педчытанні і конкурсы эсэ, дзе яны дзеляцца назапашаным вопытам. Аказваецца практычная дапамога маладым спецыялістам. Творчая група настаўнікаў-дэфектолагаў распрацавала рэкамендацыі па вядзенні дакументацыі і планаванні работы з дзецьмі з рознымі маўленчымі парушэннямі. Напрацоўкі педагогаў Піншчыны ў сферы спецыяльнай адукацыі прэзентуюцца на раённых, абласных і рэспубліканскіх выставах-конкурсах і канферэнцыях.

У кожнага асаблівага дзіцяці ёсць перспектывы. Галоўнае – зразумець іх унутраны свет, чым яны жывуць, як думаюць і дапамагчы ім жыць у свеце звычайных людзей.

Інеса АМЯЛЯШЧЫК,

дырэктар Пінскага раённага ЦКРНіР.