Выхоўваюць экалагічную культуру змалку

03.09.2018
З улікам інтэнсіўнага развіцця сусветнай прамысловасці і асваення прыродных рэсурсаў праблемы энергазберажэння і захавання клімату набываюць усё большую актуальнасць. Вырашыць іх без выхавання экалагічнай культуры ў моладзі немагчыма. Сучасная школа павінна не толькі даваць дзецям пэўныя веды па экалогіі і энергазберажэнні, але і развіваць у іх цікавасць да навучання і творчасці ў гэтай сферы. На дапамогу могуць прыйсці электронныя сродкі навучання, здольныя разнастаіць і эмацыянальна ўзмацніць урокі, факультатыўныя заняткі і пазакласныя мерапрыемствы. Для больш эфектыўнай рэалізацыі праектаў па энергазберажэнні, павышэння матывацыі вучняў і падрыхтоўкі педагогаў да заняткаў экалагічнага напрамку ў сярэдняй школе № 9 Пінска быў распрацаваны электронны дадатак “Энергаэкспрэс”.

- Дадатак, адрасаваны вучням, іх бацькам і педагогам, распрацаваны ў адпаведнасці з нацыянальнай вучэбнай праграмай для факультатыўных заняткаў “Я, энергія і навакольнае асяроддзе”, - расказвае настаўніца пачатковых класаў В.М.Гідрэвіч з сярэдняй школы № 9 Пінска. – Матэрыял дадатку шматфункцыянальны і можа быць тыражаваны. Ён дазваляе вырашаць розныя адукацыйныя задачы: актуалізаваць і паглыбляць веды вучняў, паўтараць і замацоўваць пройдзены матэрыял, правяраць ступень яго засваення. Усе матэрыялы дадатку падзелены на 6 раздзелаў, якія ўключаюць гутаркі і зборнік займальных заданняў па экалогіі і энергазберажэнні (гульні, рэбусы, крыптаграмы, дыктоўкі, казкі, вершы, віктарыны), прэзентацыі да факультатыўных заняткаў “Я, энергія і навакольнае асяроддзе” для 2 – 4 класаў, тэсты, экалагічную расфарбоўку з заданнямі “Захаваем клімат – зберажом Зямлю” і экаслоўнік.

Электронны дадатак пашырае ўяўленні вучняў пра глабальныя праблемы энергетыкі і навакольнага асяроддзя, знаёміць дзяцей з правіламі экалагічных паводзін, развівае і замацоўвае навыкі энергазберажэння. Акрамя таго, “Энергаэкспрэс” як адзін з відаў дыдактычнага матэрыялу дазваляе істотна дапоўніць заданні падручнікаў і рабочых сшыткаў, разнастаіць формы навучання, павысіць творчую актыўнасць школьнікаў, правесці ўрокі, факультатыўныя заняткі і пазакласныя мерапрыемствы больш цікава.

- Практыка паказала, што пасля прымянення дадатку ў дзяцей павысілася цікавасць да ўрокаў, палепшыліся веды, уменні і навыкі ў сферы экалогіі і энергазберажэння, павысілася адказнасць да выкарыстання энергарэсурсаў, - гаворыць В.М.Гідрэвіч. – Праект-дадатак “Энергаэкспрэс” быў адзначаны дыпломам І ступені ў абласным этапе Рэспубліканскага конкурсу “Энергамарафон” і атрымаў спецыяльны прыз журы і грашовы сертыфікат у яго заключным этапе.

Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.