Яркае лета па-ляхавіцку

09.08.2020
Выхавальнікі аздараўленчых лагераў Ляхавіччыны працуюць над тым, каб зрабіць летні адпачынак дзяцей актыўным, цікавым, разнапланавым і непаўторным. На гэта накіраваны мерапрыемствы, якія рэалізоўваюцца ў рамках рэспубліканскай акцыі “Лета на здароўе” і Года малой радзімы.

- З мэтай пашырэння ведаў дзяцей аб прыродзе і эканоміцы роднага краю, фарміравання вучэбна-даследчых навыкаў у летніках праводзяцца інтэлектуальная віктарына “За руку з гісторыяй горада”, завочнае падарожжа “Пазнай сваю Ляхавіччыну”, экскурсіі па культурна-гістарычных і памятных мясцінах рэгіёна, звязаных з жыццём і творчасцю знакамітых землякоў, - расказала метадыст Ляхавіцкага раённага ВМК Н.І.Васілеўская. – Школьнікі актыўна ўдзельнічаюць у акцыях “Дапамажы прыродзе справай” і “Абуладкуем Ляхавічы”, працоўных дэсантах “Чысты пляж” і “Смеццю – бой!”, валанцерскіх і цімараўскіх атрадах, чэленджы “Выклік вуліцы”. Па гэтых напрамках работы, напрыклад, пабудаваны праект лагера працы і адпачынку сярэдняй школы № 2 Ляхавіч “Рабі дабро для малой радзімы – правядзі лета з карысцю!”. Даволі вынікова працуюць валанцёрскія атрады “Данка” з сярэдняй школы № 2 Ляхавіч, “Чыстыя сэрцы” з сярэдняй школы № 1 Ляхавіч, “Пошук” з гімназіі Ляхавіч і “Добрае сэрца” з Дараўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы.

З мэтай арганізацыі інфармацыйна-асветніцкай работы па прапагандзе здаровага ладу жыцця створаны тэматычныя старонкі ў сацыяльных сетках “УКантакце”, “Твітар”, “Інстаграм” і “Фэйсбук”. Праводзяцца фізкультурна-аздараўленчыя і спартыўныя мерапрыемствы, эстафеты здароўя, сустрэчы з вядомымі спартсменамі Ляхавіччыны і супрацоўнікамі РАУС і РАНС, выставы-конкурсы малюнкаў “Мая будучыня – бяспека працы маіх бацькоў”, плакатаў “Чэлендж шкодным звычкам”, відэаролікаў “Стоп, тытунь!” і “Разам за бяспеку і правапарадак”, адкрытая кафедра “Моладзь супраць наркотыкаў” і інш. На павышэнне сацыяльнай актыўнасці падлеткаў накіраваны мерапрыемствы “Фестываль добрых спраў” і “Летні тыдзень дабра”, акцыі “Сцяжына добрых рук” і “Нам ідэй не займаць”.

Педагогі Ляхавіччыны паспяхова ўдзельнічаюць у розных этапах Рэспубліканскага агляду-конкурсу на лепшы аздараўленчы лагер “Зробім лета ярчэй” у намінацыі “Новыя мадэлі арганізацыі дзіцячага адпачынку”. Праекты культарганізатара Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Ляхавіч Аляксандра Валер’евіча Сцяцко і галоўнага спецыяліста райвыканкама Таццяны Міхайлаўны Шчукі апрабаваны на практыцы ў аздараўленчых лагерах з дзённым і кругласутачным знаходжаннем.

Праект “Экспедытары стыхій” дапамагае дзецям арыентавацца ў надзвычайных і небяспечных сітуацыях, замацаваць правілы паводзін у іх. Кожны атрад – гэта аб’яднанне прадстаўнікоў пэўнай стыхіі са сваёй структурай самакіравання і ўласнымі мэтамі. Атрады жывуць паводле традыцый выбраных стыхій (агонь, вада, паветра, зямля), даследуюць іх і дзеляцца сваім вопытам з іншымі. Кожная экспедыцыя на працягу змены пераадольвае шлях з 18 ступеней (дзён), кожная з якіх адкрывае сімвал, што дазваляе рухацца далей. Пераадолеўшы ўсе ступені, атрады становяцца экспедыцыямі-бакалаўрамі, а лепшы з іх становіцца экспедыцыяй-магістрам.  

Праект “Фартуна” фарміруе ў дзяцей асновы эканамічных ведаў. Ідэя праекта ў тым, што чалавек у сучасным свеце не можа вырабляць сам усё неабходнае. Патрэбна спецыялізацыя ў вытворчасці тавараў. Дзякуючы праекту, дзеці з улікам узроставых асаблівасцей атрымліваюць уяўленні пра такія паняцці, як эканоміка, грошы, тавар і кошт.   

Праект “Гульні прастолаў” накіраваны на прафілактыку камп’ютарнай залежнасці падлеткаў. Кожны атрад уяўляе сабой прастол на чале з камандуючым. Прастол выбірае сабе гульнявую расу з ліку эльфаў, гномаў, драконаў, тытанаў, воінаў, чараўнікоў і інш. Кожная раса праходзіць на працягу змены ўзроўні. Адзін узровень адпавядае двум артэфактам, атрыманым за выкананне розных заданняў. Кожны прастол зарабляе ўмоўную валюту – іфрыты, якія фіксуюцца ў зводнай табліцы. За іфрыты можна купіць розныя пабудовы для альянса прастола. Штодзень на агульным зборы кіраўнікоў прастолаў атрады атрымліваюць заданні. Чым больш актыўны прастол на працягу змены, тым вышэй узровень яго персанажа. Завяршае гульню выніковае выпрабаванне. Пераможцы атрымліваюць галоўныя артэфакты “Сцяг альянса” і “Посах альянса”.

“LEGO-праект” фарміруе ў малодшых школьнікаў тэхнічае мысленне. У аснове праекта – развіццё навыкаў прыродазнаўчанавуковай дзейнасці, праграмавання і інжынернага праектавання. Дзеці займаюцца ў лабараторыі тэхнічных рашэнняў, дзе выконваюць розныя праекты. З дапамогай WeDo 2.0 вучні праводзяць даследаванні, дзеляцца адкрыццямі, канструююць і праграмуюць.

Праект “Ляхавічок-city – горад мары” вылучаецца варыятыўным выкарыстаннем тэматычных квест-тэхналогій у пазнавальнай дзейнасці школьнікаў. Кожны атрад – гэта раён-city са сваім планам, жыхарамі і актывам. Падчас конкурсаў і масавых спраў атрады зарабляюць будаўнічы матэрыял “цаглінкі-ляхавічкі”. У кожным атрадзе ёсць архітэктар, праекціроўшчык, дызайнеры і афарміцелі, інспектары спартыўна-масавых спраў і механікі-будаўнікі.

Праект “NLO, ці Незвычайная лабараторыя адкрыццяў” стварае ўмовы для асобаснага росту выхаванцаў, фарміравання вопыту маральных паводзін і развіцця творчых здольнасцей праз гульнявую дзейнасць у рознаўзроставым калектыве. Змена праходзіць у форме сюжэтна-ролевай гульні. Усе члены лагера – лабаранты. Кожны атрад – лабараторыя (“Пазнавайка”, “Адкрывайка”, “Выпрабавальнікі”, “Эксперыментатары”) са сваім планам і сваёй структурай самакіравання. За актыўны ўдзел у жыцці лагера яго ўдзельнікі атрымліваюць біты ведаў. 8 бітаў абменьваюцца на байт ведаў, а 2 байты – на склад ці слова, з якіх напрыканцы змены трэба скласці залатое правіла маральнасці: “Адносся да іншых так, як хочаш, каб адносіліся да цябе!”.

- Выніковасць выхаваўчай работы ў аздараўленчых лагерах звязана з педагагічнымі інавацыямі ў змесце, формах і тэхналогіях выхавання. Вельмі важна знаходзіць формы і напрамкі, якія ўлічваюць інтарэсы моладзі і сучасныя модныя тэндэнцыі, не забываючы пры гэтым пра традыцыйныя формы і віды дзейнасці, - адзначыла Н.І.Васілеўская.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.