Ведаць, шанаваць, памятаць
05.06.2020Педагогі арганізоўваюць для дзяцей тэматычныя заняткі “Няхай заўсёды будзе мір”, “Мінск, Масква – гарады-героі”, “Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне”, “На парадзе”, “Вечны агонь” і “Кветкі Вялікай Перамогі”, на якіх малышы не толькі даведваюцца пра падзеі мінулага, але і малююць, ствараюць аплікацыі.
У шэрагу ўстаноў праходзяць тэматычныя дні “Паклонімся вялікім тым гадам”. Выхаванцы з задавальненнем удзельнічаюць у музычных і фізкультурных забавах “Мы – нашчадкі Перамогі” і “Герой – за Радзіму гарой!”, сюжэтна-ролевых гульнях “Ваенны аэрадром”, “Мяжа” і “Маракі”, паказваюць сілу і спрыт у спартыўных эстафетах “Будучыя абаронцы”. Асаблівы эмацыянальны водгук у дашкольнікаў выклікаюць літаратурныя чытанні “Чытаем дзецям пра вайну”, дзе яны знаёмяцца з творамі пра найбольш яркія эпізоды вайны.
Не застаюцца ўбаку ад патрыятычных мерапрыемстваў і дзеці, якія часова не наведваюць установы. У рамках праекта “Вайна вачыма дзяцей” бацькі з дзецьмі развучваюць вершы і песні, ствараюць вырабы і калажы, малююць на ваенную тэматыку. Мамы і таты размяшчаюць фота і відэа ў чаце. Такім чынам, дзеці, аб’яднаныя агульнай ідэяй, знаёмяцца з творчасцю адно аднаго.
У дапамогу педагогам у метадычных кабінетах аформлены выставы ілюстраваных даведнікаў “Памятаем. Ганарымся. Шануем”, “Подзвіг народа ў скульптуры” і “Беларускія мастакі – пра вайну”.
Бацькі актыўна ўдзельнічаюць у сумесных выставах дзіцячых малюнкаў “Мы выказваем падзяку за Перамогу!” і “Перамога дзеда – мая Перамога!”.
Такія мерапрыемствы фарміруюць у дашкольнікаў пачуццё гонару за малую радзіму і краіну, выклікаюць цікавасць да гістарычнага мінулага.
Наталля КАВАЛЬСКАЯ,
метадыст Столінскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета.