Для павышэння эфектыўнасці прафілактычнай работы

16.06.2020
З 2007 года кожныя 4 гады на Брэстчыне ў рамках праекта “Моладзь супраць наркотыкаў”, які рэалізоўваецца пры падтрымцы WFAD (World Federation Against Drugs), праводзіцца сацыяльна-педагагічнае даследаванне па метадалогіі ESPAD (European School Survey Projecton Alcoholand Other Drugs). У ім задзейнічаны культурна-творчае грамадскае аб’яднанне “Калегіум” (Пінск), камісія па справах непаўналетніх і галоўнае ўпраўленне па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, сацыяльна-педагагічныя цэнтры вобласці. Апрацоўкай вынікаў апытання займаецца Інстытут сацыялогіі НАН Беларусі.

Мэта сацыяльна-педагагічнага даследавання – вывучэнне тэндэнцый ўжывання моладдзю тытунёвых і нікацінавых прадуктаў, алкаголю і наркотыкаў. Акрамя таго, яно дазваляе ацаніць узровень даступнасці псіхаактыўных рэчываў (ПАР) і разуменне падлеткамі небяспекі іх ужывання. Анкета ESPAD складаецца з тэматычных блокаў, якія характарызуюць таксама сацыяльнае асяроддзе, адносіны да інтэрнэту і распаўсюджанасць булінгу ў падлеткавым асяроддзі.

Вынікі мінулагодняга сацыяльна-педагагічнага даследавання сярод навучэнцаў Брэстчыны ва ўзросце 15 – 16 гадоў дазваляюць зрабіць выснову пра эфектыўнасць прафілактычнай работы розных дзяржаўных ведамстваў і грамадскіх аб’яднанняў, паказваюць праблемы, якія патрабуюць прафілактычнага ўмяшальніцтва ў сферы рызыкоўных паводзін падлеткаў.

Важнымі фактарамі ўплыву на іх паводзіны з’яўляюцца даступнасць псіхаактыўных рэчываў і дасведчанасць наконт наступстваў іх ужывання. Вынікі паказалі, што атрымаць тытунёвыя вырабы без праблем могуць 25% рэспандэнтаў. Большасць маладых людзей ацэньвае рызыку ад рэгулярнага ўжывання тытунёвай прадукцыі, як вельмі вялікую. З алкагольных напіткаў найбольш даступныя газіраваныя з утрыманнем алкаголю, піва і шампанскае (20% рэспандэнтаў). Значных адрозненняў паміж хлопчыкамі і дзяўчынкамі ў адказах на пытанне “Ці лёгка дастаць алкаголь?” няма. Трэба адзначыць, што нашы паказчыкі ніжэйшыя, чым у суседніх краінах, што сведчыць пра большую прававую адказнасць гандлёвых прадпрыемстваў.

Паводле даследавання, больш за 40% маладых людзей лічыць, што могуць нашкодзіць сабе, ужываючы ў дзень 1 – 2 порцыі алкаголю. Больш за 72% падлеткаў упэўнены, што калі кожны дзень выпіваць 4 – 5 порцыі алкаголю, то рызыка нашкодзіць сабе будзе вельмі вялікай. Дастаткова высокі ўзровень усведамлення рызыкі – вынік эфектыўнай прафілактычнай работы, у тым ліку ва ўстановах адукацыі.

Узровень даступнасці наркатычных рэчываў падлеткі ацэньваюць, як нізкі, але пры гэтым яны добра дыферэнцыруюць наркотыкі па відах. Лёгкую даступнасць для ўжывання інгалянтаў (клей, растваральнік) адзначылі больш за 11% рэспандэнтаў.

Веды пра негатыўныя наступствы ўжывання ПАР у падлеткаў Брэстчыны ў цэлым ёсць, і яны добра праінфармаваны пра рызыку для здароўя ад ужывання цыгарэт, алкаголю і наркотыкаў. Большасць лічыць іх вялікай шкодай, прычым дзяўчынкі ў гэтым пытанні займаюць больш радыкальную пазіцыю.

Даказана, што адным з базавых механізмаў сацыялізацыі чалавека з’яўляецца засваенне ім на неўсвядомленым узроўні сямейных норм, правіл і ўзораў паводзін. Сям’я падлетка – найважнейшы фактар яго сацыялізацыі і паводзінскіх практык.

Амаль 90% падлеткаў інфармуюць бацькоў, дзе і калі яны праводзяць вольны час. Пры гэтым бацькі часцей задаюць пытанне “Дзе ты?” (73%), чым “З кім ты?” (32%). Кожны трэці падлетак ведае правілы, усталяваныя для яго бацькамі. Дастаткова жорсткі і аўтарытарны падыход да выхавання дэманструюць больш за 10% мам і татаў. Стыль выхавання 16% бацькоў апытаных падлеткаў можна ахарактарызаваць, як патуральніцкі. Гэта адзін з фактараў, што правакуе ўжыванне падлеткамі ПАР і іншыя формы рызыкоўных паводзін.

90% маладых людзей паведамілі, што ў іх блізкая эмацыянальная сувязь з бацькамі. На пытанне, як падлеткі ацэньваюць дабрабыт сваіх сем’яў, задаволенасць выказалі 97%. 61% хлопчыкаў і дзяўчынак ацэньвае шанс узяць грошы ў доўг у бацькоў, як высокі, што выклікае заканамернае пытанне “Якія рэсурсы могуць выкарыстаць падлеткі для вяртання грашовых сродкаў бацькам?”.

Даследаванне паказала, што для маладых людзей стрымліваючым фактарам ужывання тытуню, алкаголю і наркотыкаў з’яўляецца забараняльная пазіцыя бацькоў: 86% забараняюць алкаголь, 81% - курэнне, 90% бацькоў катэгарычна адмоўна ставяцца да ўжывання любых відаў наркотыкаў. Разам з тым каля 11% падлеткаў не ведаюць, як адрэагуюць іх сем’і на ўжыванне імі ПАР.

Адзін з фактараў, што зніжае рызыкоўныя паводзіны падлеткаў, - узаемаадносіны паміж імі і педагогамі. Такія адносіны лічаць вельмі добрымі 81% рэспандэнтаў, а 2% цалкам не задаволены імі.

Яшчэ адзін базавы механізм сацыялізацыі моладзі – уменне будаваць камунікацыю ў сваёй узроставай групе, быць прынятым аднагодкамі, атрымліваць ад іх эмацыянальную падтрымку і адабрэнне. Маюць сяброў і задаволены адносінамі з імі 93% рэспандэнтаў. На пытанне пра сяброўскія адносіны адказы даволі пазітыўныя. Дапамогу ад сяброў атрымліваюць лёгка 74% рэспандэнтаў, амаль ніколі – 3%. Эмацыянальную падтрымку ад сяброў адчуваюць 82% падлеткаў, не адчуваюць – 2%. Менавіта на малыя працэнты варта звярнуць увагу сацыяльна-педагагічным службам.

Падлеткавы булінг – вельмі распаўсюджаная праблема ў падлеткавым асяроддзі. Па даных анкетавання, 85% апытаных сцвярджаюць, што не сустракаліся з праявамі булінгу. Але праблема розных форм гвалту (фізічнага і маральнага) сярод моладзі застаецца даволі актуальнай.

Даследаванне паказала, што праявы агрэсіўных паводзін у падлеткаў маюць некаторыя адрозненні ў залежнасці ад полу. Так, каля 8% хлопчыкаў былі ў групах, якія здзекаваліся з кагосьці (ад 1 да 5 разоў за апошні год), 7% прычынялі фізічныя пашкоджанні, больш за 15% – біліся. На крадзеж і псаванне маёмасці паказалі каля 2%. Колькасць дзяўчынак, што ўдзельнічалі ў групах, якія здзекаваліся з кагосьці, параўнальная з колькасцю хлопчыкаў, але б’юцца дзяўчынкі ў 2 разы радзей. Крадзяжы і псаванне маёмасці таксама ўласцівы дзяўчынкам у меншай ступені.

Як часта падлеткі становяцца ахвярамі булінгу? Пра тое, што над імі здзекаваліся, паведамілі 9% рэспандэнтаў, пачыналі з імі бойку – 9%. На тое, што ў іх нешта кралі і прычынялі шкоду, паказалі 5%.

Булінг – праблема латэнтная. Факты гвалту хаваюць нават самі ахвяры. Таму вельмі важна спецыялістам быць уважлівымі да адносін у падлеткавых калектывах, весці актыўную асветніцкую работу з бацькамі.

Самаацэнка ўдзельнікаў даследавання вельмі істотная для разумення гендарных аспектаў і выбудоўвання адпаведных стратэгій прафілактычнай работы ў падлеткавым асяроддзі. Са сцвярджэннем “у цэлым я задаволены сабой” пагадзіліся 46% хлопчыкаў і 54% дзяўчынак, а з фразай “часам я думаю, што ні на што не варты” – 17% хлопчыкаў і амаль 35% дзяўчынак. Сцвярджэнне “думаю, што ў мяне ёсць шэраг добрых якасцей” падтрымліваюць 57% хлопчыкаў і 63% дзяўчынак, а сцвярджэнне “мне асабліва няма чым ганарыцца” – 21% хлопчыкаў і 19% дзяўчынак. “Часам адчуваюць сябе цалкам бескарыснымі” 16% хлопчыкаў і 28% дзяўчынак. У пераходным узросце дзяўчынкі больш патрабавальныя да сябе і часцей хвалююцца, калі, па іх уяўленнях, не адпавядаюць сваім чаканням ці чаканням значных для іх людзей. Так, сум, як адмоўна афарбаваная эмоцыя, якая ўзнікае ў выпадку значнай незадаволенасці якімі-небудзь аспектамі існавання, уласціва падлеткаваму ўзросту. Але дзяўчынкі сумуюць амаль у 3 разы часцей за хлопчыкаў (15% супраць 6%).

Псіхасаматычны дыскамфорт часцей адчуваюць дзяўчынкі. На пытанне “Як часта вы за апошнія 7 дзён гублялі апетыт, не хацелі есці?” у 3 разы больш дзяўчынак адказалі “шмат разоў”. Адказы на пытанне “Вы калі-небудзь думалі пра тое, каб прычыніць сабе шкоду?” паказваюць, што дзяўчынкі больш уразлівая група, бо часцей перажываюць жаданне аўтаагрэсіі. “Хаця б адзін раз” адказалі пра аўтаагрэсію 24% дзяўчынак і 11% хлопчыкаў. Суіцыдальныя станы адносна рэдкія. На пытанне “Ці спрабавалі вы скончыць жыццё самагубствам?” адмоўны адказ часцей даюць хлопчыкі, чым дзяўчынкі (97% супраць 94%).

Цікавыя вынікі адносін падлеткаў да меж, якія вызначае грамадства. Пятая частка іх лічыць, што можна парушаць правілы, якія здаюцца ім непрымальнымі, а 40% пра гэта нават не задумваліся. Дастаткова вялікая частка маладых людзей (17%) адказала, што ў жыцці вельмі мала правіл, якіх трэба прытрымлівацца. З тым, што “цяжка ў нешта верыць” і “ўсё хутка змяняецца”, згодна трэцяя частка апытаных падлеткаў, прычым дзяўчынак сярод іх больш. Адпаведна, і няўпэўненасць у жыцці больш адчуваюць дзяўчынкі, чым хлопчыкі.

Гатоўнасць хлопчыкаў парушаць правілы і няўпэўненасць у сабе дзяўчынак можна лічыць дадатковымі фактарамі рызыкі, якія варта ўлічваць у прафілактычнай рабоце.

Часлава ДУДАРАВА,

старшыня праўлення КТГА “Калегiум” (Пінск).