Павышаная ўвага – тэхнічнай творчасці вучняў

27.08.2018
Развіццё тэхнічнай і інавацыйнай творчасці вучняў – адна з прыярытэтных задач дадатковай адукацыі, якая ўлічвае сучасныя тэндэнцыі сацыяльна-эканамічнага руху краіны. Для вырашэння гэтай задачы на Піншчыне ствараюць адукацыйнае асяроддзе, якое будзе эфектыўна выяўляць, развіваць і стымуляваць творчую актыўнасць адораных дзяцей і дзяцей з павышанай гатоўнасцю да навучання.

- Да 2016 года ў нашым раёне дзейнічала мала аб’яднанняў па інтарэсах тэхнічнага профілю, ды і тыя былі вузкаспецыялізаванымі: інфарматыка і інфармацыйныя тэхналогіі, камп’ютарная графіка і іншыя, - расказвае настаўнік інфарматыкі і фізікі Міхаіл Міхайлавіч Кашэўскі са Ставоцкай сярэдняй школы Пінскага раёна. – Тэхнічныя напрамкі, якія ўяўлялі сабой сінтэз навукі, тэхнікі і спорту, амаль адсутнічалі, бо з’яўляліся рэсурсаёмістымі: патрабавалі значных фінансавых сродкаў, дарагога абсталявання і інструментаў, спецыялізаваных памяшканняў. Выйсцем з гэтай сітуацыі стала стварэнне на базе школы раённага рэсурснага цэнтра па мадэляванні, праграмаванні і робататэхніцы. Асноўная задача цэнтра заключаецца ў выяўленні, суправаджэнні і падтрымцы дзяцей, адораных у тэхнічнай сферы. Акрамя таго, цэнтр аказвае метадычную дапамогу педагогам, якія курыруюць тэхнічную творчасць і мадэляванне ў раёне. Так, на базе школ Піншчыны праводзяцца пасяджэнні педагогаў дадатковай адукацыі і настаўнікаў фізікі, інфарматыкі і тэхнічнай працы, дзе абмяркоўваюцца праблемы развіцця тэхнічнай творчасці вучняў, змест, формы і метады работы ў гэтым напрамку.

Асаблівая ўвага ўдзяляецца прафарыентацыі дзяцей шляхам правядзення эксперыментальных даследаванняў у аб’яднанні па інтарэсах “Займальная фізіка”: “Тэхніка стварэння лічбавага відэа як магчымасць асобаснага самавызначэння і самарэалізацыі вучняў”, “Сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі ў адукацыі: магчымасці ўдзелу ў форумах, відэаканферэнцыях, вэбінарах і іх арганізацыя” і інш. З 2016 года ў школе дзейнічае гурток “Робататэхніка”.

З мэтай прапаганды і папулярызацыі дасягненняў устаноў адукацыі ў галіне тэхнічнай творчасці, стэндавага мадэлізму, вынаходніцтва і рацыяналізатарства быў арганізаваны раённы конкурс тэхнічнай творчасці школьнікаў “Тэхнічны батл”. Яго ўдзельнікі з’яўляюцца прызёрамі і пераможцамі абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу інавацыйнай і тэхнічнай творчасці вучняў і педагогаў і абласнога адкрытага турніру па робататэхніцы “РобаФэст”.

- У развіцці аб’яднанняў па інтарэсах тэхнічнага профілю па-ранейшаму існуюць пэўныя праблемы: слабая матэрыяльная база для іх адкрыцця, недахоп кваліфікаваных педагогаў, неадпаведнасць педнагрузкі аб’ёму работ і затратам часу. Галоўнае – не спыняцца на дасягнутым. Аптымальных вынікаў у вырашэнні задач па развіцці тэхнічнай творчасці вучняў можна дасягнуць толькі пры арганізацыі бесперапыннага творчага працэсу ва ўзаемасувязі класных і пазакласных заняткаў. Без гэтага нельга зацікавіць дзяцей, актывізаваць іх пазнавальную дзейнасць. У планах – пашырэнне сеткі прадметна-тэхнічных гурткоў у раёне, абнаўленне і ўдасканаленне праграмна-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу, далучэнне бацькоў да тэхнічнай творчасці дзяцей, правядзенне тэматычных выстаў і тыдняў тэхнічнай творчасці вучняў і педагогаў Піншчыны, - гаворыць М.М.Кашэўскі.

Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.