Клуб майстроў
28.08.2018Адной з самых аптымальных форм прафесійнага навучання, на думку В.І.Палхоўскай, з’яўляецца майстар-клас, які дазваляе ўдасканаліць як тэарэтычную, так і практычную падрыхтоўку педагогаў. Работа ў групе прадугледжвае супастаўленне, ацэнку і карэкцыю ўласных прафесійных якасцей іншымі людзьмі.
- Майстар-клас – інтэрактыўная форма навучання і абмену вопытам у фармаце трэнінгу і канферэнцыі, - адзначае Вольга Іванаўна. – Гэта сучасная форма правядзення навучальнага семінара-трэнінгу для адпрацоўкі практычных навыкаў па розных методыках і тэхналогіях з мэтай павышэння прафесійнага ўзроўню ўдзельнікаў і абмену эфектыўным вопытам, пашырэння кругагляду і далучэння да новых галін ведаў. Падчас майстар-класаў актыўныя выхавальнікі ацэньваюць уласныя педагагічныя падыходы і шукаюць спосабы абнаўлення сваёй дзейнасці для далейшага ўкаранення ў ёй новых прыёмаў і форм работы. А выхавальнікі, якія пасіўна адносяцца да ўласнага прафесійнага развіцця, але выконваюць пэўны алгарытм дзеянняў, мімаволі будуць уключаны ў актыўную пазнавальную дзейнасць.
Для раскрыцця інтэлектуальнага патэнцыялу педагогаў і стварэння вартых адукацыйных прадуктаў вопытныя намеснікі загадчыкаў па асноўнай дзейнасці распрацавалі на пасяджэннях раённых вучэбна-метадычных аб’яднанняў палажэнне пра майстар-клас, памятку для педагогаў-майстроў з разгорнутым апісаннем усіх дзеянняў і анкету для ўдзельнікаў майстар-класа, неабходную для фіксацыі іх меркаванняў, пажаданняў і заўваг, аналізу, абагульнення і адсочвання дынамікі развіцця прафесійнага майстэрства.
Ужо адбыліся два пасяджэнні клуба – у форме семінара-практыкуму і майстар-класаў. Выхавальнікі Піншчыны актыўна дэманстравалі свае напрацоўкі, якія вылучаліся творчым пошукам, навізной і арыгінальнасцю. Майстар-класы дазволілі паказаць высокае майстэрства і прафесіяналізм педагогаў.
За невялікі час існавання клуб ужо даказаў мэтазгоднасць сваёй работы. Так, большасць яго ўдзельнікаў павысіла кваліфікацыйную катэгорыю, шэраг цікавых напрацовак падрыхтаваны да друку ў прафесійным часопісе педагогаў-дашкольнікаў “Пралеска”.
- Майстар-клас – гэта не проста дэманстрацыя ведаў і ўменняў, перадача вопыту, адточанага на працягу доўгага часу, а найперш адна з актыўных практыка-арыентаваных форм навучання і супрацоўніцтва, накіраваная на развіццё метадычнай кампетэнтнасці педагогаў, - падагульняе В.І.Палхоўская.
Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.